Юлія Кульба і дзве карціны трыпціха

Гродзенская мастачка Юлія Кульба пад уздзеяннем падзей, якія адбываюцца ў Беларусі, пачала ствараць трыпціх. Дзве карціны ўжо завершаны, а вось трэцяя пакуль не склалася нават у галаве.

«Хатні гвалт»

Менавіта так называецца першы малюнак трыпціха. Гэта погляд мастачкі на многія гады жыцця беларусаў і на тое, што абвастрылася ў першай палове 2020-га. Гэта стан народа, які падманулі, абмежавалі яго правы і заткнулі рот, кажа Юлія.

– На маёй карціне дзяўчына – яна ўвасабляе Беларусь, якую мы доўгія гады назіралі. Ёй заткнулі рот, яна згвалтаваная, у падаўленым стане, са слязьмі на вачах. Але позірк яе кажа пра тое, што яна не зламана, – хвалюючыся, распавядае мастачка і дадае, што карціна працята яе асабістым болем і болем многіх людзей. Яна згадвае, што плакала амаль кожны раз, калі садзілася за мальберт.

Неўзабаве пасля публікацыі малюнка ў сацсетках яго пачалі выкарыстоўваць падчас акцый пратэсту, ставіць на аватаркі ў сацсетках. Юлія распавядае, што ёй напісала вялікая колькасць людзей з розных краін:

– Прасілі дазволу выкарыстаць малюнак для друку на майках, на плакатах, на акцыях у падтрымку беларусаў, некаторыя хацелі б яго купіць.

«Вецер перамен»

Гэта другая частка трыпціха, і яна дыктавалася самім жыццём, якое кіпіць на плошчах і вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак: мастачка назірала, як беларусы становяцца адзіным народам – годным і вольным.

І на карціне: вецер перамен зрывае павязку з твару дзяўчыны, Беларусь ужо не ў роспачы, а смела і ўпэўнена глядзіць наперад. Аўтарка малюнка кажа, што менавіта такой яна ўбачыла нашу мірную рэвалюцыю.

Юлія распавядае, што не брала ніякіх прататыпаў з жыцця, а стварыла зборны вобраз. Яе вельмі ўзрушылі гэтыя падзеі, і яна як мастак не магла на іх не адгукнуцца. І першым штуршком стала тое, што яшчэ перад выбарамі пачалі кідаць у турмы ні ў чым не вінаватых людзей.

– А што нас чакае наперадзе? – задаецца пытаннем мастачка. – Гэта залежыць ад кожнага з нас. Як, дарэчы, і тое, якой будзе апошняя частка майго трыпціха…

Пакуль дзве карціны знаходзяцца ў мастачкі, яна выстаўляла іх для прагляду толькі ў інтэрнэт, але думае, што настане той час, калі закончаны трыпціх з’явіцца ў якой-небудзь галерэі.

Юлія Кульба скончыла Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

Публікацыя — з № 80 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: