Протесты в Беларуси 16 августа 2020 года
Протесты в Беларуси 16 августа 2020 года

Прызнаюся: з нядаўняга часу я перастаў глядзець беларускае тэлебачанне – канчаткова пераканаўся ў яго праўладнай заангажаванасці і хлуслівасці. Калі выпадае свабодны вечар, заходжу ў інтэрнэт і праглядваю навіны на самых розных сайтах. Днямі наткнуўся на выказванне Зянона Пазьняка. Людзі старэйшага ўзросту ведаюць, хто гэта такі, а для чытачоў маладога пакалення патлумачу: ён – адзін з самых актыўных стваральнікаў Беларускага народнага фронту, кіраўнік адпаведнай дэпутацкай фракцыі ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання. З-за рэпрэсій А.Лукашэнкі вымушаны быў эмігрыраваць за мяжу.

Але, дзе б ні знаходзіўся Зянон Станіслававіч, ён дбае пра лёс Беларусі. Вось і ў гэтыя дні ён уважліва адсочвае ўсе падзеі, якія адбываюцца на Бацькаўшчыне. І не толькі адсочвае, але і дае парады. Не з усімі з іх, як мне здаецца, можна пагаджацца, але многія з’яўляюцца сапраўды слушнымі. Яго, напрыклад, хвалюе перспектыва “карнавальных нядзельных шэсцяў” у Мінску. Ён засяроджвае ўвагу ўдзельнікаў мірных пратэстных акцый на тым, што ўлады разам са спецслужбамі могуць засылаць у калоны дэманстрантаў правакатараў, каб потым знаходзіць нагоду для раскручвання рэпрэсій.

Спадар Пазьняк узгадвае 1990-я гады, калі пад сцягамі Беларускага народнага фронту на вуліцы выходзілі дзясяткі тысяч чалавек. Каб пазбегнуць дзеянняў з боку правакатараў, былі створаны дружыны абароны. Кіраваў імі былы кадравы ваенны – палкоўнік Генадзь Банкевіч. Ведаючы пра тое, што пад яго началам знаходзяцца некалькі соцень здаровых, натрэніраваных дзецюкоў, правакатары і блізка не маглі падысці да ўдзельнікаў масавых акцый. Ніхто не мог справакаваць беспарадкі, каб потым ускласці адказнасць на арганізатараў мітынгу ці дэманстрацыі.

Лічу, што, пакуль не позна, трэба прыслухацца да прапановы Пазьняка: мірныя пратэстныя шэсці і ў Мінску, і ў іншых гарадах павінны праходзіць пад аховай спецыяльна створаных дружын. Сёння, калі вялікая колькасць людзей паўстала супраць дыктатуры, можна лёгка адшукаць людзей, якія па сваіх маральных і фізічных якасцях падыходзяць для ўключэння ў атрады аховы. Калі б не сталы ўзрост, я сам узяўся б за стварэнне такіх дружын.

А ад тых, хто ініцыяваў бессаромныя фальсіфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, а затым зладзіў брутальную расправу над мірнымі пратэстантамі, можна чакаць усялякіх правакацый. Будзем пільнымі, шаноўныя браты-беларусы!

Канстанцін ЗАГОРСКІ, прыхільнік дэмакратычных перамен.

Публікацыя — з № 80 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: