Таццяна Максімава
Таццяна Максімава ў судзе. Фота аўтара.

Суддзя Навабеліцкага раёна Гомеля Дар’я Аскерка 6 кастрычніка аштрафавала валанцёрку, маці пяцёх дзяцей Таццяну Максімаву на 540 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным маршы пратэсту супраць несумленных выбараў.

Насамрэч шматдзетная маці ў маршы 20 верасня не ўдзельнічала, а разам з іншымі валанцёрамі аказвала дапамогу гамяльчанам: насіла пітную ваду, заспакаяльныя сродкі, каму было патрэбна, перавязвала пашкоджаную нагу ўдзельніцы маніфестацыі.

Суддзя запыталася ў абвінавачанай маці-гераіні, з якой мэтай яна апынулася ў цэнтры горада, дзе адбываўся марш.

– Я бачыла ў інтэрнэце відэа, як амапаўцы здзекуюцца з людзей, хапаюць іх за рукі, за ногі, цягнуць, валакуць, пырскаюць з газавых балончыкаў. Я проста нераўнадушны чалавек. І паколькі з медустаноў ніхто не дзяжурыў, то мы і дапамагалі, – сказала Таццяна.

– Вы грамадска-палітычным жыццём у грамадстве цікавіцеся – бачылі, што адбываюцца несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы? У сувязі з чым? – пыталася суддзя.

– Калі вы пра выбары, то я не галасавала за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Я разумела, што адбываецца штосьці не тое, але што шэсці не санкцыянаваныя, я гэтага не ведала.

– Ці з’яўляецца гэта ваша форма падтрымкі людзей удзелам у масавым мерапрыемстве? – дапытвалася суддзя.

Шматдзетная маці паціскала плячыма: не ведала, што адказаць. Яна дапамагала людзям, якіх амапаўцы  б’юць, паліваюць слёзатачывым газам.

– Кажу вам, што я неабыякавы чалавек, я перажываю за сваю краіну і за тое, што ў ёй адбываецца, – адказала Таццяна.

Суддзя стала цікавіцца, ці ведае шматдзетная маці заканадаўства, ці падкавана яна юрыдычна, у тым ліку ў сэнсе ведання закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Так і запыталася: ці падкавана?

Таццяна адказала, што яна не надта дасвечаная ў заканадаўстве, дазволеныя ці недазволеныя шэсці, яна не высвятляла. Ведае, што паводле Канстытуцыі людзі маюць права на мірныя мітынгі і шэсці. Такімі яны і былі ў Гомелі: ніхто грамадскі парадак не парушаў, не брыдкасловіў, не кідаўся на іншых, гарадскую маёмасць не псаваў.

Таццяна Максімава не мае адмысловай медыцынскай адукацыі, у яе іншыя спецыяльнасці – швачка-вышывальшчыца, маляр-тынкоўшчык, камерцыйны агент. На пытанне суда сказала, што навучалася на медыцынскіх курсах, каб аказваць першую дапамогу, калі чалавеку блага. І нават згадала, што акурат 20 верасня дапамагала бінтаваць нагу жанчыне, якую моцна штурхнуў дзяцюк-амапавец: “Ідзі хутчэй!” Жанчыне незадоўга да маршу знялі гіпс пасля пералому, і тут праз грубую сілу ёй ізноў тую ж нагу пашкодзілі.

– Мы на прыступках дзіцячай стаматалагічнай паліклінікі шчыльна перабінтавалі ёй нагу, насунулі пакет замест абутку і давялі да машыны, – расказала Таццяна.

Суддзя Аскерка стала высвятляць, ці апасалася яна сама, выконваючы валанцёрскую працу паблізу маршаў, – усё ж такі пяцёра дзяцей…

– Цяпер, напэўна, усе баяцца. І я баюся, і больш за ўсё – за сваіх дзяцей, за іх будучыню. Хачу, каб яны жылі ў нармальнай, заможнай краіне. І не так, як зараз: каб адчыніць якія-небудзь дзверы, трэба біцца ў дзясятак іншых, – зазначыла шматдзетная маці.

Адвакатка Максімавай Вольга Кабякова падала суду даведкі з жыллёва-будаўнічага кааператыва, што ніхто з суседзяў не мае да яе даверніцы прэтэнзій, што Таццяна жыве з мужам і пяцярымі дзецьмі, копіі пасведчання шматдзетнай сям’і і пасведчання аб дзяржаўнай узнагародзе – Ордэне Маці.

Не выходзячы ў дарадчы пакой, суддзя Аскерка пакарала маці-гераіню 540-рублёвым штрафам.

Таццяну Максімаву і яшчэ чатырох валанцёраў амапаўцы затрымалі 20 верасня падманным шляхам на прыпынку грамадскага транспарту на вуліцы Рагачоўскай. Трэба, маўляў, праехаць у Савецкі райаддзел міліцыі паглядзець на відэа: ці не яны пашкодзілі лакафарбавую паверхню аўтамашыны? Ну і павезлі. У райаддзеле валанцёраў паўтары гадзіны трымалі ў актавай зале, а потым прыйшлі міліцыянты і сказалі: “Для вас ёсць дзве навіны: добрая і кепская. Добрая: не вы пашкодзілі лакафарбавую паверхню аўтамашыны. Кепская: вы затрыманы за ўдзел у несанкцыянаваным маршы”.

Таццяну трымалі ў міліцыі каля пяці гадзін, накрэмзалі адміністрацыйны пратакол па ч.1 арт.23.34 КаАП і да суда адпусцілі.

– У мяне склалася ўражанне, што ўсе гэтыя хапуны дэманстрантаў на вуліцых і суды над імі і мною таксама – гэта нейкі жахлівы цырк, каб толькі людзей запалохаць, прынізіць. Для чаго было сёння мяне дапытваць, нешта ўдакладняць, калі рашэнне прынята загадзя? – сказала “Народнай Волі” пасля суда шматдзетная маці.

Яна дадала, што ў краіне надзвычай патрэбны перамены, каб ініцыятыва і свабода заахвочваліся, а не душыліся, каб дапамога чалавеку ў любой сітуацыі ацэньвалася як дабро, а не злачынства.

– Разумееце, – разважае Таццяна, – мая сям’я жыве не толькі таму, што муж працуе і дзяржава крыху падтрымлівае грашыма. Мая і мужава мамы нам вельмі дапамагаюць. Вось нарадзіліся ў мяне два гады таму двое дзетак. Атрымала мацярынскі капітал – 10 тысяч долараў. Хацелі скарыстаць частку грошай, каб перабудаваць бацькоўскі дом, – сям’я ж вялікая. Не, нельга – трохпакаёвай кватэры хопіць. На лячэнне старэйшых дзяцей – таксама нельга, бо гэта толькі для меншых. І так амаль на кожным кроку.

Накладзены судом больш як паўтысячны штраф маці-гераіня збіраецца аспрэчыць у абласным судзе, хоць вялікіх спадзеваў на адмену пакарання не мае.

Публікацыя — з № 80 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: