Вяртанне на малую радзіму Андрэя і Ларысы Гуляшовых
Андрэй і Ларыса Гуляшовы. Фота аўтара

Вяртанне на малую радзіму Андрэя і Ларысы Гуляшовых.

І мы не аборай хлеб краім!

Леанід Левановіч, пісьменнік

Сустрэцца з імі мне пашчасціла зусім выпадкова. І, прызнаюся, не расчараваўся, што пазнаёміўся з працавітымі і шчырымі людзьмі, якія жывуць у вёсцы Кароўчына, што ў Дрыбінскім раёне.

– Гуляшовы? Вунь на той крайняй вуліцы іх дом, – паказаў першы стрэчны вясковец, які каціў па тратуарнай дарожцы на ровары.

Выйшаўшы з хаты (відаць, убачыла з акна), сустрэла нас гаспадыня – маладжавая сімпатычная жанчына. Тут жа, на падворку, разгульвала немалая індычыная чарада, а з будкі адгукнуўся брэхам пільны вартаўнік сядзібы.

– А гаспадара няма – ён недзе пасвіць кароў.

Гаспадар і гаспадыня *
Андрэй і Ларыса Гуляшовы. Фота аўтара

Едзем за вёску разам з Варварай, дачкой Гуляшовых. Расказвае, што маці з чатырох годзікаў вучыла яе даіць кароў. А вунь яны пасвяцца паводдаль. Мінулая зіма была бясснежная, і жывёлы добра адчувалі сябе на прыволлі.

Ад Андрэя, які прыглядвае за каровамі, даведваюся, што падсобная гаспадарка ў яго немалая: карова, бычок, двое коней, жарабя, пяць козачак з казляняткамі і аж сорак авечак. А яшчэ ж ёсць трусы, індыкі, качкі, куры. І пчальнік. Так што сям’я круглы год са сваімі прадуктамі: і з малаком, і з мясам, і з сырам, а яшчэ і з мёдам! І з хлебам таксама.

Нарэшце мы на сядзібе. Непадалёку ўзвышаецца ладная куча наколатых дроў.

– Абыходжуся без бензапілы, – заўважае Гуляшоў-старэйшы, – ёсць ручная.

Ён ветліва запрасіў у хату, бо на вуліцы холадна і ветрана. Дзелавіта, з веданнем справы павёў нетаропкую гаворку.

Даведваюся, што сям’я некалі жыла ў горадзе. Андрэй працаваў вадзіцелем у Горацкім райаграпрамтэхзабеспячэнні. А будучая жонка тады яшчэ вучылася ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце. Яны абодва з Кароўчына, вучыліся ў адной школе, калісьці разам ігралі ў ансамблі.

Калі ажаніліся, сталі здымаць кватэру. А потым, у 1999 годзе, вярнуліся з горада ў вёску, на сваю малую радзіму. З таго часу і жывуць тут. На першых парах месціліся ў бабульчыным доме, а затым, калі абзавяліся капейчынай, і жыллё сабе купілі. Вось гэтую старэнькую хаціну, якая лічы што на водшыбе вёскі стаіць. У самым канцы вуліцы.

Спачатку ў калгасе працавалі. Андрэй быў і даглядчыкам жывёлы, і памочнікам камбайнера, і самім камбайнерам. І састарэлых аднавяскоўцаў разам з жонкай даглядалі.

Але ў рэшце рэшт вырашылі пайсці, як кажуць, на свой хлеб. Гадоў шаснаццаць таму пачалі абзаводзіцца ўласнай гаспадаркай. Карова, конь з’явіліся на іхнім падворку. З часам сфарміраваўся дойны статак. Пачалі здаваць малако дзяржаве. За месяц больш за тону прадавалі.

Нялёгка старэйшым Гуляшовым спраўляцца з гаспадаркай. Дапамагаюць дачка Варвара і сын Раман. Крыўдна, што ўлады ствараюць нямала праблем.

– Напрыклад, неабходна сена з луга прывезці, зламалася аглобля. Каб замяніць яе новай, дык спачатку едзь у лясніцтва, выпісвай нейкую жэрдку. А надвор’е не чакае, можа і дождж пайсці, сапсаваць кармы, – у сэрцах кажа Ларыса Аляксандраўна.

– Падаткаў шмат. Але справа не столькі ў падатках, колькі ў стаўленні да нас, вяскоўцаў, з боку мясцовых улад, – падтрымлівае гаворку Андрэй. – Мяса рэалізоўваць дазваляюць толькі праз дзяржаўную бойню, што для нас, можна сказаць, нязручна і нявыгадна. Вунь з рэстарана папрасілі бараніну, трусяціну. І па кошце абодва бакі згадзіліся. Але папярэдзілі: возьмем толькі праз бойню. А што, мы самі не можам усё зрабіць як трэба?

– Цяпер вунь абавязваюць, каб у жывёлы былі чыпы. Без іх ні на які мясакамбінат не возьмуць мной выгадаваную скаціну. І калі камерсанты не забяруць, то куды тады нам яе дзяваць? – бядуе гаспадар.

Але жыць жа неяк трэба. Вось і выкручваюцца як могуць. Нават хлеб самі выпякаюць. Смачны!

Прачулі неяк пра Гуляшовых у Мінску. Прыехалі тэлежурналісты, зрабілі перадачу. На ўсю краіну паказалі. Які гонар для сям’і! Але ж яго Гуляшовы заслужылі. Тым жа гасцям са сталіцы Андрэй паказаў, як правільна кляпаць і мянташыць касу, каб трава роўнымі пакосамі клалася за касьбітам. А касіць – не языком ляпаць. У летнюю спякоту пот градам коціцца з твару! А тут яшчэ надакучлівыя камары спакою не даюць…

Вось чаму трэба з павагай ставіцца да Гуляшовых, якія вярнуліся на малую радзіму, каб сваёй працай упрыгожваць родную зямлю, а жыццё рабіць больш радасным.

Публікацыя — з № 80 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: