Иллюстративное фото
Иллюстративное фото . https://chayka.lv

Сённяшні боль Беларусі адгукаецца ў сэрцах многіх людзей ва ўсім свеце. Вось і Наталля Хершэ, якая нарадзілася ў Маладзечне, але ўжо больш за дзесяць гадоў жыве ў Швейцарыі, вырашыла прыехаць на Радзіму, каб падтрымаць землякоў у адстойванні іх правоў, чалавечай годнасці.

З публікацыі “Не магла застацца ўбаку” (“Народная Воля” за 2 кастрычніка) я даведалася, што спадарыня Наталля брала ўдзел у жаночым маршы ў Мінску 19 верасня. Такім чынам яна вырашыла выказаць салідарнасць з усімі беларусамі, якія пратэстуюць супраць беззаконня ўлад – яны не толькі сфальсіфікавалі вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, але і ўчынілі страшэнны гвалт над людзьмі падчас мірных вулічных акцый. Наталля абуралася, калі яе хапалі амапаўцы: “Якое права вы маеце нас затрымліваць? Што мы парушылі?” Але ніякіх слоў істоты ў балаклавах і слухаць не хацелі, яны нахабна запіхнулі ў аўтазак Наталлю, і 22 верасня суд Савецкага раёна г.Мінска пакараў яе 15 суткамі арышту паводле артыкула 23.34 аб масавых мерапрыемствах.

Я ўпэўнена: мужная спадарыня Хершэ вытрымае такі здзек з боку беларускіх улад. Але што яна раскажа швейцарцам, калі вернецца дахаты? Ці будзе гэта спрыяць прэстыжу нашай краіны на міжнародным узроўні? Вядома ж, не. А значыць, вакол нас ствараецца вакуум, Беларусь становіцца ізгоем. Усе, хто раней імкнуўся ўстанаўліваць шчыльныя стасункі з ёю, цяпер моцна задумаюцца, а ці трэба мець нейкія кантакты з краінай, дзе душаць людзей за іх дэмакратычныя погляды, дзе фальсіфікуюць вынікі выбараў, дзе дыктатура не хоча перадаваць уладу ў рукі народа.

Праз газету “Народная Воля” перадаю Наталлі словы падтрымкі, хачу пажадаць ёй і надалей выказваць салідарнасць з землякамі. Моцнага здароўя і мужнасці табе, дарагая!

Публікацыя — з № 80 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: