«Цырк» токара Крахмалава
Валерый Крахмалаў. Фота аўтара

Токара шостага разраду Валерыя Крахмалава дырэкцыя ААТ “Гомсельмаш” звольніла ў жніўні калі не з радасцю, то з вялікім задавальненнем. Валерый не трыбун, не рэвалюцыянер і нават не апазіцыянер у класічным разуменні гэтага слова. Ён звычайны рабочы, але з прынцыпамі, пачуццём уласнай годнасці і ўяўленнем аб справядлівасці.

Ягоны нядаўні начальнік цэха Сяргей Галактыёнаў заяўляў у судзе, што Крахмалаў – добры спецыяліст, а вось дысцыпліна ў яго “кульгае”. Ён асабліва не расшыфроўваў, у чым было тое “кульганне”, сказаў толькі, што ў чэрвені Крахмалаў “зладзіў цырк” на прахадной, а ў жніўні страйкаваў на працоўным месцы.

Пад загадам аб звальненні падпісаўся намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях Аляксандр Канапацкі. Кадры і праўда вырашаюць усё.

«У мяне забастоўка»

17 жніўня Валерый Крахмалаў прыйшоў на працу і сеў каля свайго станка. У журнале зменнага задання, якое давёў яму старшы майстар цэха Гаўрыленка, “бунтаўшчык” Крахмалаў уласнаручна напісаў: “У мяне забастоўка”. 18 жніўня зноў за сваё: “У мяне забастоўка”.

Цэхавае начальства да токара: маўляў, ты што – з дуба зваліўся? Якая забастоўка?!

Аднак і 19 жніўня Валерый працягваў сядзець на працы. Цярпенне ў начальства лопнула. Дырэкцыя “Гомсельмаша”, заручыўшыся падтрымкай афіцыйнага прафсаюза, звольніла Крахмалава з завода на падставе п.6 артыкула 42 Працоўнага кодэкса – невыкананне без уважлівых прычын працоўных абавязкаў работнікам, які мае непагашанае дысцыплінарнае спагнанне. Токар падаў у суд на дырэкцыю.

– Я не стаў бы гарадзіць агарод, калі б звальненне не абгрунтоўвалася як сістэматычнае невыкананне працоўных абавязкаў. Непагашаная вымова ў мяне была не за працу, а за канфлікт на прахадной, – кажа Крахмалаў.

Канфлікт на прахадной

У чэрвені, калі тэмпература сягала за 30 градусаў, а каранавіруснымі хворымі былі забіты нават няпрофільныя шпіталі Гомеля, Крахмалаў пасля змены ішоў на прахадную – тую, што выходзіць на вуліцу генерала Яфрэмава.

На прахадной кантралёрка Дзіяна Лазоўская запатрабавала ў Крахмалава сумку на праверку. Валіза ў Валерыя сантыметраў 40х30х20, у ёй ён носіць тэрмас з кавай альбо гарбатай, бутэрброды для перакусу, медыцынскія маскі, каб засцерагчыся ад CОVID-19, ды чыстую насоўку.

Токар паказаў сваю сумку, правераную да гэтага металадэтэктарам, “маланку” расшпіліў. Лазоўская памкнулася залезці ў сумку рукамі. На іх хоць і былі пальчаткі, але правярала кантралёрка ўжо многіх, і рукі перад даглядам чарговай сумкі антысептычным растворам не апрацавала. Токар спыніў кантралёрку: “А даведка аб адсутнасці каранавіруса ў цябе ёсць?”

Не стаў Валерый і выкладваць свае рэчы на стол, бо не бачыў, каб яго праціралі, пасля таго як прайшоў паток сяльмашаўцаў. Тут усё і закруцілася. Кантралёрка выклікала старшага інспектара змены, каб зрабіць паглыблены дагляд токара Крахмалава. А той, абурыўшыся на няўвагу да каранавіруснай перасцярогі, стаў здымаць на мабільны тэлефон, як працуе кантралёрка: пры кантактным даглядзе сумак пальчаткі не мяняе, антысептычным растворам іх не апрацоўвае, дыстанцыю не захоўвае.

Здымаючы відэа, токар трапіў у новую пастку – любыя фота- і відэаздымкі без спецыяльнага дазволу на тэрыторыі “Гомсельмаша” забаронены правіламі ўнутранага распарадку. А прахадная – таксама заводская тэрыторыя. Супраць Крахмалава склалі акт на затрыманне і парушэнне тых самых правілаў. І паглыблены дагляд сумкі токара правялі, не знайшоўшы там нічога сяльмашаўскага – ні балтоў, ні гаек, ні ключоў.

Інцыдэнт на прахадной меў для токара Крахмалава наступствы: начальнік цэха Галактыёнаў пакараў яго вымовай і пазбавіў прэміяльных.

Валерый звярнуўся ў камісію па працоўных спрэчках “Гомсельмаша”. Там параіліся і вырашылі, што двайное пакаранне – гэта зашмат: адмену прэміяльных скасавалі, а вымову – пакінулі. Праўда, цэхавае начальства праз нейкія паўтара месяца ўзяло рэванш: прапанавала дырэкцыі не працягваць кантракт з непакорлівым токарам. Бо мала таго, што ён на прахадной відэа здымае, дык і на суботнік можа махнуць рукою.

У судзе, які адбыўся напрыканцы верасня, токар Крахмалаў і яго прадстаўнік, прававы інспектар Незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка, тлумачылі “цырк” на прахадной як вымушаную меру дзеля абароны здароўя. Без відэа токару не было б веры, што тут грэбуюць рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя наконт каранавіруснай інфекцыі.

“Я вымушаны быў зняць усё гэта на відэа, каб даказаць, што правілы засцярогі ад каранавіруса на прахадной парушаюцца”, – расказваў, у прыватнасці, сам звольнены токар.

Прадстаўнік дырэкцыі “Гомсельмаша” ў судзе Іван Пархоменка ў сваю чаргу заявіў, што рэкамендацыі медыцынскага ведамства адносна каранавіруса не мелі характару “імператыўнага патрабавання”. Апроч таго, токар пасля дагляду “не захварэў на CАVID”, “рэчы свае не выкінуў”. Дый відэа ён здымаў ужо пасля дагляду – “відэаздымка не накіравана на забеспячэнне свайго здароўя”. Пархоменка наогул перакананы: гэта быў “здзек з боку токара”, бо забяспечыць кантралёраў пальчаткамі на кожную праверку практычна немагчыма – праз прахадную ідуць блізу дзвюх тысяч рабочых. “Гэта ўсё адно, што патрабаваць ад касіра ў краме мяняць пальчаткі пасля кожнага пакупніка”, – параўноўваў Пархоменка.

Суддзя Чыгуначнага раёна Гомеля Юліяна Файзуліна, якая разглядала іск токара Крахмалава да сяльмашаўскай дырэкцыі, высвятляла таксама, чаму ён вырашыў страйкаваць?

– Я падтрымаў агульнарэспубліканскую забастоўку, – адказаў токар.

– А хіба была забастоўка?

– Я прачытаў у СМІ, што былі забастоўкі ў розных гарадах.

– Ці вылучаліся працоўныя патрабаванні?

– Мае патрабаванні – палітычныя.

Выслухаўшы бакі, сведак, пракурора, прааналізаваўшы дакументы па справе, суд не знайшоў падставы для задавальнення іску токара Крахмалава і аднаўлення яго на працы.

«Паўплываць на кіраўніцтва інакш не мог»

Калі сустрэць 47-гадовага Валерыя Крахмалава выпадкова і не ведаць, чым ён займаецца, то адразу не скажаш, што ён звычайны рабочы. Інжынер, навуковец, урэшце святар – усё яго аблічча ўказвае на прыналежнасць да высокага інтэлектуальнага або духоўнага занятку. І погляд – уважлівы, заглыблены, нібы мікрометр, якім часцяком правяраецца яго прадукцыя, вырабленая на такарным станку. Такому “чаркі і скваркі” не тое што мала, гэта наогул не яго вымярэнне.

Пасля прафесійнага вучылішча, дзе Валерый засвойваў прафесію станочніка, яму давялося працаваць на вагонарамонтным заводзе, прадпрыемстве станочных вузлоў. Апошнія паўтара дзясятка гадоў працоўнай біяграфіі Крахмалава былі звязаны з ААТ “Гомсельмаш” – спачатку на ЗЛІНе, потым восем гадоў – у цэху тэхнічнага абслугоўвання і рамонту станкоў на галаўным прадпрыемстве.

Пацікавіўся ў токара: што падахвоціла яго да дэманстратыўнай “сядзячай” забастоўкі?

– Я абурыўся несумленнымі выбарамі, афіцыйным падлікам іх вынікаў, здзекам з мірных дэманстрантаў. Сам я быў незалежным назіральнікам на ўчастку ў 17-й школе імя нейкага героя-ревалюцыянера Венесуэлы Францыска дэ Міранды, адкуль мяне выдалілі. Паўплываць на кіраўніцтва Беларусі я ніяк інакш не мог, таму і далучыўся да забастоўкі рабочых Мінска і Салігорска. Толькі праз забастаўку кіраўніцтва можа зразумець, што народ не задаволены сітуацыяй, сваім становішчам. У нас жа пасля 1994 года не было сумленных выбараў, – зазначыў Крахмалаў.

Ён не здзіўляецца, што забастоўку, па сутнасці, ніхто на заводзе не падтрымаў. Былі спробы сабрацца на траспартнай прахадной, аднак начальства перастрэла рабочых і вярнула на працоўныя месцы.

– “Гомсельмаш” – прадпрыемства праблемнае, шмат маладых спецыялістаў масавых прафесій звольнілася. Паехалі ў Польшчу, Чэхію, Расію. Засталіся пераважна тыя, каму да пенсіі сем, пяць, а то і менш гадоў. Яны баяцца выходзіць пратэставаць, баяцца апынуцца за прахадной завода і пенсіі не атрымаць.

Сам Крахмалаў не перажывае з нагоды звальнення. Няма асабліва аб чым гараваць. Атрымліваў на “Гомсельмашы” крыху больш за 700 рублёў.

– Хіба гэта грошы для сям’і, няхай сабе і з трох чалавек, як у мяне? Большая частка ідзе на харчаванне, астатняе – на камунальныя плацяжы. Год трэба эканоміць, адкладваць, каб штосьці істотнае прыдбаць, і гэта калі кошты не падвысяцца, – разважае звольнены токар.

На днях Валерый Крахмалаў падзяліўся навіной: працуе ўжо па сваёй спецыяльнасці, і заробак атрымлівае большы.

Поделиться: