Круглова з Ціханоўскай
Круглова з Ціханоўскай. Аўтар фота – Дар’я Радзевіч

Святлана Ціханоўская з трохдзённым візітам наведала Берлін, дзе напярэдадні сустрэчы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель сустракалася з беларускай дыяспарай і ўвечары каля Брандэнбургскіх варот спявала “Купалінку” разам з мясцовымі беларусамі. Адна з найбольш заўважных актывістак беларускага руху ў Берліне, якая і выконвала вядучую вакальную партыю ў гэтых супольных спевах, – знакамітая спявачка, лідар групы Kriwi Вераніка КРУГЛОВА.

Пра ўражанні нашай рок-князёўны ад сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і пра тое, як беларуская дыяспара ў Берліне змагаецца за вольную Беларусь, мы і пагаварылі з ёй.

– Што найбольш мяне ўразіла, дык гэта тое, якая Святлана Ціханоўская спакойная, простая і моцная. Калі ў нейкіх пытаннях яна была недастаткова кампетэнтна, то шчыра казала: не ведаю, не магу адказаць. Мне гэта вельмі спадабалася, яна не хацела нас падманваць і выдаваць сябе за кагосьці іншага. Калі яе спыталі, з кім бы яна хацела сустрэцца не як палітык, Святлана адказала, што з мужам Сяргеем Ціханоўскім. І яна ўвесь час дзякавала: беларусам, якія выходзяць па пратэсты і ў Мінску, і ў іншых гарадах, пенсіянерам – што ў панядзелак выходзілі, нам, берлінцам, – што мы тут кожны дзень ладзім розныя акцыі. Мы ж ёй спачатку пра сябе расказалі, як мы ўрэшце знайшлі адзін аднаго. Да ўсіх гэтых падзей я ведала ў Берліне толькі некалькіх беларусаў, а цяпер у нас вялізная суполка, на нашы акцыі збіраецца па некалькі соцень чалавек.

– Святлана – твой кандыдат, ты ў Берліне галасавала за яе?

– Несумненна! Я змагла прагаласаваць у пасольстве. А калі пазнаёмілася з ёй, то захапілася яшчэ больш. У Ціханоўскай адчуваецца сіла, адчуваецца ўпэўненасць. Я ёй веру. І хоць сама яна не ўзвышае сябе і кажа, што ў яе “пераходная” роля, я хачу, каб новым прэзідэнтам Беларусі стала жанчына, і менавіта гэтая жанчына. Мы сваёй суполкай крычалі ёй: “Света – наш прэзідэнт!”

– Пра што ішла гаворка на сустрэчы?

– Атмасфера была па-хатняму ўтульная, без мітынговасці. Мы задавалі ёй самыя звычайныя пытанні. Гэтую сустрэчу наша навастворанае аб’яднанне беларусаў Берліна RAZAM праводзіла ў галерэі мастацтваў, дзе раней ужо была выстава плакатаў у падтрымку Беларусі. Памяшканне не такое вялікае, ды і каранцін… Нас было каля трыццаці чалавек. Мы спыталіся ў Святланы, ці цяжка ёй несці гэтую ношу. Яна адказала: я такі ж звычайны чалавек, як і вы, але назад дарогі няма. Расказвала, што ў яе надзвычай інтэнсіўны графік, і яна, канешне, стамляецца, але ж трэба ісці далей. Перад сустрэчай з намі, напрыклад, паспала толькі тры гадзіны. Але ўсё роўна Святлана цудоўна выглядала, цудоўна гаварыла.

Наша вядучая Сафія пачынала весці сустрэчу на беларускай мове, і Святлана таксама адказвала па-беларуску. Але потым выбачылася, што ёй пакуль трохі складана выказаць усе свае пачуцці па-беларуску. Але яна працуе над гэтым пытаннем: у яе камандзе ёсць завядзёнка хаця б гадзіну на дзень старацца размаўляць па-беларуску. Мы, як пачулі гэта, таксама вырашылі: і нам трэба так зрабіць!

– Увечары Святлана Ціханоўская пабывала і на беларускай акцыі ля Брандэнбургскіх варот, і ты разам з ёй заспявала “Купалінку”. Як гэта атрымалася?

– А я падышла да яе на нашай дзённай сустрэчы, прадставілася, сказала, што артыстка з Беларусі – група Kriwi, “Народны альбом”. І папрасіла, каб яна разам з намі ўвечары заспявала. Святлана трохі сумелася, сказала, што не ўмее спяваць, але пагадзілася. І супольная “Купалінка” ўсё ж прагучала.

– А як ты трапіла ў гэты беларускі берлінскі рух, з чаго ўсё пачалося?

– Яшчэ да выбараў да мяне звярнулася адна дзяўчына, каб я паставіла подпіс за вылучэнне незалежнага назіральніка. Так я даведалася, што невялікая групка беларусаў ладзіць акцыі ў падтрымку палітзняволеных – на той час у турме ўжо былі і Сяргей Ціханоўскі, і Віктар Бабарыка. І я далучылася да вулічных акцый. А пасля выбараў, калі адбыліся гэтыя жахлівыя падзеі, мы пачалі выходзіць кожны дзень – менавіта кожны дзень. І нас стала вельмі многа. Прычым прыязджаюць з іншых гарадоў Германіі, далучаюцца і мясцовыя жыхары, і расіяне, і іншыя. У нас дзве пастаянныя пляцоўкі: на Патсдамер-плац, гэта такая турыстычная зона, і ля Брандэнбургскіх варот. Мы проста падаём заяўку ў паліцыю, што акцыя будзе, і паліцэйскія нас яшчэ і ахоўваюць. Выходзім са сцягамі, з плакатамі, з песнямі. Ля беларускага пасольства штодня стаіць адзіночны пікет – два нашы хлопцы, Тарас і Міша, па чарзе, а мы прыходзім іх падтрымаць. Увогуле трымаем руку на пульсе і адгукаемся на кожную падзею – робім тэматычныя акцыі.

– Што за людзі згуртаваліся ў Берліне вакол беларускай ідэі, які розгалас у Германіі маюць вашы акцыі?

– Людзі самыя розныя, канешне, але сярод актывістаў і каардынатараў у асноўным моладзь – вельмі крэатыўная, таленавітая, адукаваная. Яны ведаюць па тры-чатыры мовы, хтосьці яшчэ вучыцца, хтосьці па нейкіх іншых прычынах жыве ў Берліне. Ёсць і такія, хто ўмудраецца ездзіць і ў Мінск на маршы, і ў Берліне выходзіць. Я тут сустрэла і Андрэя Румянцава, які раней іграў у мінскай групе “Плато”. Ён усёй сям’ёй удзельнічае – яго дачка разам са мной спявае, жонка-немка перакладае на нашых акцыях. Гэта ўсё надзвычай прыгожыя людзі, гэта будучыня Беларусі.

І рэзананс ад нашых акцый і пікетаў вялікі. Калі побач праязджаюць аўтамабілі, то падтрымліваюць нас сігналамі, людзі падыходзяць пагаварыць. Нашы сцягі ўжо ўсе пазнаюць, нас пастаянна паказваюць па тэлебачанні ў выпусках навін, здымаюць пра нас рэпартажы. Вось зараз з Парыжа едзе здымаць фільм знакаміты тэлеканал ARTE. Тут, у Берліне, увогуле многія падтрымліваюць Беларусь – самі немцы праводзяць мноства акцый. Напрыклад, кожны аўторак у Zionskirche адбываецца малебен за Беларусь, і я там раз-пораз за алтаром спяваю “Магутны Божа”, іншыя творы. На гэтым тыдні спявала і ў Deuthes Theater на вечарыне, прысвечанай Беларусі, – з чыста нямецкай публікай. Праграма называлася “Glauben! Konnen! Siegen!”, што па-нашаму – “Верым! Можам! Пераможам!”. У Берліне усе ўжо ведаюць наш лозунг. Сваёй беларускай суполкай мы пашыраем прастору акцый – ужо ездзілі ў Патсдам, хутка паедзем ў Ростак, і г.д. Мы не спыняемся, і з кожным днём нас становіцца ўсё болей.

Публікацыя — з № 80 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: