Анастасія САРОКІНА: «Гэта першы выпадак у свеце, калі краіна сама адмовілася ад такога мерапрыемства!»
Анастасія Сарокіна

Старшыня Беларускай федэрацыі шахмат, віцэ-прэзідэнт ФІДЭ распавяла “Народнай Волі” пра тое, як краіна адмовілася ад правядзення Сусветнай шахматнай алімпіяды, пра страчаныя магчымасці і сваю грамадзянскую пазіцыю.

Нагадаем, што два гады таму Беларусь атрымала права на правядзенне Шахматнай алімпіяды 2022 года. Але на гэтым тыдні стала вядома: краіна парушыла фінансавыя абавязацельствы, а таму пазбаўлена права правядзення сусветнага шахматнага форуму. Гэта звязана з тым, што Міністэрства спорту Беларусі не зрабіла неабходных авансавых плацяжоў і не аплаціла страхоўку.

– Вы не ўяўляеце, наколькі складана было атрымаць права на правядзенне ў Мінску такога сусветна значнага мерапрыемства! – кажа Анастасія САРОКІНА. – Над заяўкай наша каманда працавала на працягу двух гадоў, шмат было патрачана сіл.

На той момант Беларусь ведалі як краіну, якая заўсёды трымае сваё слова і на ўзроўні праводзіць міжнародныя спаборніцтвы любога кшталту. Мы паспяхова правялі тры дзіцячыя чэмпіянаты свету, таму ў нас паверылі і даверылі Сусветную шахматную алімпіяду 2022 года.

І, паверце, гэта стала для нас самым сапраўдным святам, у Беларусі пачаўся шахматны бум. Шахматамі цікавяцца і дарослыя, і дзеці, адкрываюцца прыватныя школы. А алімпіяда не толькі была б карыснай для іміджу краіны, але і дала б дадатковы штуршок для развіцця шахмат у краіне. Але, як бачым, атрымалася тое, што атрымалася.

– Якія абавязацельствы брала на сябе дзяржава пры правядзенні Сусветнай шахматнай алімпіяды?

– Пры падачы заяўкі павінны абавязкова быць дзяржаўныя абавязацельствы, бо без гэтага заяўка нават не разглядалася б. Затым, калі нейкая краіна перамагае, на працягу трох месяцаў падпісваецца кантракт, у якім прапісана ўсё тое, што павінны зрабіць бакі.

Беларусь узяла на сябе абавязацельствы правесці алімпіяду і два Кубкі свету (сярод жанчын – у гэтым годзе і сярод мужчын – у наступным), і, зыходзячы з гэтага, павінна была несці пэўную фінансавую нагрузку. З беларускага боку ўрадавым гарантам выступала Міністэрства спорту і турызму.

– У які момант стала зразумела, што правядзенне ў Мінску гэтага мерапрыемства пад пагрозай?

– Дастаткова доўга ішлі перамовы з Міжнароднай федэрацыяй шахмат, але прыйшла і паламала планы пандэмія каранавіруса. У выніку ў чэрвені гэтага года беларускі ўрад прыняў рашэнне не выконваць свае фінансавыя абавязацельствы ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай і эканамічнай сітуацыяй.

У Мінск прылятаў прэзідэнт ФІДЭ Аркадзь Дварковіч, абмяркоўваліся нават варыянты правядзення турніраў не ў поўным фармаце, але, на жаль…

Дарэчы, перамовы з ФІДЭ працягваюцца да гэтага часу, бо кантракт жа пакуль цалкам не скасаваны. У снежні пройдзе Генеральная асамблея ФІДЭ, падчас якой і будзе прынята канчатковае рашэнне, што будзе з алімпіядай 2022 года.

А я, як віцэ-прэзідэнт ФІДЭ, стараюся зрабіць усё, каб Беларусь панесла мінімальныя грашовыя і іміджавыя страты.

– Наша краіна павінна запалаціць штраф?

– Так, гэта прадугледжана кантрактам. Можа быць нават сума з шасцю нулямі.

Безумоўна, вельмі шкада, што ўсё так атрымалася, бо ажыццявіць такі грандыёзны праект – гэта мара майго жыцця. Я сама з шахматнай сям’і, таму хочацца, каб нават з гэтай сітуацыі краіна выйшла з найменшымі стратамі. Каб Беларусь заплаціла як мага меншы штраф, каб не пацярпелі беларускія спартсмены, бо і яны могуць трапіць пад санкцыі за невыкананне ўрадам сваіх абавязацельстваў. Няма гарантый, што федэрацыю на час не выключаць з рэйтынг-ліста ФІДЭ. У гэтым выпадку нашы спартсмены не змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах пад беларускім сцягам да выканання ўсіх фінансавых абавязацельстваў. Хаця гэта ўжо будзе найгоршы варыянт. Спадзяюся, што да гэтага не дойдзе.

Не бачу вялікай агрэсіі з боку ФІДЭ да беларускага боку, але асобныя сябры арганізацыі настроены рашуча, бо гэта такі першы выпадак у свеце, калі краіна сама адмовілася ад правядзення Сусветнай шахматнай алімпіяды.

– Некаторыя меркавалі, што Беларусь магла згубіць гэтую алімпіяду па палітычных матывах. Маўляў, Анастасія Сарокіна падпісала ліст, у якім спартыўная грамадскасць выступіла супраць гвалту і беззаконня ў краіне, а таму ўрад і адмовіўся фінансаваць мерапрыемства…

– Гэта ніякім чынам не звязана, бо, як я ўжо казала, урад адмовіўся фінансаваць шахматны форум яшчэ ў чэрвені. І гэта найперш звязана з пандэміяй і складаным эканамічным становішчам у краіне. Мы ж бачым, што каранавірус парушыў многія спартыўныя планы, нават Гульні ў Токіа адмянілі.

Спартсмены ва ўсіх відах спорту пацярпелі, хаця ў гэтым плане шахматысты знаходзяцца ў больш выгадным становішчы, бо турніры можна праводзіць і дыстанцыйна.

– Дарэчы, з вамі спартыўныя чыноўнікі не праводзілі прафілактычныя гутаркі на прадмет таго, каб адклікалі подпіс пад лістом, які падпісалі каля 650 прадстаўнікоў спартыўнай грамадскасці?

– Я ж не толькі кіраўнік Беларускай федэрацыі шахмат, але і віцэ-прэзідэнт ФІДЭ. У мяне вельмі шмат паездак па ўсім свеце нават у час пандэміі, таму не так часта бываю ў Мінску.

Але, на мой погляд, кожны чалавек мае сваю грамадзянскую пазіцыю і права яе выказваць. Напрыклад, у нашай федэрацыі ёсць людзі з рознымі поглядамі, і што з гэтага?

Да слова, раней я не хавала, што падтрымліваю накірунак развіцця нашай краіны і дзеючую ўладу, бо бачыла, колькі тут зроблена для спорту і спартсменаў. Ніколі не была блізкая да палітыкі, мне гэта ніколі не было цікава. Але карэнны пералом у маёй свядомасці адбыўся, калі ўбачыла, што ў краіне адбывалася ў першыя дні пасля выбараў. Гвалт над людзьмі для мяне непрымальны.

– Сёння за ўдзел у маршы адбывае пакаранне за кратамі баскетбалістка Алена Леўчанка, якую ведаюць ва ўсім свеце. Гэта нармальная сітуацыя?

– Я не ведаю, хто можа лічыць гэта нармальнай сітуацыяй, хаця, відаць, ёсць і такі. Абсалютна ненармальна, калі людзей арыштоўваюць за тое, што яны выходзяць на мірныя акцыі. І тое, што спартсмены выказваюць свае погляды, на мой погляд, заслугоўвае павагі.

Але не асуджаю і тых, хто маўчыць альбо займае нейтральную пазіцыю, бо ў кожнага свая гісторыя, і мы не заўсёды ведаем, што гэта за гісторыя.

– Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле Вадзім Крывашэеў быў звольнены за слабую ідэалагічную працу. У Федэрацыі шахмат такая праца праводзіцца?

– Федэрацыя шахмат займаецца шахматамі, а не ідэалагічнай падрыхтоўкай. Мы – грамадскае аб’яднанне, якое збірае людзей па інтарэсах. І інтарэс гэты ўсім вядомы – шахматы. Таму мы не праводзім апытанні, у каго якія захапленні альбо палітычныя погляды.

Хаця, безумоўна, у краіне павінна быць і свабода слова, і свабода выбару. Гэта прынцыповая пазіцыя не віцэ-прэзідэнта ФІДЭ і кіраўніка Беларускай федэрацыі шахмат, а грамадзяніна Беларусі.

– Шахматысты – людзі з аналітычным мысленнем, якія пралічваюць сітуацыю на некалькі хадоў наперад. Можаце прадказаць, што чакае нашу краіну ў бліжэйшы час?

– Я – не палітык, а ў палітыцы некалькі іншыя гульні, чым у шахматах. Але, безумоўна, хацелася б, каб усе мы былі жывыя і здаровыя і ў краіне зноў была б згода. Веру, што ўсё ў нас будзе добра!

Публікацыя — з № 80 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: