Аляксандр Алмаеў. Фота:
Аляксандр Алмаеў. Фота: "Гомельская вясна"

45-гадовы жыхар Рэчыцы Аляксандр Алмаеў, арыштаваны за марш пратэсту супраць несумленных выбараў і гвалту сілавікоў, успароў сабе на руцэ вены.

“Гэта быў мой асабісты пратэст у адказ на здзекі і катаванні, якія чынілі мне ў ізалятары, наколькі я разумею, праз указанні начальніка”, – распавёў Аляксандр.

У ізалятары мужчына адбываў арышт двойчы – агулам 18 сутак. За абвяшчэнне галадоўкі і патрабаванне памыцца яго кідалі ў карцэр. Ад нечалавечых умоў у мужчыны ціск падскочыў так, што выклікалі хуткую дапамогу.

5 кастрычніка Алмаеў выйшаў з ізалятара пасля 10 сутак з перабінтаванай левай рукой. Кажа, што страціў каля паўтара літра крыві.

Аляксандр у час другой “адсідкі” галадаў. Яму не далі пасцельнай бялізны – ён напісаў заяву начальніку, але нічога не змянілася. Наадварот, у камеру пасадзілі бадзяжнага мужчыну, цела якога было пакрыта высыпкай і нават ранкамі ад укусаў блох і клапоў. Аляксандр падаў чарговую заяву начальніку ізалятара, каб яго перавялі ў іншую камеру. Ніякай увагі.

1 кастрычніка Алмаеў наважыўся на адчайны ўчынак: разбіў лупу, пры дапамозе якой чытаў кнігі, і аскепкам тоўстага шкла ўспароў сабе на руцэ вены.

Акрываўленага арыштанта завезлі ў бальніцу, дзе хірургі зацыравалі вены, і вярнулі назад у ізалятар. Больш за тое, ізноў “падсялілі” ў камеру таго ж самага бадзягу.

Аляксандр напісаў заяву начальніку міліцыі, назваўшы “таварыша маёра” (начальніка ізалятара Лабанава) самымі “пяшчотнымі” словамі, якія толькі прыгадаліся.

Перад вызваленнем Аляксандра чакаў “сюрпрыз”. На выяздным пасяджэнні суда яго аштрафавалі на 810 рублёў за абразу маёра міліцыі Лабанава.

Алмаеў звярнуўся да гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі па юрыдычную дапамогу, каб аспрэчыць пакаранне, а таксама падаць заявы ў пракуратуру і Следчы камітэт пра здзекі і катаванне ў рэчыцкім ізалятары часовага ўтрымання.

Поделиться: