Зоя БЕЛАХВОСЦІК: «Засталося адабраць у мяне званне народнай артысткі»
Зоя Белахвосцік. Фота з асабістага архіва

Нацыянальны драматычны тэатр імя Янкі Купалы закрыты, спектаклі іграць няма каму. 100-гадовы юбілей, да якога некалькі гадоў рыхтаваўся і амаль падрыхтаваўся ўвесь тэатральны калектыў, пахаваны бязглуздым рашэннем Міністэрства культуры. Але звальненнем з тэатра рэпрэсіі для некаторых купалаўцаў не закончыліся. Днямі стала вядома, што зорку Купалаўскага Зою БЕЛАХВОСЦІК звольнілі і з Беларускай акадэміі мастацтваў, дзе яна выхоўвала будучых акцёраў. Сёння народная артыстка – госцяй “Народнай Волі”. 

– Зоя Валянцінаўна, ёсць такі вядомы выраз: “Страціў не я Афіны, хутчэй – Афіны мяне”. Я спачуваю Акадэміі мастацтваў, якая пазбавілася такога тытулаванага педагога. Скажыце, вы чакалі, што рэпрэсіі супраць вас працягнуцца?

– Амаль на 100 адсоткаў я была ўпэўнена, што працягнуцца. І ўсё ж мне здавалася, што Акадэмія мастацтваў – інстытуцыя, дзе маюць уяўленне пра гуманізм. Бо ў дадзенай сітуацыі не столькі пра мяне трэба было думаць, колькі пра студэнтаў, пра іх далейшы лёс. Бо я вяла чацвёрты, выпускны, курс. Набраў яго Мікалай Кірычэнка, які праз год памёр. Я падхапіла студэнтаў на другім курсе. У тым жа навучальным годзе ў Беларусі здарыліся Еўрапейскія гульні, з-за якіх мы скончылі вучыцца на два месяцы раней. На трэцім курсе з-за каранавіруса ў нас зноў мінус два з паловай месяцы вучобы. І вось сёння такое… Няшчасныя студэнты, якім не даюць нармальна давучыцца.

– Ну і ў вас адбіраюць магчымасць зарабіць на кавалак хлеба.

– Пра грошы, якія я атрымлівала ў акадэміі, нават не варта гаварыць. Гэта проста насмешка над майстрамі, над прафесіяналамі.

– Раскажыце, як у нас звальняюць з працы народных артыстаў.

– У аддзеле кадраў, куды мы кожны год падаём неабходныя паперы, начальнік, не падняўшы галавы, працадзіў скрозь зубы: “Толькі пасля дазволу рэктара, вам паведамяць”. Праз пару дзён мне пазваніў загадчык кафедры акцёрскага майстэрства, мой калега і сябра Вячаслаў Паўлюць і так уздыхнуў у слухаўку, што я адразу сказала: “Слава, не прадаўжай, я ўсё зразумела”. Я ўдзячна яму – на маё месца ён знайшоў выдатнага педагога – Аляксандра Гарцуева.

– Дык гэта ж ваш муж.

– Так, муж, але і цудоўны рэжысёр, і педагог. Мы сваіх не кідаем. Таму хачу сказаць шчыра і адкрыта: я буду ажыццяўляць партызанскае мастацкае кіраўніцтва над сваім курсам.

– Вернемся да вашага звальнення з Купалаўскага тэатра. І адтуль жа не кожны дзень народныя артысткі сыходзяць. Вас не спрабавалі ўтрымаць, неяк угаварыць?

– Не. Прызнацца, мне і не хацелася ніякіх угавораў. Думаю, калі б былы чыноўнік і новапрызначаны дырэктар тэатра Валерый Грамада захацеў, мы паразмаўлялі б. Але пра што? У нашай краіне ўсё вырашае адзін чалавек. Міністры і ўсе астатнія чыноўнікі – ніхто і нішто, яны проста выканаўцы. І той чалавек ужо выказаўся пра купалаўцаў: маўляў, хай едуць на гастролі хоць куды, хоць у Еўропу, хоць у ЗША, і калі ім там долар заплацяць, хай яны паміж сабой падзеляць… Гэта такая непавага, такое хамства!..

– Два гады таму з рук гэтага чалавека, Аляксандра Лукашэнкі, вы атрымалі званне народнай артысткі. Магчыма, ён лічыць, што ўсе раздадзеныя ім званні, прэміі і ордэны абавязваюць узнагароджаных да нейкай пажыццёвай удзячнасці?

– Магчыма. Але я так не лічу, бо тыя ўзнагароды не з яго ўласнай кішэні. Ёсць дзяржава, а ёсць улада, гэта розныя рэчы. Паслухаць яго, дык усе таленты ім асабіста народжаны, ускормлены і аблашчаны. Усё тут – яго. Як у вядомай казцы “Кот у ботах”: “Чые гэта палі і лясы?” – “Маркіза, маркіза, маркіза Карабаса”. Відаць, і нас хтосьці лічыў прыгоннымі акцёрамі. Але мы не прыгонныя! Некаторыя мае калегі паадмаўляліся ад дзяржаўных стыпендый, грамат… А я не буду! Я хацела б, каб званне ў мяне – адабралі. Гэта было б вельмі паказальна. “Белахвосцік! А ну аддавай нам званне назад! Ты больш не народная!” Хай паспрабуюць. Хоць, хачу гэта падкрэсліць, я ніколі не прасіла ніякіх узнагарод, ніякіх званняў.

– Як вы ставіцеся да тых акцёраў, якія засталіся ў Купалаўскім. Скажам, да Генадзя Аўсяннікава, Тамары Міронавай… Вось сустрэліся вы на вуліцы і – што?

– Па натуры я максімалістка. Я б не спынілася і прайшла міма.

– Пагадзіцеся, гэта трохі жарсткавата з вашага боку, улічваючы іх заслугі, іх узрост.

– Прычым тут узрост? Калі б мой тата, народны артыст Беларусі Валянцін Белахвосцік быў жывы, ён сышоў бы разам з намі. Я ў гэтым проста ўпэўнена! Для яго было страшным непаразуменнем усё, што робіцца гэтай уладай. Ён ніколі не галасаваў за яго. А якім болем адгукалася ў бацькавай душы ўсё, што ўлада вытварала з Васілём Быкавым! Пра гэта засталіся запісы ў дзённіку… Вялікі пісьменнік і найсумленнейшы чалавек Быкаў быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і вярнуўся на радзіму паміраць. Як такое можна было дапусціць?.. А тыя, хто застаўся ў Купалаўскім, на апошнім сходзе так абураліся – намі! Ды як мы смеем так выступаць? Нам проста ў вочы было сказана: “Вы развальваеце тэатр”.

– Вы гэтыя словы чулі ад Генадзя Сцяпанавіча Аўсяннікава?

– Прыкладна такія. Выдатны акцёр, цудоўны партнёр на сцэне, але ў жыцці ён такі. Ён можа не падтрымаць кагосьці, проста ціха прамаўчаць… А адна артыстка пачала мяне сароміць: “Как тебе не стыдно! Был бы жив твой дедушка, он не пошел бы за этой толпой…”

– А ваш дзядуля – народны артыст СССР і БССР Глеб Глебаў, які праслужыў у Купалаўскім больш за сорак гадоў.

– Так. І я не вытрымала: “Не расказвайце мне пра майго дзядулю. Так, ён быў народным артыстам Савецкага Саюза, двойчы лаўрэатам Сталінскай прэміі, але ніколі не быў у партыі!” Як ён умудрыўся, я не ведаю. Але я ведаю, хто быў яго зяцем, – Антон Бáліцкі, наркам асветы, расстраляны ў 1937-м. Засталося дзіця, якое выхоўвалі дзядуля з бабуляй. Я цвёрда ведаю, што і дзядуля пайшоў бы разам з намі! “Мы развалілі тэатр… мы натоўп…” Як можна так называць маладых акцёраў – таленавітых, годных, прыгожых, разумных, адукаваных, думаючых?! Я імі ганаруся і думаю: Божа, дзякуй табе, што я дажыла і ўбачыла гэту незвычайную моладзь – сапраўдных беларусаў-адраджэнцаў! У мяне проста слёзы на вачах…

– Адзін мой знаёмы тэатрал папракнуў акцёраў, што сышлі з Купалаўскага. Маўляў, не варта было сыходзіць, са сцэны таксама можна многае сказаць. На што я яму адказаў: “Вось уяві сябе купалаўцам. Выходзіш ты на сцэну, а ў зале – дзве роты амапаўцаў, можа, нават у балаклавах, да якіх яны так прывыклі. Культпаход у тэатр… І што б ты рабіў?” І тэатрал прамаўчаў.

– Мы разглядалі падобныя прапановы. Вось давайце выходзіць і на знак пратэсту не іграць спектакль. Ці – замест спектакля чытаць адпаведныя сітуацыі вершы. Але нам ніхто не даў бы гэтага рабіць, раней ці пазней нас бы звольнілі! Мы думалі і пра тое, каб ставіць спектаклі, у нечым сугучныя з сённяшнім днём, – “Дзве душы”, “Нямы”. Але і на гэта нам ніхто не даў дазволу.

– Дарэчы, у кастрычніцкай афішы стаялі “Тутэйшыя”. У сённяшняй сітуацыі я не ўяўляю іх на сцэне.

– Да прэзідэнцкіх выбараў я ўяўляла, і нам усім было цікава, як новая пастаноўка Мікалая Пінігіна будзе ўспрынята, як яна адзавецца на дзейнасці рэжысёра, трупы, на ўсіх нас. У новай пастаноўцы занята мая дачка Валянціна, яна выконвае ролю Аленкі, якую некалі выконвала я.

– Дык ці пабачым мы новых “Тутэйшых” на нейкай іншай пляцоўцы?

– Мы працуем, больш пакуль я нічога вам не скажу… Тое, што адбылося з Купалаўскім, гэта не сітуацыя з тэатрам, гэта выбар паміж дабром і злом. Пралягла мяжа – і выбірай, на якім ты баку, сярэдзіны тут няма! Некаторыя акцёры нам на вуха шапталі: “Мы таксама супраць гвалту, але…” Якое можа быць “але”? Купалаўскі тэатр – гэта не забаўка! Гэта не сцэна, дзе круцяць, прабачце, попамі… Мы паказвалі цудоўныя трагічныя і драматычныя гісторыі. Мы хацелі, каб гледачы прыходзілі і суперажывалі нам, каб мы ім падкідвалі пытанні, эмоцыі, энергію! Мы расказвалі пра чалавека, пра тое, што з ім адбываецца. Мы змаглі б сёння пра тое самае расказваць? Не. Тыя, хто застаўся, нам успаміналі вайну, як у той час тэатр быў у эвакуацыі, як выязджалі на фронт акцёрскія брыгады… Дык мы і сёння – як на вайне! Але ж на нас ніхто з-за мяжы не напаў… Таму сёння я не магу трымацца за сваю прафесію, за кар’еру, за ролі. Чалавечая годнасць вышэй.

– У Гродзенскім драмтэатры таксама звальняюць акцёраў, што ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Што вы можаце параіць калегам?

– Мы стараемся іх падтрымаць, там, праўда, больш складаная сітуацыя. Дырэктар Гродзенскага драмтэатра – далёка не Павел Латушка… А артысты там цудоўныя, нашы сябры. Што параіць? Не баяцца – гэта галоўнае.

– Міністэрства культуры нібыта збіралася здаваць вам залу Купалаўскага ў арэнду, каб тэатр не прастойваў. Што з гэтым чуваць?

– Так, мы хацелі арганізаваць нейкія выступленні – урыўкі са спектакляў, песні, вершы, усё спакойна, без заклікаў. Паехаць па краіне… Нам не далі гэта зрабіць. У Мінкульце сказалі, што каранавірус перашкаджае.

– Кіеўскі тэатр імя Івана Франка запрашаў вас адзначыць 100-годдзе ў іх. Паедзеце?

– Думаю, што нешта з гэтага атрымаецца. Мы вельмі ўдзячныя ўкраінскім сябрам за такі жэст салідарнасці. Мы сябруем даўно, яны прыязджалі да нас на гастролі, мы ездзілі да іх.

– Да слова, вы ж яшчэ і заслужаная артыстка Аўтаномнай Рэспублікі Крым. Крымскія ўлады так вас заваблівалі ездзіць да іх адпачываць?

– Не, мы вазілі ў Крым (украінскі!) свой спектакль “Ідылія”, калі там праходзіла дэкада беларускага мастацтва. І крымчакам так спадабалася, што мяне нават запрашалі застацца ў Сімферопалі, працаваць у мясцовым тэатры. Разам з сям’ёй, абяцалі вялікую кватэру. І, нягледзячы на маю адмову, далі званне заслужанай, здаецца, яшчэ камусьці… Даўно ўжо я там не была, цяпер і не з’ездзіш, я ж не “крымнашыстка”. Тое, што Расія зрабіла ва Украіне, гэта проста жах!

– Амаль дваццаць гадоў вы былі Паўлінкай, гэта самая вядомая ваша роля. У купалаўскай камедыі безліч розных прыказак, трапных выразаў, што сталі крылатымі. Якія-небудзь увайшлі ў ваш жыццёвы лексікон?

– Безумоўна. І “тудэма-сюдэма”, і “дзве дзюркі ў носе і сканчылося”… Паўлінка – мая першая роля ў Купалаўскім, я яшчэ была студэнткай 4-га курса. Гэта была адказнасць неверагодная! Па дарозе на рэпетыцыі я трэслася ўся, у мяне дыханне замірала і сэрца калацілася. А якія партнёры ў мяне былі! Галіна Макарава, Павел Кармунін, Здзіслаў Стома, Уладзімір Уладамірскі, Генадзь Аўсяннікаў, дзядуля іграў Пустарэвіча. А я прыйду і ўсё спаскуджу… Я так хвалявалася, што на прэм’еры забылася клункі выкінуць за акно, калі да Якіма ўцякала. А гэта ж сюжэтастваральны эпізод! І Генадзь Сцяпанавіч Аўсяннікаў выручыў мяне, выкінуў той клунак, ніхто і не заўважыў. Акцёры яны такія – умеюць выкручвацца.

– У адным са спектакляў вы з дачкой выконваеце ролі сясцёр (яна, дарэчы, таксама сышла з тэатра). Каб іграць у такім дуэце, трэба як мінімум умець не старэць. Адкрыйце сакрэт: як вам гэта ўдаецца?

– Ды няма ніякага сакрэту. Я так мяркую: мы нараджаемся з пэўным абліччам, нам яно дадзена – прыгожае, смешнае, рознае. А з гадамі тое, чым чалавек сябе напаўняе, адбіваецца на яго твары. Дабрыня і мярзота – усё адлюстроўваецца. Таму я проста стараюся быць харошым чалавекам. Не рабіць паскудстваў, думаць аб прыгожым, любіць усіх стараюся. Не заўжды, праўда, атрымліваецца…

– А басейн, а фітнес-залы, а трэнажоры?

– Мне на гэта часу не хапае. У мяне быў любімы тэатр, былі студэнты, а я ж яшчэ маці і жонка і люблю, каб дома ў мяне заўсёды быў парадак, смачны абед. Таму прабежкі ў мяне былі хіба ад тэатра да акадэміі, ад акадэміі да тэатра, па сцэне і дома з пыласмокам. І яшчэ жыў у нас сабака – наша Груша, памерла сёлета, з ёй уся сям’я бегала. Ну і стараюся жэрці паменш. Вось і ўсё.

– Пра аднаго знакамітага артыста хадзіла эпіграма: “Вось таму ён і народны, што народу непрыгодны”. Дзякуй вам за тое, што з годнасцю носіце гэтае званне, паказваеце прыклад прафесійнай мужнасці і чалавечай годнасці!

– Дзякуй за добрыя словы! У нас усё атрымаецца. Ва ўсіх беларускіх казках, якія мой дзядуля чытаў на радыё (яны ўвайшлі ў залаты радыёфонд), дабро заўжды перамагае зло. Заўжды! Пераможа і ў Беларусі. Ведаю, што і “Народнай Волі” сёння няпроста. Будзем трымацца, будзем адзін аднаго падтрымліваць. І рабіць усё магчымае для перамогі над злом, толькі тады мы зможам убачыць сонца ў нашым аконцы!

Публікацыя — з № 79 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

 

Поделиться: