За колькі можна купіць касцюм Аляксандры Герасімені?
Касцюм Аляксандры Герасімені

На 5 кастрычніка ён каштаваў 3000 долараў.

Вядомая беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя таксама падала лот на аўкцыён у дапамогу пацярпелым спартсменам.

На продаж спартсменка выставіла свой спартыўны касцюм, у якім яна атрымлівала медаль падчас цырымоніі ўзнагароджвання на Алімпіядзе-2016 у Рыа, і ў дадатак – фотакартку з аўтографам.

“Я, уладальніца двух сярэбраных і бронзавага медалёў Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету і Еўропы, у святле апошніх падзей у Беларусі хачу звярнуцца да міжнароднай спартыўнай грамадскасці і маіх калег-спартсменаў, – кажа Аляксандра Герасіменя. – Наш народ масава пратэстуе супраць рэжыму дыктатуры, мірныя пратэсты праходзяць па ўсёй краіне. Студэнты, жанчыны, бізнесмены і рабочыя, спартсмены і IT-спецыялісты, моладзь і старыя – усе выходзяць на вуліцы. Сёння мы абараняем ужо не толькі сваю свабоду і будучыню, гаворка ідзе пра жыццё і бяспеку нашых дзяцей.

Людзі ва ўсім свеце ўбачылі, што рэжым у Беларусі гатовы ўтапіць народ у крыві, толькі б захаваць сваю ўладу. Сотні людзей пацярпелі ад гвалту з боку праваахоўных органаў. За ўсе дні пратэсту былі затрыманы больш за 12.000 чалавек. Людзей збівалі, катавалі, здзекаваліся з іх.

Спартсменаў і работнікаў спартыўнай галіны прымушаюць маўчаць. За выказванне грамадзянскай пазіцыі, асуджэнне гвалту і палітычных рэпрэсій людзей звальняюць, на іх аказваецца ціск з боку кіраўніцтва. Спартсменаў выключаюць са складу нацыянальнай каманды, пагражаюць забаронай на ўдзел у нацыянальных і міжнародных спаборніцтвах, Алімпійскіх гульнях.

Але разам беларусы ўсвядомілі, наколькі яны моцныя. Больш за 650 беларускіх спартсменаў падпісалі адкрыты зварот да ўлад з патрабаваннем спыніць гвалт у краіне.

Таксама я падала лот для аўкцыёну ў дапамогу пацярпелым спартсменам! Гэта мой касцюм з цырымоніі ўзнагароджвання на Алімпіядзе-2016 ў Рыа і фотакартка з аўтографам.

Бронза ў Рыа была для мяне адной з самых важных перамог у кар’еры, той сезон даўся мне вельмі цяжка. Ніхто не верыў, што я змагу ўзяць медаль. Але гэта дапамагло мне яшчэ мацней матываваць сябе! Заваяваўшы медаль, я ў першую чаргу даказала сабе, што я ўсё змагу, калі моцна захачу!”

Усе сродкі ад продажу лота будуць пералічаны ў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, які аказвае матэрыяльную і маральную падтрымку пацярпелым за сваю грамадзянскую пазіцыю спартсменам.

Аўкцыён стартаваў 27 верасня, першапачатковая цана касцюма была 119 долараў. На 5 кастрычніка яго кошт дасягнуў ужо 3000 долараў. Аўкцыён працягнецца да 7 кастрычніка.

Нагадаем, што Аляксандра Герасіменя не першая спартсменка, хто выстаўляе сваю атрыбутыку на аўкцыён. Напрыклад, красоўкі вядомай баскетбалісткі Алены Леўчанка, якая зараз адбывае пакаранне ў ізалятары на Акрэсціна, былі прададзены за 2700 рублёў, хаця іх першапачатковы кошт быў усяго 115 рублёў.

Публікацыя — з № 79 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: