Вольга СЕВЯРЫНЕЦ: «Павел рыхтуецца да горшага…»
Фота з асабістага архіва

Жонка палітвязня Паўла Севярынца распавяла “Народнай Волі” апошнія навіны пра мужа, якога не так даўно наведала адвакат.

– Ясная справа, што ў Паўла асаблівых навін няма, ён толькі пытаецца, што ў нас адбываецца, – гаворыць Вольга Севярынец. – Адвакат наведвае яго раз на два-тры тыдні, каб распавесці яму пра апошнія падзеі на волі.

Тыдзень таму мне званіла новая следчая, шукала нумар Пашынай адвакаткі. Спачатку ягоную крымінальную справу вёў мужчына, а цяпер патэлефанавала жанчына, прадставілася следчай, прозвішча назвала, але я не запомніла. Толькі запыталася: відаць, рыхтуецца новы допыт Паўла? Яна адказала, што так. Але адвакату ніхто пакуль не паведамляў пра новыя следчыя дзеянні.

– Лісты ад Паўла даходзяць?

– Так, просіць мяне “Беларусалімам” займацца, кнігі прадаваць. У лістах больш просьбаў ад яго, пра сябе і пра ўмовы ўтрымання ён ніводнага сказа не піша! Ведаю, што ў камеры ён да нядаўняга часу быў з мужчынам, які чакае дэпартацыі. У адным з лістоў пісаў, што яны нават лячыліся разам, бо Паша моцна застудзіў суставы, калі яго пакінулі без абутку, які недзе згубіўся. І, як я зразумела, лекаванне не асабліва дапамагае, бо ён ужо, здаецца, больш за месяц лечыцца, а боль у каленях не знікае.

Прасіў кавы яму перадаць, але, як я зразумела, не для сябе, бо ён такі тып кавы не п’е. І канвертаў для замежжа яшчэ прасіў, бо з-за мяжы яму нават пішуць. Увогуле, яму перадалі каля 40 лістоў напрыканцы верасня, ён на кожны адказвае. І я ведаю, што прынамсі да нашых сяброў гэтыя лісты даходзяць.

Яшчэ піша, што наша расстанне з ім будзе не надта доўгім, але і не кароткім. Ён мяркуе, што пасядзець яму прыйдзецца. Піша, што рыхтуецца да горшага, каб потым жыццё было прыемным сюрпрызам. Ну а як яно будзе – ніхто не ведае.

– А пад заклад не спрабавалі яго вызваліць?

– Трэба будзе паразмаўляць з адвакатам. Але сумняваюся, што гэта спрацуе.

Дарэчы, Павел просіць, каб да яго пусцілі святара. Але пакуль адмаўляюць – маўляў, каранавірус. Але ж адвакат да яго ходзіць, чаму святар тады не можа наведваць зняволеных, прадпрыняўшы адпаведныя меры бяспекі? Магчыма, сітуацыя зменіцца…

Адвакат гаворыць, што Павел выглядае бадзёра, жартуе, а яшчэ як можа беларусізуе тых, хто працуе ў следчым ізалятары. Калі раней ён быў лысы, бо пагаліўся, то цяпер і валасы ўжо адраслі…

– Ведаю, што вы з сынам вярнуліся ў Мінск літаральна за дзень да таго, як даведаліся, што вашы бацькі захварэлі на каранавірус…

– Так, гэта праўда. Калі хто хоча ехаць на Нарач у санаторый, то не рэкамендую.

– Вашы бацькі не ў шпіталі?

– Пакуль не, і іх нават на КТ да нядаўняга часу не маглі адправіць. Выслалі ім пульсаксіметр, каб за кіслародам сачылі. Але я ведаю, што на Нарачы былі выпадкі, калі людзі быццам бы папраўляліся і адчувалі сябе адносна нармальна, і тэмпературы ў іх не было, але КТ паказвала пнеўманію. Таму трэба берагчыся!

АСАБІСТАЕ

“Мой беларускі Джэймс Бонд…”

– Я ведала, што Павел будзе маім мужам.

Калі мы пазнаёміліся, мне было 17 год. Сябар, які здымаў з ім кватэру, запрасіў у госці глядзець “Плошчу”, і я ўбачыла Пашу. Добра памятаю гэты момант і яго вочы. Відаць, у іх ужо тады можна было ўгледзець усё наша жыццё…

Лёс гарачымі кропкамі расстаўляе акцэнты кахання. Здаецца, у жыцці так і не бывае – гэта ж кніга, раман! І наступную старонку перагарнуць, то зацінае дых ад шчасця, то ад болю.

Расстанне спачатку лічыш гадзінамі, днямі, пасля месяцамі, камусьці давялося лічыць гадамі. 100 дзён. Зноў проста быць побач уяўляецца чымсьці неверагодным. Прыйшла любоў доўгацярплівая.

Успаміны ўцякаюць. У грудзях дзірка з палову душы. Здаецца, адной думкай можна разбурыць бетонныя сцены турмы. Каханне – гэта выбар. Я выбіраю кахаць.

Сілюся ўзгадаць самы шчаслівы дзень у нашых стасунках – вянчанне, нараджэнне дзетак? А перад вачамі момант, калі ён вяртаецца дадому. Я пазнаю яго па кроках, адчыняю дзверы – і вось ён ідзе.

Самыя ўтульныя сямейныя вечары перад “суткамі”. Добра, калі ёсць да каго вяртацца, добра, калі ёсць каго чакаць.

Я заўсёды мушу быць гатовай сказаць яму: “Ідзі”. Я хачу зразумець яго адказнасць і ахвярнасць. У маім каханні мне хочацца набыцца з ім удосталь, у маім каханні мне трэба быць гатовай адпусціць яго. Яго душа – гэта мая душа.

Ад моманту нашай першай сустрэчы да вянчання прайшло пяць год. Я слухала Пашын голас з праграмы Свабоды ў слухаўках, гуляючы па Свіслачы, ён сядзеў у “амерыканцы”. Дзівоснае адчуванне – разумець, што дзесьці ёсць чалавек, якому наканавана быць часткай твайго жыцця.

Тры гады “хіміі” ў Купліне. У закратаваным інтэрнаце на другім паверсе была Пашына “камера” – пакой з двух’яруснымі ложкамі, малюсенькі стол. Месца зняволення, а ўспаміны ўтульныя – суворая турэмная рамантыка. Аднойчы прыехала, адчыніліся рыпучыя дзверы ў пакой назіральніка, паварочваюся, а Паша стаіць у белай кашулі, чорных акулярах і… без вусоў. Мой любімы беларускі Джэймс Бонд…

Прапанова на Плошчы Волі пад званы храмаў. Заручальны пярсцёнак. Вянчаліся зімой, праз тры месяцы пасля вызвалення з “хіміі”. 11 студзеня. Елкі з сінімі гірляндамі ля алтара. Поўны касцёл сяброў. У здымнай кватэры, дзе мы жылі першы час, ад гаспадароў засталася карціна, такая ж, як вісела ў куплінскім пакоі, – “Маленне аб чашы”. Хай будзе воля Твая…

Праз год нарадзіўся Янка. Залаты хлопчык. Ён паміраў у шпіталі побач, а Паша запальваў пад вокнамі радзільні аганькі, пускаў ноччу феерверкі, застаўляў усё кветкамі і ішоў на ўсю ноч сядзець у холе лякарні, каб быць бліжэй да маленькага. Чарговая гарачая кропка кахання.

“Што такое жыццё ваша? Пара, якая з’яўляецца на кароткі час, а потым знікае”.

Каханне спее ў штодзённасці, загартоўваецца ў выпрабаваннях, дасканаліцца. Што я яшчэ магу зрабіць для цябе проста зараз? “А давай мандарынку на дваіх?” У Бога – чым далей, тым лепш, значыць, няма межаў шчасцю. Бяры колькі хочаш. А зараз чакай.

І мы чакаем – ужо не толькі каханага мужа, але і тату, які падкідае да самай столі, бясконца выдумвае гульні, навучыць маліцца. Францішак, сур’ёзна, гледзячы татавым позіркам, просіць перадаць яму ў лісце “Зыве Беўаусь!”. Канечне жыве, Францішак, і будзе жыць!

Бог вядзе нас Сваім шляхам, і мы ідзём. Я ўдзячная, што магу ісці побач з Пашам. 7 год. “Пячаткай пакладзі мяне на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсцёнак”. Напоўненыя дабраславеннем дні. Кожнаму патрэбны чалавек, які заўсёды будзе на тваім баку.

Бог ужо вызначыў той дзень, калі мы ўбачымся зноў.

І дзень, калі мы пераможам, таксама…

Публікацыя — з № 79 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: