5 кастрычніка ў другой палове дня ў рэдакцыі гомельскага сайта «Моцныя навіны» міліцыя зрабіла ператрус. Па сведчанні Пятра Кузняцова, дырэктара ўстановы «Цэнтр рэгіянальнага развіцця Гомельскі Дэмакратычны Форум», які з’яўляецца ўласнікам «Моцных навін», была пастанова пракурора на агляд працоўнага месца галоўнай рэдактаркі сайта Ганны Якштас.

Па выніку ў рэдакцыі выграблі ўсю тэхніку і мабільныя тэлефоны. Кузняцоў мяркуе, што вядуцца пошукі хоць якой зачэпкі, каб закрыць сайт альбо падвесці яго дзейнасць пад крымінальны артыкул.

Ганну Якштас і яе мужа Дзяніса, таксама супрацоўніка «Моцных навінаў», затрымалі яшчэ ў суботу, 3 кастрычніка. Міліцыя забрала з іх дома камп’ютарную тэхніку, а саміх прэвентыўна змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, нягледзячы на тое, што маладая сям’я выхоўвае дваіх непаўнагадовых дзяцей.

5 кастрычніка суддзя Савецкага раёна Гомеля Андрэй Лагуновіч пастанавіў арыштаваць Дзяніса Якштаса на 15 сутак. Ён прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці супраць несумленных выбараў, якое адбылося 27 верасня.

Па версіі міліцыі, пратэстны марш не быў дазволены, а ён удзельнічаў у ім, чым парушыў ч.1 арт.23.34 КаАП. Прычым удзельнічаў, як вынікае з пратакола, “маскіруючыся” пад “акрэдытаванага журналіста”.

Віну на такое абсурднае абвінавачванне Дзяніс, канешне, не прызнаў. Патлумачыў, што 27 верасня ажыццяўляў свае абавязкі журналіста: “У мяне была сіняя фірмовая жылетка, на якой напісана “Прэса”, бэйдж з імем і прозвішчам, пячатка і подпіс дырэктара ўстановы “Цэнтр рэгіянальнага развіцця – ГДФ”. Я ў шэсці не ўдзельнічаў, здымаў збоку. Здымаў сумленна, каб быць бесстароннім. Таму я не бачу за сабою віны”.

Суддзя Лагуновіч: Вы сказалі, што выконвалі свае абавязкі. У вас у кантракце ўказана, што вы журналіст?.

Якштас: Так, я выконваў абавязкі журналіста.

Суддзя: Скажыце, у вас ёсць акрэдытацыя як журналіста?.

Якштас: Я пра гэта не ў курсе. Я ведаю, што любы чалавек можа хадзіць і здымаць.

Суддзя: Што любы чалавек можа адзець жылет, бэйдж і хадзіць здымаць?.

Якштас: Мне выдалі на працы, і я хадзіў.

Суддзя: Вы пыталіся ў кіраўніка, ці маеце права асвятляць акцыі ад імя журналіста?.

Якштас: У нас навінны партал. Само сабою зразумела, што калі на вуліцы адбываецца нешта, то трэба асвятляць. Нашаму парталу заказваюць рэкламу, даюць каментары супрацоўнікі МУС.

Суддзя: Гэта зразумела. Але калі вы пазіцыянуяце сябе журналістам, то існуе акрэдытацыя журналістаў. (Хто такую акрэдытацыю ажыццяўляе для супрацоўнікаў беларускіх СМІ, не згадваў.Аўт.) Яна пацвярджае, што яны могуць займацца журналісцкай дзейнасцю, у тым ліку з адпаведнымі аб’ектамі.

Суддзя стаў тлумачыць супрацоўніку “Моцных навінаў”, што яго акурат і абвінавачваюць у тым, што пад выглядам акрэдытаванага журналіста ён удзельчаў у акцыі, хоць нібыта не меў на гэта права. Дзяніс прасіў не караць яго арыштам, бо дома засталіся двое непаўнагадовых дзяцей, а іх маці, жонка Дзяніса Ганна Якштас, да гэтага часу знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама. Дзяцей даглядае бабуля, якая прыехала да маладой сям’і падчас ператрусу ды так і засталася з дзецьмі.

Тым не менш суддзя Лагуновіч пастанавіў пакараць Дзяніса Якштаса паўмесячным адміністрацыйным арыштам, дадаўшы пасля агалошвання пастановы, што суд не ўлічвае для мужчын наяўнасць непаўнагадовых дзяцей. Палёгка, маўляў, існуе толькі для жанчын пры вынясенні пакарання.

Ганна Якштас, якую ўчора не судзілі, у ізалятары ўжо трэція суткі. Там жа ў чаканні суда знаходзіцца і Надзея Пужынская, яшчэ адна супрацоўніца “Моцных навін”, якую затрымалі 4 кастрычніка нібыта за незаконны ўдзел у несанкцыянаваным маршы пратэсту.

Поделиться: