РЭЗАЛЮЦЫЯ СОЙМА ПАРТЫІ БНФ
Фота http://spring96.org

На пасяджэнні Сойма Партыі БНФ 3 кастрычніка 2020 года была абмеркавана грамадска-палітычная сітуацыя, якая склалася ў краіне пасля заканчэння выбарчай кампаніі ды разгортвання агульнанацыянальнага пратэсту грамадзян супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў з наступным гвалтоўным падаўленнем гэтых пратэстаў уладамі.

Кіруючы орган партыі прыняў рэзалюцыю, у якой зацверджана дарожная карта першачарговых крокаў дзеля выхаду з крызісу і пачатку агульнанацыянальнага дыялогу. 

Цягам апошніх двух месяцаў у Беларусі адбыліся драматычныя падзеі, выкліканыя сутыкненнем грамадства і аўтарытарнай улады. Справядлівае абурэнне грамадзян чарговым правядзеннем выбараў несумленным і недэмакратычным спосабам улады спрабуюць задушыць шляхам буйнамаштабных рэпрэсій. Іх памер і інтэнсіўнасць, а таксама поўнае ігнараванне любых нормаў права дзеля далейшага ўтрымання ўлады фактычна маюць прыкметы неабвешчанага надзвычайнага становішча: рэпрэсіўным і карным органам дазволены любыя дзеянні, для іх зняты ўсе прававыя абмежаванні ў справе ажыццяўлення рэпрэсій супраць палітычных апанентаў і грамадзянскай супольнасці.

У выніку краіна апынулася ў глыбокім палітычным крызісе, які паставіў дзяржаву на мяжу існавання. Адбываецца эскалацыя рэпрэсій, зварочванне сувязяў са знешнім светам, перадача ў Маскву асноватворных дзяржаўных функцый у галіне абароны і правапарадку, інфармацыйнай і знешняй палітыкі, а ў перспектыве – і ўнутранай палітыкі (у тым ліку праз аднаўленне на парадку дня гэтак званых “дарожных карт паглыбленай інтэграцыі”, якія прадугледжваюць паступовую здачу суверэнітэту Беларусі на карысць Масквы). Дзеянні дзяржслужбоўцаў прывялі да ўвядзення санкцый, якія ставяць нашую краіну ў стан дзяржавы-ізгоя на міжнароднай арэне. У сукупнасці гэткі падрыў суверэнітэта пагражае поўным падпарадкаваннем краіны і пераходу яе ў статус фактычнага пратэктарата Расіі.

Праз гвалтоўныя дзеянні і шэраг небяспечных крокаў у галіне ўнутранай і знешняй палітыкі цяперашніх улад складваецца сітуацыя, якая ёсць смяротна небяспечнай для самога існавання Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы беларускага народа, для саміх падмуркаў беларускай дзяржаўнасці.

Дэмантаж тых інстытутаў, на якіх грунтуецца беларуская дзяржаўнасць, недапушчальны. Адказнасць за захаванне нацыянальнай дзяржавы палягае на ўсіх беларусах, і асабліва на дзеючых палітыках. Нашчадкі не прабачаць нам, калі мы паставімся безадказна да гэтага святога абавязку і страцім дзяржаву.

Таму цяперашні крызіс патрабуе неадкладных захадаў дзеля дээскалацыі канфлікту і пераходу да мірнага агульнацыянальнага дыялогу.

У якасці першачарговых крокаў, якія б зрабілі такі дыялог магчымым, Партыя БНФ прапануе наступную паслядоўнасць крокаў, выкладзеных у выглядзе “дарожнай карты”:

Крок 1. Вызваленне ўсіх асоб, якія прызнаныя беларускімі праваабаронцамі як палітычныя вязні, у тым ліку ўдзельнікаў мінулай выбарчай кампаніі з ліку сябраў ініцыятыўных груп і штабоў кандыдатаў.

Крок 2. Спыненне палітычна матываваных крымінальных справаў, у тым ліку датычна сябраў Каардынацыйнай Рады, якая была створаная на прапанову Святланы Ціханоўскай і чыя дзейнасць знаходзіцца пад абаронай канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду аб’яднанняў.

Крок 3. Спыненне масавых і нематываваных затрыманняў і практыкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных масавых акцый шляхам надання прамога дзеяння нормам Канстытуцыі пра грамадзянскія правы, у тым ліку права на свабоду мірных сходаў.

Крок 4. Фармуляванне праваахоўнымі органамі і палітычным кіраўніцтвам краіны ясных і недвухсэсоўных гарантый бяспекі на выпадак вяртання на тэрыторыю краіны тых беларусаў, якія былі выштурхнутыя з краіны альбо былі вымушаныя хавацца ў замежжы з прычыны апасенняў за сваё жыццё і здароўе.

Крок 5. Спыненне ўсіх форм пераследу і незаконных абмежаванняў прафесійнай дзейнасці журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі (уключна з неадкладным аднаўленнем акрэдытацыі журналістаў замежых СМІ і адмовай ад блакіроўкі вэб-сайтаў), спыненне антынацыянальнай прапаганды і дыскрэдытацыі пратэстоўцаў і беларускай сімволікі ў дзяржаўных медыях, выдаленне з іх раней запрошаных расійскіх прапагандыстаў.

Крок 6. Аднаўленне на працы ў дзяржаўных органах, прадпрыемствах і арганізацыях ўсіх людзей, якія былі звольненыя ў сувязі з іх палітычнымі перакананнямі альбо на падставе іх удзелу ў мірных акцыях пратэсту.

Крок 7. Стварэнне супольнай парламенцка-грамадскай камісіі з удзелам праваабарончых арганізацый дзеля вывучэння абставін прымянення гвалту падчас падзей жніўня-верасня 2020 года і з наступнай перадачай назапашаных матэрыялаў у пракуратуру і следчыя органы дзеля прыцягнення да адказнасці вінаватых у катаваннях і забойствах.

Крок 8. Забеспячэнне доступу экспертаў ААН да маніторынгу ўмоў утрымання ў месцах няволі і супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з ужо прызначанымі структурамі Савета па правах чалавека ААН і АБСЕ дзеля аб’ектыўнага вывучэння і дакументавання падзей жніўня-верасня 2020 года.

Крок 9. Правядзенне з удзелам Палаты прадстаўнікоў і іншых дзяржаўных органаў, палітычных партый нарады дзеля выпрацоўкі фармату, графіку правядзення, кола ўдзельнікаў і магчымых пасярэднікаў, а таксама парадку дня агульнацыянальнага дыялогу.

Крок 10. Рэформа выбарчага заканадаўства з улікам прапаноў місій назірання АБСЕ на выбарах 2015-2019 гадоў і прапаноў нацыянальных назіральнікаў кампаніі “Права выбару” з наступным правядзеннем выбараў усіх узроўняў па новых правілах і з новым складам выбарчых камісій.

Гэтыя крокі дазволяць пераадоліць найбольш значныя негатыўныя наступствы крызісу, спыняць раскол грамадства і прыпыняць спаўзанне краіны ў бездань, дадуць магчымасць распачаць сапраўдны агульнацыянальны дыялог, а не яго імітацыю.

Толькі сапраўдны агульнанцыянальны дыялог ў атмасферы вольнай ад гвалту і прымусу можа стаць пляцоўкай для абмеркавання зместу і фармату правядзення будучай канстытуцыйнай рэформы, пра неабходнасць якой кажуць усе бакі палітычнага канфлікту і правядзенне якой можа быць распачата толькі пасля рэформы выбарчага заканадаўства.

Толькі беларускі народ мае права вырашальнага голаса ў гэтым пытанні.

Партыя БНФ заклікае ўсе палітычныя сілы і дзяржаўныя органы адчуць супольную адказнасць за лёс нацыі і дзяржавы, праявіць грамадзянскую спеласць і неадкладна распачаць рэалізацыю пазначанай паслядоўнасці крокаў дзеля найхутчэйшай стабілізацыі абстаноўкі ў краіне. У адваротным выпадку краіну ў хуткім часе чакае новы віток эканамічнага крызіса, які можа супасць з “другой хваляй” пандэміі COVID19, што можа пагражаць калапсам дзяржаўнай сістэмы Рэспублікі Беларусь.

(Рэзалюцыя зацверджана пастановай Сойму Партыі БНФ 3 кастрычніка 2020 года.)

Публікацыя — з № 79 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: