“Лене з яе ростам у камеры будзе няпроста…”
Алена Леўчанка ў цэнтры

Вядомыя ў Беларусі прадстаўнікі спартыўнай грамадскасці вырашылі праз “Народную Волю” падтрымаць баскетбалістку Алену Леўчанка, якая зараз адбывае пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Нагадаем: 30 верасня спартсменка была арыштавана на 15 сутак за ўдзел у “несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.

Алена Леўчанка выступала за зборную з 2001 года, двойчы гуляла ў складзе нацыянальнай каманды на Алімпійскіх гульнях. У свой час згуляла ў фінале жаночай НБА, а таксама прызнавалася лепшай цэнтравой чэмпіянату свету.

Аляксандр КУЛЬ, чатырохразовы чэмпіён Беларусі па баскетболе:

“Лене з яе ростам у камеры будзе няпроста…”
Аляксандр Куль

– Кожны дзень пераконваюся, што жыву ў краіне цудаў, – дно прабіваецца рэгулярна, і гэтаму працэсу не бачна ні канца ні краю. Арышт Алены – з гэтай жа оперы. Досыць вядомага ва ўсім свеце чалавека адправілі за краты толькі за тое, што ён кажа праўду і мае галаву не толькі для таго, каб у яе есці і каб туды загружалі выключна “правільныя” думкі.

Тую сітуацыю, у якой апынулася Лена Леўчанка, пазітыўнай ніяк не назавеш, але, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Таму ў самай негатыўнай сітуацыі можна знайсці пэўны пазітыў. Паводле сведчанняў тых, хто ўжо пабываў у ізалятары, у камеры людзі заводзяць новыя цікавыя знаёмствы, чалавечая салідарнасць становіцца яшчэ больш моцнай.

Думаю, для тых, хто адбывае пакаранне ў адной камеры з Аленай Леўчанка, за гонар быць “на сутках” у такой кампаніі.

Але мяне хвалюе іншы момант. Мой рост – 2 метры 13 сантыметраў, рост Алены – каля двух метраў. І я ведаю, што чалавеку з такім ростам будзе ў камеры няпроста, бо, відаць, ніхто адмыслова для яе ўмовы там ствараць не будзе. Але ўпэўнены: яна і гэта вытрымае.

Вадзім КРЫВАШЭЕЎ, экс-кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле:

“Лене з яе ростам у камеры будзе няпроста…”
Дзяніс Крывашэеў

– Зараз у краіне адбываюцца жудасныя рэчы, якія не паддаюцца ніякай логіцы.

Безумоўна, падтрымліваю Лену Леўчанка, меў магчымасць з ёй пазнаёміцца падчас Алімпіяды ў Бразіліі. Хачу сказаць, што гэта чалавек з такім жалезным характарам – і на спартыўнай пляцоўцы, і ў жыцці, – што зламаць яе не ўдасца нікому. Гэта самы сапраўдны лідар, а таму, відаць, па лідарах і вырашылі біць.

Спартсмены заўсёды былі адной вялікай сям’ёй, і было б лагічна, калі б сёння ўсе адзіным фронтам выступілі ў падтрымку Алены. На жаль, гэтага няма, хаця і асуджаць людзей не магу. Многія думаюць найперш пра сваю сям’ю, блізкіх, а таму і маўчаць. Хаця не выключаю, што ў душы яны і Лену Леўчанка падтрымліваюць, і разумеюць, што адбываецца ў краіне.

Дзяніс РУТЭНКА, былы гулец зборнай Беларусі па гандболе:

“Лене з яе ростам у камеры будзе няпроста…”
Дзяніс Рутэнка

– Тое, што вядомая ва ўсім свеце спартсменка трапіла за краты, для мяне не стала нечаканасцю. Праўда, дзіўна, што аж на 15 сутак ізалявалі, бо чалавек ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не рабіў.

З іншага боку, і здзіўляцца не варта, бо закон у нашай краіне не сёння выкінулі ў сметніцу, і зараз сілавікі паказваюць, што ім напляваць на твае тытулы і званні, а таму дзейнічаюць максімальна жорстка. На жаль, у такой сітуацыі нават адвакаты нічога не могуць зрабіць.

Лена Леўчанка, безумоўна, вядомы ва ўсім свеце чалавек, яе арышт выкліча рэзананс не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Але ўлады ўжо настолькі сапсавалі свой імідж, што для іх не важна, адным вядомым чалавекам за кратамі больш альбо менш.

Але спартсмены – людзі загартаваныя, не праз такія выпрабаванні праходзілі.

Поделиться: