На фото: Денис Якштас, Анна Якштас, Надежда Пужинская. Иллюстрация с сайта gomel.today
На фото: Денис Якштас, Анна Якштас, Надежда Пужинская. Иллюстрация с сайта gomel.today

Суддзя Савецкага раёна Гомеля Аліна Кошкіна 6 кастрычніка пакарала адміністрацыйным штрафам галоўную рэдактарку інтэрнэт-партала “Моцныя навіны” (gomel.today) Ганну Якштас на 540 рублёў – паводле ч.1 арт.23.34 КаАП.

Суд пагадзіўся з версіяй міліцэйскага пратакола, у якім пазначана, што Ганна «выдавала сябе за акрэдытаванага журналіста, незаконна выкарыстоўваючы бэйдж і жылетку “Прэса”, прымала актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці».

Ігар Краўчанка, які прысутнічаў у судовай зале, паведаміў, што разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Ганны Якштас праходзіў падобным чынам і з тым жа абвінавачваннем, як і напярэдадні суд над яе мужам Дзянісам, таксама супрацоўнікам “Моцных навін”, пакараным 15-суткавым арыштам. Рэдактарка сайта не мае права займацца журналісцкай дзейнасцю без акрэдытацыі. А дзе і хто мусіць даваць тую акрэдытацыю для супрацоўнікаў беларускіх СМІ, суд не называе, бо акрэдытацыя для журналістаў нацыянальных інфармацыйных рэсурсаў наогул не патрабуецца.

Тым не менш, суддзя пыталася, ці разумее Ганна, што парушала закон?

“Разумела. Я была не ў натоўпе і што шэсце не санкцыянавана, ведала. Мая праца зводзіцца да таго, каб асвятляць падзеі. Акрэдытацыі няма, але не асвятляць падзеі я не магу. Гэта мая праца”, – адказвала рэдактарка.

Ганну Якштас і яе мужа Дзяніса міліцыя затрымала 3 кастрычніка. З іх дома забралі камп’ютарную тэхніку, а іх да суда змясцілі ў ізалятар, нягледзячы на тое, што ў сям’і гадуюцца двое непаўнагадовых дзяцей.

На падставе пастановы пракурора 5 кастрычніка праводзіўся дагляд працоўнага месца Ганны Якштас у рэдакцыі “Моцных навін”, у выніку якога міліцыя выграбла офісныя камп’ютары і тэлефоны.

Сёння ж Савецкі суд пакараў 14 суткамі арышту кіраўніцу відэааддзела “Моцных навін” Надзею Пужынскую, затрымую 4 кастрычніка зноў-такі за ўдзел у несанкцыянаваным маршы пратэсту, дзе яна таксама выконвала прафесійныя абавязкі журналіста.

Поделиться: