Дзіцячы хоспіс застаўся без памяшкання для сацыяльнай майстэрні
Дзіцячы хоспіс застаўся без памяшкання для сацыяльнай майстэрні

Валанцёраў Гродна, якія разам з інвалідамі дзіцячага хоспіса шыюць медыцынскія маскі і іншыя прыналежнасці для медыкаў, выселілі з памяшкання, якое яны арандавалі для сацыяльнай майстэрні. 

Інцыдэнт нібы на роўным месцы

Калі пачалася пандэмія каранвіруса, у Гродне з’явіўся валанцёрскі рух. У тым ліку ў сацыяльнай майстэрні дзіцячага хоспіса пачалі шыць ахоўныя касцюмы для медыкаў са спанбонду. Прычым сродкі на матэрыялы выдзяляліся дзіцячым хоспісам, і ўся дапамога ў шпіталі перадавалася бясплатна.

Кіраўніца Гродзенскага дзіцячага хоспіса імя Святога Губерта Вольга Вялічка ў шоку ад таго, што адбылося ў дачыненні да іх арганізацыі.

Напачатку Сяргей Дэмбіцкі, дырэктар камбіната школьнага харчавання, дзе арандавалася памяшканне для сацыяльнай майстэрні, без усякіх тлумачэнняў павесіў на дзверы замок, і валанцёраў не пусцілі на свае працоўныя месцы.

Давялося выклікаць міліцыю, паколькі на той момант дзейнічала дамова арэнды, памяшканне ў якасці дапамогі хоспісу аплачвалася Гродзенскім гарвыканкамам.

Спрабавалі датэлефанавацца да дырэктара, але той адмовіўся размаўляць і тлумачыць свае паводзіны. Начальнік цэха, які вешаў замок, сказаў, што не ведае прычын, а толькі выканаў загад начальства.

«Гэта ўсё нахабны паклёп!»

Замок з дапамогай міліцыі ўсё ж знялі, і валанцёры працягвалі працу. Але праз ананімны тэлеграм-канал пачала распаўсюджвацца ілжывая інфармацыя аб тым, што сацыяльную майстэрню хоспіса нібыта зачынілі з прычыны таго, што Вольга Вялічка разам са старшынёй Гродзенскага гарвыканкама Мечыславам Гоем шылі там бел-чырвона-белыя сцягі і прадавалі іх па 20 рублёў.

Другая паклёпніцкая інфармацыя датычылася таго, што валанцёры, выкарыстоўваючы дзіцячую працу, шыюць маскі, бахілы, супрацьчумныя касцюмы дзеля продажу.

“Гэта асабліва крыўдна паколькі валанцёры шыюць для медыкаў вобласці неабходныя рэчы ад самага пачатку з’яўлення каранавіруса. Прыходзяць сюды, як правіла, пасля працы, не лічачыся з асабістымі нязручнасцямі, а іх вось так прынізілі”, – падкрэслівае мая суразмоўніца.

Вольга Вялічка ў звязку з гэтым афіцыйна заяўляе, што ўсе гэтыя “дудзілкі” не што іншае, як нахабны паклёп асабіста на яе і на тых, хто з ёй працуе.

“Тыя, хто гэта робіць, напэўна, страцілі ўсякае маральнае аблічча, але беспакараным гэта не застанецца. З гэтымі “дудзілкамі” ўжо працуе наш адвакат, і паклёпнікі адкажуць у судзе”.

Тым не менш прадстаўнікі хоспіса атрымалі ліст ад адміністрацыі камбіната школьнага харчавання: дамова аб арэндзе скасавана ў аднабаковым парадку.

Размовы не атрымалася

Дырэктар камбіната школьнага харчавання Сяргей Дэмбіцкі, пачуўшы, што яму тэлефануе журналіст, не даслухаўшы пытання аб яго рашэнні павесіць замок на дзвярах арандуемага хоспісам памяшкання і аб тым, чаму разарвана дамова арэнды, кінуў слухаўку.

Сацыяльная майстэрня тым часам вярнулася ў памяшканне хоспіса на вуліцы Гагарыны. І хоць там няшмат месца, але валанцёры і інваліды спрабуюць нейкім чынам наладзіць працу.

Публікацыя — з № 79 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: