Анатоль Лябедзька: да канца гэтага году хочам мець абноўлены варыянт Канстытуцыі
Фота https://telegraf.by

Палітык Анатоль Лябедзька распавёў пра тое, як зараз ідзе праца над праектам зменаў і дапаўненняў Асноўнага закона ў рэдакцыі 1994 года.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца за мяжой, заявіла, што падтрымлівае працу Грамадскай канстытуцыйнай камісіі, якая займаецца распрацоўкай праекта зменаў і дапаўненняў Асноўнага закона ў рэдакцыі 1994 года.

Старшынёй гэтай камісіі з’яўляецца экс-старшыня Вярхоўнага савета Беларусі Мечыслаў Грыб, а каардынатарам працы – кіраўнік цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця “Еўрапейскі дыялог”

Анатоль Лябедзька. Яны сталі яе прадстаўнікамі па канстытуцыйнай рэформе. Анатоль Лябедзька: Па-першае, хачу сказаць, што супраца са Святланай Ціханоўскай – гэта ўзгодненае рашэнне. Была прапанова – мы пагадзіліся.

Па-другое, Грамадская канстытуцыйная камісія працуе з сакавіка мінулага года, і ўжо ёсць пэўныя напрацоўкі і крокі, якія зроблены.

Хачу адразу адзначыць, што канстытуцыйная рэформа і Аляксандр Лукашэнка – гэта паралелі, якія не перакрыжоўваюцца ніякім чынам. Мы працуем па свайму графіку і маем амбіцыі да канца гэтага году мець не толькі абноўлены варыянт Канстытуцыі, але і ўзгадніць яго з асноўнымі палітычнымі суб’ектамі, арганізаваць удзел грамадзян у падрыхтоўцы такога дакумента.

РР: Усю працу вы робіце на аснове Канстытуцыі 1994 году?

Анатоль Лябедзька: Менавіта так, і ўжо ёсць пэўныя ўзгадненні, якія мы прайшлі. Яны датычныя палітычнага ладу. Мы бачым Беларусь, як прэзідэнцка-парламенцкую рэспубліку, дзе галоўная роля належыць парламенту, які фарміруе ўрад.

А ў прэзідэнта будуць абмежаваныя магчымасці, нешта накшталт польска-літоўскага варыянта. І ён будзе абмежаваны ў сваіх паўнамоцтвах пэўным тэрмінам.

Таксама ў нашым праекце выбарчая сістэма – гэта змешаная сістэма, а галоўная задача – закласці механізмы, якія гарантавана забяспечаць людзям прынцып падзелу ўлады.

РР: Рэжым таксама заяўляе, што збіраецца рэфармаваць Канстытуцыю і не думаю, што за аснову возьмуць ваш праект…

Анатоль Лябедзька: Пабачым, чые рэформы будуць бліжэй людзям. Я думаю, што мы можам разлічваць на як мінімум канстытуцыйную большасць грамадзян Беларусі. А ў Лукашэнкі больш за 20 гадоў быў шанц зрабіць тое, пра што ён сёння дэкларуе. Ён гэтага не зрабіў, а размовы пачаліся толькі пасля таго, як пачала нарастаць незадаволенасць у людзей. Людзі фактычна сказалі гэтаму рэжыму: “Не!”

І задача нашай рэформы – змяніць Беларусь, даць магчымасць людзям быць галоўнымі ў гэтай краіне. А рэжым праз свае так званыя рэформы хоча проста адцягнуць час, збіць хвалю пратэстаў і захаваць за сабой кантрольны пакет уплыву на сітуацыю і кіраванне краінай.

Поделиться: