Ганна Якштас. Фота з сайта "Моцныя навіны""

3 кастрычніка ў Гомелі затрымалі галоўную рэдактарку незалежнага сайта «Моцныя навіны» Ганну Якштас (на фота) і яе мужа Дзяніса, таксама супрацоўніка рэдакцыі. Дзяніс ранкам ехаў на ровары па грыбы, па дарозе яго і схапілі.

У доме Якштасаў забралі камп’ютарную тэхніку.

Пётр Кузняцоў, дырэктар установы “Цэнтр рэгіянальнага развіцця – Гомельскі Дэмакратычны Форум”, якая з’яўляецца ўласнікам “Моцных навін”, зазначыў у каментары: “Гэта ўдар па рэдакцыі. Ганна Якштас у сувязі з каранавірусам працавала дома дыстанцыйна, цяпер у яе забралі тэхніку і затрымалі разам з мужам. Яны знаходзяцца ў Савецкім РАУСе, нягледзячы, што ў сям’і непаўналетнія дзеці. Чакаем развіцця падзеяў. Відаць, у панядзелак прыйдуць і ў рэдакцыю”.

Паводле Кузняцова, Ганну і Дзяніса Якштасаў пакідаюць пад вартай да суду. Нібыта ім інкрымінуюць парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. (Арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях.)

Сайт “Моцныя навіны” найбольш папулярны інфармацыйны партал у рэгіёне. Ён усебакова асвятляў усе пратэстныя акцыі супраць несумленных выбараў. Яго супрацоўнікаў Надзею Пужынскую і Марыну Драбышэўскую ўжо затрымлівалі сілавікі. Апошняя адсядзела 10 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным маршы пратэсту

Поделиться: