Наталля Мазалевіч. Фота https://volkovysknews.by

Супрацоўніцу ваўкавыскай раённай газеты “Наш час” Наталлю Мазалевіч звольнілі з працы за тое, што з яе ініцыятывы нумар газеты выйшаў з шапкай (лагатыпам) у бел-чырвона-белым колеры. 

Перадгісторыя

Наталля Мікалаеўна адпрацавала ў газеце “Наш час” 17 гадоў, займалася яе вёрсткай.

Што тычыцца звальнення, распавядае Мазалевіч, варта вярнуцца трошачкі ў мінулае. Яшчэ перад выбарамі яна вызначылася, за каго будзе галасаваць, пры гэтым нікога і ні за што не агітавала.

Аднак пасля жнівеньскіх падзей, калі ў газеце пачалі друкаваць хваласпевы ўладзе, а не інфармацыю пра збіццё мірных людзей, яна напісала заяву на звальненне.

“Напісала, што мая грамадзянская пазіцыя не супадае з пазіцыяй наймальніка, а таму прашу звольніць па ўзгадненні бакоў”, – удакладняе жанчына.

Праўда, адміністрацыя адмахнулася: маўляў, працуй да сканчэння кантракта. Наталля Мікалаеўна пачала вывучаць іншыя тэхнічныя праграмы, каб у далейшым перакваліфікавацца для новай працы, але моўчкі працягвала выконваць свае службовыя абавязкі.

“Толькі вось з кожным днём гэта станавілася рабіць цяжэй, паколькі ў краіне і нават у нашым горадзе адбываліся адны падзеі, а газета працягвала пісаць пра іншае, – распавядае Мазалевіч. – А я ўсё гэта вельмі глыбока праз сябе прапускала, асабліва калі збівалі людзей”.

Работнікаў газеты пачалі называць прыкарытнікамі

Паводле слоў маёй суразмоўніцы, яна ўвесь час імкнулася, каб газета аб’ектыўна асвятляла падзеі ў раёне. Але з гэтай думкай начальства не лічылася.

А з-за таго, што з нумара ў нумар друкаваліся толькі хвалебныя матэрыялы пра дзейнасць улад, а ні радка не пісалася пра пратэсты і праблемы жахароў горада і іншых рэгіёнаў краіны, нават чытачы сталі негатыўна ставіцца да супрацоўнікаў газеты.

“Нам пісалі розныя непрыгожыя словы праз інтэрнэт, называлі прыкарытнікамі і г.д.”, – кажа Наталля.

Хаця зазначае, што ў калектыве палова журналістаў за тое, каб газета друкавала не толькі праўладныя агіткі, але і думкі людзей, якія выходзяць пратэставаць на плошчу.

«Гэта быў мой асабісты пратэст»

Наталля Мікалаеўна распавядае, што да вёрсткі кожнага нумара газеты падыходзіла творча. А што тычыцца шапкі (лагатыпа), з нумара ў нумар змяняла яго колеры ў залежнасці ад тэматыкі.

Перадапошні нумар з інфармацыяй аб праўладным мітынгу быў чырвона-зялёны, а апошні яна зрабіла бел-чырвона-белым, паколькі тэматыка тычылася гадавіны ўтварэння Гродзенскай вобласці, былі іншыя гістарычныя матэрыялы. І гэта здавалася лагічным.

“На самай справе, я расфарбавала лагатып газеты ў колеры, якія сталі атаясамлівацца ў Беларусі з пераменамі, паколькі не цярплю хлусні і падхалімства. І гэта быў мой асабісты пратэст”, – кажа Наталля Мазалевіч.

Сама яна нават не дапускала, што нехта можа звярнуць увагу на такі яе асабісты пратэст. Але ўсё ж звярнулі…

“Пасля таго як газета выйшла ў свет, нехта, відаць, з начальства пабачыў, што лагатып з чырвона-зялёнага змяніўся на бел-чырвона-белы, і да мяне прыйшоў кіраўнік і прынёс загад аб маім звальненні. Атрымалася, што за папярэдні нумар мяне пахвалілі, а за апошні – звольнілі”.

Мазалеўская не стала пярэчыць загаду, хаця юрысты прапаноўвалі яго абскардзіць.

“Але ў мяне ўжо больш няма ні сіл, ні жадання жыць ва ўсім гэтым і безвынікова супраціўляцца”, – заключае мая суразмоўніца.

Пакуль без працы, у пошуку…

Зараз жанчына не мае працы, спрабуе нешта шукаць праз інтэрнэт, але пакуль без поспеху. У невялікім Ваўкавыску, дзе і прыватны бізнес у стагнацыі, знайсці працоўнае месца вельмі складана.

“Так, мне страшна, і я не ведаю, што будзе далей, – кажа жанчына. – Але мяне падтрымліваюць сын і муж. Урэшце я адчуваю сябе свабодным чалавекам”.

Напрыканцы размовы Наталля Мікалаеўна кажа, што ўсё ж вельмі жадае, каб у газеце “Наш час” побач друкаваліся і гісторыі людзей, якія пацярпелі ад сілавікоў, і матэрыялы тых, хто падтрымлівае дзеючую ўладу.

Яшчэ ёй хочацца, каб перадавіцы газеты акрылялі, а не выклікалі ў чытачоў раздражненне і скепсіс. 

Здымак: Лагатыпы газеты “Наш час”.

Публікацыя — з № 78 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: