Віктар Мікіта

Сябра Саюза мастакоў Беларусі і суполкі “Пагоня” Віктар МІКІТА прыйшоў у рэдакцыю “Народнай Волі”, каб засведчыць сваю грамадзянскую пазіцыю. Прыйшоў не з пустымі рукамі. Прынёс паказаць два свае творы – “Крэўская сцяна” і “Сляпая сіла”. Напісаныя не сёння, яны ўспрымаюцца надзённа і адназначна – як мастакоўскае бачанне сённяшніх падзей. “Апублікуйце ў вашай газеце, хай беларусы пабачаць”, – папрасіў творца. Мы не маглі адмовіць, задаўшы мастаку некалькі спадарожных пытанняў.

– Віктар Васільевіч, такое адчуванне, што “Сляпая сіла” толькі што з мальберта.

– Не, гэта праца прысвечана пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 1941 году, калі сляпая сіла фашызму запаланіла Беларусь. І вось сляпая сіла зноў на нашых вуліцах. Я не магу спакойна глядзець на збіццё мірных людзей, масавыя хапуны ўсіх без разбору. І ўвесь гэты гвалт ідзе ад імя ўлады… Лукашэнка кажа – будучыня за моладдзю. За моладдзю, якую збіваюць? Як можна так здзекавацца з народа? Збіццё, запіхванне ў аўтазакі, крымінальныя справы… Гэта нагадвае вайну супраць свайго народа. А народ – ён у краіне галоўны! Не прэзідэнт, які абіраецца ці не абіраецца, а народ. І вось народ выйшаў на вуліцы, бо зразумеў, што яго падманулі на выбарах.

– Саюз мастакоў, калі не памыляюся, самая масавая творчая арганізацыя ў Беларусі – больш за тысячу сяброў. Як да падзей у краіне ставяцца вашы калегі?

– А як можна да гэтага ставіцца? У большасці мастакоў меркаванне, я думаю, аднолькавае: мы асуджаем гвалт. “Пагоня” выказалася адназначна. Яшчэ ў жніўні мы праводзілі акцыю каля сталічнага Палаца мастацтва. Выстаўлялі творы, якія тэматыкай перагукваліся з днём сённяшнім, на мальбертах уздоўж вуліцы Казлова. Адбылася такая вулічная выстава.

Віктар МІКІТА:  «Як можна так здзекавацца з народа?»*
“Сляпая сіла”

– Камунальныя службы цяпер працуюць ва ўзмоцненым рэжыме – зафарбоўваюць розныя графіці, якія з’яўляюцца на фасадах будынкаў. Фігуры дыджэяў на Сморгаўскім тракце ў Мінску разоў пяць зафарбоўвалі. Чаму ўлада так баіцца гэтых малюнкаў? Мне здаецца, яны не нясуць ёй прамой пагрозы.

– Як прафесійны мастак, я не вельмі добра стаўлюся да рознага кшталту насценных выяў, але разумею, наколькі гэта сёння важна – проста выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю, абазначаць яе паўсюль, дзе толькі магчыма. Таму ўлада з такой творчасцю і змагаецца. Асабліва там, дзе пазнаецца бел-чырвона-белы сцяг. А чаго так заўзята камунальнікі і АМАП за тых дыджэяў учапіліся, то мне гэта незразумела.

Віктар МІКІТА:  «Як можна так здзекавацца з народа?»*
“Крэўская сцяна”

– На Партызанскім праспекце я назіраў, як здымалі сцяг з балкона на дзясятым паверсе. Прыехала аўтавышка “Магірус” (з выгляду дужа дарагая машына), не адну хвіліну апорныя лапы расстаўляла, люлька ўгору вельмі марудна ўзнімалася, пакуль узнялася – сцяг знік. Дык кіроўца зноў марудна лапы тыя прыбіраў, яўна не спяшаўся.

– І гэта таксама мне незразумела, чаму ідзе такое апантанае змаганне з нацыянальнымі сімваламі. Бо Лукашэнка пад бел-чырвона-белым сцягам у 1994 годзе даваў прэзідэнцкую прысягу. Дык чаму ж ён тады не выступіў супраць, а прамаўчаў? Выходзіць, тады яго сцяг задавальняў.

– Проста сёння сцяг зрабіўся сімвалам супраціву.

– Ну так, і ў дварах, і ў вокнах людзі вывешваюць. Што да нас, мастакоў, то заўсёды з нашых выстаў здымаліся працы з нацыянальнай сімволікай. Хоць мы яе не выкарыстоўвалі на сваіх карцінах, што называецца, “у лабавую”. Заўсёды прысутнічаў гістарычны кантэкст, ствараўся нейкі вобраз. Вось як узнікла мая “Крэўская сцяна”? Я быў у Крэве на пленэры. Убачыў замкавую сцяну – паласа цэглы чырвонай, паласа светлага цэменту і камення. Гэта ж мастацкі вобраз! Чаму не ўжыць? Потым гэту маю працу некалькі разоў здымалі.

– БТ ізноў завяло старую (яшчэ з савецкіх часоў) песню – пра выкарыстанне нацыянальнай сімволікі ў гады Вялікай Айчыннай. Як вы лічыце, гэта яшчэ працуе?

– Гэта проста смешна слухаць. Гербу “Пагоня” сямсот гадоў, за ім – вякі нашай слаўнай гісторыі. А сцягу – больш за сто, мы ведаем, што ён у сваім цяперашнім выглядзе ўзнік тады, калі Беларусь (Беларуская Народная Рэспубліка) мела шанец стаць самастойнай. На жаль, у 1918 годзе не атрымалася. Сёння ўжо, здаецца, усе ведаюць паходжанне нашых сімвалаў, таму яны і сталі такімі папулярнымі. І не трэба нікога з экранаў тэлевізараў уводзіць у зман, народ сам даўно разабраўся.

Публікацыя — з № 78 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: