Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі – вядомыя беларускія кідальнікі молата. Яны ішлі разам і ў спорце, і ў жыцці. Заваёўвалі медалі, праходзілі праз выпрабаванні. Пасля Алімпіяды-2008 Ціхан і Дзевятоўскі абвінавачваліся ў выкарыстанні допінгу, але падалі ў суд. Працэс доўжыўся амаль два гады, у выніку беларускіх спартсменаў апраўдалі і вярнулі ім медалі.

Фактычна пасля гэтага Вадзім Дзевятоўскі спыніў сваю спартыўную кар’еру і падаўся ў палітыку – некалькі разоў быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а таксама кіраўніком Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

44-гадовы Іван Ціхан да гэтага часу афіцыйна не абвяшчаў пра завяршэнне прафесійнай кар’еры спартсмена і разлічваў нават на ўдзел у чарговай Алімпіядзе.

Абодва ніколі не хавалі, што яны падтрымліваюць палітыку ўлад, а Вадзім Дзевятоўскі пастаянна браў удзел у розных праўладных мерапрыемствах.

Таму для многіх як снег на галаву было паведамленне пасля выбараў на яго старонцы ў “Фэйсбуку”: “Лукашэнка – не мой прэзідэнт!!!” Многія падумалі, што старонку экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў нехта ўзламаў, каб размясціць гэты допіс, але сам Дзевятоўскі пацвердзіў, што пісаў сам і ад сваіх слоў не адмаўляецца. Пры гэтым было відаць, што эмоцыі ў чалавека б’юць праз край…

“Я ўжо сфармуляваў сваю пазіцыю, я не змагу цяпер нешта растлумачыць, – распавядаў Дзевятоўскі pressball.by. – Я ж паверыў яму… Дзіўна… Я яму, натуральна, верыў. Ён жа таксама чалавек. Скаціна я на самай справе… Ён жа верыў мне, ён заўсёды казаў: не аддавай. Жахліва… Я ж яму не здраджваў да апошняга…

У гэтым і быў цяжкі выбар. Я бачыў, як ён шчыра перажываў за краіну. Але я сапраўды не мог беспарадкі падтрымліваць. Я ніколі не быў за гвалт, ніколі! Для мяне гэта цяжкі выбар. Прабач мне, Божа!”

Па дзяржаўным тэлебачанні допіс Дзевятоўскага ў сацыяльных сетках назвалі фейкам і дадалі, што ў былога спартсмена адбыўся нервовы зрыў.

Але сам Вадзім Дзевятоўскі ўдакладніў, што пра Лукашэнку напісаў, таму што яго папрасіў гэта зрабіць яго брат Алег – у мінулым вядомы спартсмен, член зборнай Беларусі па водных лыжах. Наколькі вядома, на фоне паслявыбарных падзей, збіцця людзей у сям’і Дзевятоўскіх адбылася самая сапраўдная драма.

Пасля гэтага Вадзім Дзевятоўскі, што называецца, знік з радараў, на тэлефанаванні не адказваў, але было відавочна, што яго кар’ера на пасадзе кіраўніка федэрацыі скончана.

А вось Івана Ціхана, які ад сваіх поглядаў не адступіўся, Лукашэнка пахваліў: “Дзякуй табе, дарагі! У адрозненне ад іншых ты аказаўся патрыётам. Сустрэнемся – пагаворым. Дзякуй, Ваня, дзякуй!”

І на пазачарговай канферэнцыі Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, якая адбылася днямі, Іван Ціхан прагназуема змяніў Вадзіма Дзевятоўскага, які ўзначальваў федэрацыю з 2014 года.

“Ніхто мяне не папракне, што я штосекундна не жыў праблемамі лёгкай атлетыкі, – сказаў на канферэнцыі Дзевятоўскі. – Я ведаю душы нашых спартсменаў, жыў гэтымі праблемамі штохвілінна, думаючы пра тое, як зрабіць лепш, каб мы гучалі яшчэ раней і лепш.

Мне нярэдка казалі: беражыце сябе. Але арганізм даў збой, і мне неабходна аднаўленне. Гэта вымушаная мера. Але мне не хочацца, каб зададзены тэмп спыняўся.

Я хацеў бы прапанаваць кандыдатуру чалавека, які мне як брат, – Івана Ціхана. Вы нават не ўяўляеце, праз якія цяжкасці прайшоў гэты чалавек.

Як толькі спраўлюся з праблемамі (у мяне ёсць і сямейныя абставіны), паспрабую вярнуцца і падхапіць тое, што мы маем”.

А вось Іван Ціхан пасля прызначэння заявіў, што хацеў бы, каб у сям’і лёгкаатлетаў была згода.

“Я з Гродна, у рэгіёне шмат каталікоў, але хапае і мусульман, – цытуе Івана Ціхана pressball.by. – У мяне ёсць сябры-мусульмане. І нікому не прыходзіць у галаву лаяцца і біцца з-за таго, што адны вераць у Алаха, а другія – у Ісуса. Перакананы, што ў любой жыццёвай сітуацыі трэба быць больш памяркоўнымі, паважліва ставіцца адзін да аднаго. Нават калі ў кожнага ёсць свая думка па якіх бы там ні было пытаннях. Як ні круці, але ўсім нам прыйдзецца жыць у гэтай краіне.

Ці патрэбна дзяліць спартсменаў на “правільных” і “няправільных”? Няма такіх паняццяў. Усе мы – людзі. У бацькоў не бывае любімых і нелюбімых дзяцей. Кожны лёгкаатлет з’яўляецца сябрам Беларускай федэрацыі і вялікай лёгкаатлетычнай сям’і.

Таму я буду адстойваць усіх. Як жа інакш? Не трэба дзяліць па палітычных ці нейкіх іншых поглядах. Лічу, з кожным трэба размаўляць, абмяркоўваць. У нашай лёгкаатлетычнай сям’і, як і ў любой іншай, усе пытанні трэба вырашаць унутры, спакойна. Так звычайна атрымліваецца хутчэй і з мінімальнымі стратамі”.

ТЫМ ЧАСАМ

Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі асудзіла абранне кіраўніком Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Івана Ціхана.

Прэс-аташэ федэрацыі адзначыў, што чалавек з допінгавым мінулым не можа займаць кіруючыя пасады ў лёгкай атлетыцы.

“Ніводны чалавек, які адбыў допінгавую дыскваліфікацыю, не павінен займаць кіруючую пасаду ў структурах сусветнай лёгкай атлетыкі”, – сказаў прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Нагадаем, што Івана Ціхана ў свой час пазбавілі сярэбранага медаля Алімпіяды-2004, пасля таго як у 2012 годзе яго паўторны тэст паказаў сляды анабалічных стэроідаў. У Ціхана забралі таксама залатыя медалі чэмпіянату свету 2005 года і чэмпіянату Еўропы 2006 года.

Публікацыя — з № 78 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: