Фото https://www.azot.by

Карэспандэнт “Народнай Волі” спрабаваў даведацца аб сітуацыі, якая складваецца на адным з буйнейшых хімічных прадпрыемстваў краіны – ААТ “Гродна Азот”.

Яшчэ на мінулым тыдні розныя тэлеграм-каналы паведамілі аб тым, што на ААТ “Гродна-Азот” некаторыя работнікі (лічбы называюцца самыя розныя, аж да 100 чалавек) нібыта заявілі аб сваіх планах на звальненне.

Прычынай такіх настрояў называлі салідарнасць з асуджаным на 5 сутак калегам, якога затрымалі падчас пратэстных акцый.

“Народная Воля” паразмаўляла з кіраўніком Незалежнага прафсаюза “Гродна Азот” Андрэем Ханевічам. Ён распавёў, што насамрэч работнікі адной са змен цэха “Аміяк-3” (гэта каля 15–20 чалавек) напісалі заявы аб звальненні, але пакуль не перадалі іх
кіраўніцтву. Яны не хацелі прымаць змену, адмаўляліся ад выканання работы.

Да іх прыязджалі прадстаўнікі адміністрацыі і вялі перамовы. Пакуль дамовіліся працаваць.

“Я і сам іх прасіў не падаваць заявы на звальненне, бо адміністрацыя можа самых актыўных звольніць, а астатнім сказаць, што ў іх кантракты і, маўляў, ідзіце працаваць”, – распавядае Ханевіч.

Праўда, больш за дзесяць чалавек з гэтага цэха, паводле яго слоў, потым напісалі заявы на ўступленне ў Незалежны прафсаюз.

Наконт таго, што тых, хто напісаў заяву на звальненне, каля сотні, Ханевіч нічога пэўнага сказаць не можа, паколькі такой колькасці заяў не бачыў.

Ён, аднак, звяртае ўвагу: абстаноўка на прадпрыемстве напружаная, людзі вельмі абураны тым, што адбываецца ў краіне.

“Людзям трэба выплюхнуць увесь негатыў, які сабраўся, а няма куды, – разважае прафсаюзны лідар. – А нестабільнасць у краіне зацягваецца, і гэта ўсіх трывожыць”.

Тым часам адміністрацыя прадпрыемства заявіла, што на заводзе дынаміка змянення колькасці прынятых і звольненых прыкладна такая ж, як і летась. Там таксама паведамілі, што масавых заяў на звальненне ад сваіх работнікаў не атрымлівалі. Не пацвердзілі ў адміністрацыі і факты таго, што нехта з работнікаў прадпрыемства выстаўляў нейкія патрабаванні пад пагрозай звальнення.

Публікацыя — з № 78 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: