Фота з сайта Babruysk.by

Эканаміст Леанід Заіка распавядае пра тое, ці працягне Расія фінансаваць беларускі рэжым.

У час, калі палітычныя стасункі Беларусі з Захадам цалкам сапсаваны, не варта, відаць, разлічваць і на заходнюю эканамічную дапамогу. Ці працягне ў такой сітуацыі Масква фінансаваць беларускі рэжым?

Леанід Заіка: Крэмль зараз будзе выкарыстоўваць беларускі рэжым, як пэўную містыфікацыю супраць усяго блока НАТА, Еўразвяза і ЗША. Расіі не выгодна ўступаць з Захадам у прамы канфлікт, хаця гэта ўжо і так назіраецца, таму ёсць сэнс выкарыстоўваць дзеля гэтага суседнюю краіну, якую пры гэтым будуць крыху падтрымліваць матэрыяльна. Магчыма, да канца гэтага году.

Але асаблівай эканамічнай падтрымкі з боку Крамля не будзе. Гэта таксама пэўная містыфікацыя. Беларускай наменклатуры важна атрымліваць расійскую нафту, перапрацоўваць яе, каб затым прадаваць на Захад “ворагам”.

У дачыненні да сённяшняга афіцыйнага Мінску Крэмль ужо высновы зрабіў, таму ніхто не будзе даваць грошы на пакупку новага “Мерседэса” ці чарговай рэзідэнцыі. Таму, калі нешта і паабяцаюць, то фінансы адразу накіруюць на аплату даўгоў.

РР: Што ў такім выпадку будзе з беларускай эканомікай?

Леанід Заіка: Варта адзначыць, што краіна ўмее ствараць праграмныя прадукты. Па фінансавых выніках першай паловы года, напрыклад, стала вядома, што ў Беларусі на 10 адсоткаў павялічыліся ў параўнанні з мінулым годам паказчыкі па вытворчасці прадуктаў харчавання.

Таму беларуская эканоміка абсалютна самадастатковая. І калі заўтра не будзе Лукашэнкі, то наша эканоміка гэтага практычна не заўважыць. Калі прыбярэм і Лукашэнку, і прэм’ера Галоўчанку – таксама не заўважыць. Можа быць, эканоміка нават яшчэ лепш будзе працаваць, бо чым больш людзей падыходзіць да трактара і пачынае абмяркоўваць, як ён павінен працаваць, тым хутчэй трактар перастае працаваць. Але не варта драматызаваць сітуацыю і думаць, што беларуская эканоміка будзе знаходзіцца на ўзроўні Замбіі.

Поделиться: