Баявыя дзеянні ў Арцаху / Скрыншот з ютуб-канала “Caliber Az”

— У нас на ўліку такія грамадзяне не стаяць, і нам пра такіх грамадзян невядома. Ніхто да нас не звяртаўся, — адказвае Еўрарадыё на пытанне “Ці ёсць у зоне канфлікту ў Нагорным Карабаху грамадзяне Беларусі?” консул Беларусі ў Арменіі.

У Ерэване ёсць дыяспаральнае аб’яднанне беларусаў.

— Яно адносна невялікае. Мы вядзём улік толькі тых асоб, якія знаходзяцца ў нас на консульскім уліку. Грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія стаяць на консульскім уліку [і якія знаходзяцца ў Нагорным Карабаху. — Еўрарадыё], у амбасадзе няма. Але я не выключаю таго, што там могуць знаходзіцца асобы з беларускімі пашпартамі, пра месцазнаходжанне якіх нам проста невядома, — працягвае дыпламат.

У амбасадзе Беларусі ў Азербайджане таксама не валодаюць інфармацыі пра беларусаў, якія маглі апынуцца ў эпіцэнтры карабахскага канфлікту.

— У нас няма такой інфармацыі. Ніякіх зваротаў грамадзян Беларусі [ў сувязі з канфліктам] у амбасаду не было, — адказваюць Еўрарадыё ў амбасадзе.

Цяперашні канфлікт у Нагорным Карабаху пачаўся ўночы з 26 на 27 верасня. Баявыя дзеянні ў рэгіёне вядуць войскі Арменіі, Азербайджана і Армія абароны непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі.

Што да пачатку канфлікту, Баку і Ерэван абвінавачваюць адзін аднаго ў правакацыі. Звесткі пра страты адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, які з бакоў — удзельнікаў канфлікту іх паведамляе.

Авіякампанія “Белавія” па ініцыятыве Азербайджана адмяніла рэйсы з Мінска ў Баку 1 і 3 кастрычніка і з Баку ў Мінск 2 і 4 кастрычніка.

Поделиться: