Виталий Шкляров. Фото newtimes.ru

“Злучаныя Штаты заклікаюць да неадкладнага вызвалення Віталя Шклярава – грамадзяніна ЗША і мужа амерыканскага дыпламата, – якога несправядліва затрымалі ў Беларусі амаль два месяцы таму. Спадар Шкляраў павінен вярнуцца да сваёй сям’і”, – такую заяву зрабіў дарадца па нацыянальнай бяспецы Роберт О’Браен.

Як паведаміў “Народнай Волі” адвакат Шклярава Антон Гашынскі, ніякай рэакцыі з боку следчых на гэтую заяву не было.

Як раней паведамляла “Народная Воля”, Віталя Шклярава затрымалі 29 ліпеня ў Гомелі, куды ён прыехаў наведаць маці. Вядомы паліттэхнолаг праходзіў падазраваным па справе ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага. Шклярава абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Па гэтым артыкуле прадугледжваецца пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі. Шкляраў мае амерыканскі пашпарт, ягоная жонка працуе ў Дзярждэпартаменце ЗША.

У Шклярава былі праблемы са здароўем, ён падазраваў, што захварэў на каранавірус. Але вынікі тэста ягонаму адвакату не вядомы. На каранцін Шклярава не адправілі.

“Віталь з самага пачатку і да гэтага часу перакананы, што яго справа матывавана палітычна, – адзначыў Антон Гашынскі ў сваім блогу на echo.msk.ru. – Ён змяніў незлічоную колькасць сакамернікаў: ад “падсадных качак” да сапраўдных крымінальных элементаў.

Я паспеў падаць восем скаргаў і чатыры хадайніцтвы. Мы прайшлі чатыры суды. Мы перажылі тры допыты і адну вочную стаўку, а таксама – што куды больш страшна – шматлікія правакацыі і спробы выцягнуць з Віталя інфармацыю неправавым шляхам.

У абарону Віталя выказаліся тры амерыканскія сенатары і два высокапастаўленыя супрацоўнікі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, прафесійныя арганізацыі паліттэхнолагаў і палітолагаў, а таксама журналісты і палітыкі па ўсім свеце, яго прызналі палітычным зняволеным і запатрабавалі вызвалення.

Я бачу, па якой траекторыі ідзе абвінавачанне, – гэта абсурдны шлях, які вельмі выразна ўлавіў расійскі палітык Дзмітрый Гудкоў. Не толькі ён баіцца, што Віталя прызначаць галоўным ворагам Беларусі.

Віталь – вольны чалавек, таму зламаць яго не атрымаецца пры ўсім жаданні следства і сілавікоў, нягледзячы на тэмпературу, зламаны палец, кашаль, худзізну, ператрусы і пастаянныя візіты людзей у неапазнанай форме.

Віталя абвінавачваюць у тым, чаго ён не рабіў, – яго малююць ідэолагам, галоўным натхняльнікам рэвалюцыі. Але гэта не так. Віталь – прафесійны паліттэхнолаг, прадказваць развіццё палітычных працэсаў – яго работа. І за яго погляды, якія ён ніколі не баяўся выказваць свабодна, на яго плануюць надзець цярновы вянок, абчапляны лаўрамі. У нашых сілах гэтага не дапусціць. Свабоду Віталю Шкляраву!”

Публікацыя — з № 77 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: