Тадэвуш Кандрусевіч

Прэс-сакратар Беларускай каталіцкай царквы паведаміў “Народнай Волі” апошнія навіны пра старшыню Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, якога не пускаюць у краіну.

Нагадаем, што 31 жніўня Тадэвушу Кандрусевічу не дазволілі вярнуцца з Польшчы дадому. Праз нейкі час Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з’явілася інфармацыя аб магчымай наяўнасці ў Кандрусевіча не аднаго грамадзянства і, як быццам, гэтую інфармацыю цяпер правяраюць.

“Калі там усё чыста і па законе, паступім па законе, – дадаў Лукашэнка. – Нам не важна, хто ён – галоўны каталік, галоўны праваслаўны ці галоўны мусульманін. Павінен жыць па законе. А калі ты яшчэ і ў палітыку ўлез і пацягнуў за сабой вернікаў, каталікоў, тады двайная адказнасць”.

Да гэтага часу не было вядома, на якой падставе арцыбіскупа не пусцілі на радзіму, і нават з’явіліся чуткі, што Т.Кандрусевіча маглі пазбавіць беларускага грамадзянства.

Але праз нейкі час старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў атрымаў адказ на свой зварот з Дзяржаўнага памежнага камітэта.

“Вы былі не прапушчаны праз дзяржаўную граніцу ў сувязі з прынятым органамі ўнутраных спраў рашэннем аб прызнанні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які вам належыць, несапраўдным”, – сказана ў паведамленні камітэта.

– Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі пастаянна з намі на сувязі, перадае прывітанне і дзякуе за малітвы, – кажа Юрый САНЬКО. – А мы зараз чакаем адказу з Міністэрства ўнутраных спраў.

– Дзе зараз знаходзіцца Тадэвуш Кандрусевіч?

– У Польшчы, пад Беластокам. Займаецца сваім здароўем, рэабілітацыяй. Таксама моліцца ў мясцовай парафіі.

– Ці ёсць нейкія навіны з нагоды праверкі яго пашпарта?

– Як вядома, Дзяржаўны памежны камітэт заявіў, што Тадэвуша Кандрусевіча не пускаюць у Беларусь на падставе рашэння аб прызнанні яго пашпарта несапраўдным, і параіў за тлумачэннямі звяртацца ў МУС.

Каля тыдня таму мітрапаліт туды звярнуўся, але адказу няма да гэтага часу. Думаю, сітуацыя працягне знаходзіцца ў падвешаным стане. Справа неардынарная, і нешта прагназаваць тут вельмі складана.

Публікацыя — з № 77 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: