Фота: Карына Маліноўская

У мінулым нумары “Народнай Волі” быў надрукаваны артыкул “…У выніку страціла цяжарнасць”, які стаў рэзанансным. Гаворка ў ім вялася пра тое, як маладая гродзенка, патрапіўшы ў міліцыю, затым у турму, а адтуль у бальніцу, страціла цяжарнасць.

Найперш яго цытавалі тэлеграм-каналы, а пасля і дзяржаўныя СМІ. Беларускае тэлебачанне, як і набліжаныя да ўлады тэлеграм-каналы, назвалі артыкул фейкам і апублікавалі даведку з подпісам галоўнай гераіні матэрыяла – гродзенкі Карыны Маліноўскай. Паводле гэтага дакумента, яна па сваёй волі зрабіла аборт 20 жніўня, а падала гэта нібыта так, што ўсё здарылася пасля збіцця ў міліцыі 11-га.

Як аўтар матэрыялу, заўважу: пра аборт у публікацыі нічога не паведамлялася, паколькі Карына не сказала, што зрабіла аборт па ўласным жаданні, проста канстатавала, што пазней страціла цяжарнасць. Маладой жанчыне няёмка было гаварыць пра інтымныя падрабязнасці.

Цяпер, калі мы пачалі ўдакладняць сітуацыю, Карына прадставіла новыя факты. Яна даслала ў рэдакцыю эпікрыз з медыцынскай карты, з якога вынікае, што ёй зрабілі ультрагукавую працэдуру, пасля якой было выстаўлена заключэнне: зафіксавана адслойка плоднага яйца.

“Я яшчэ ў бальніцы размаўляла з дактарамі, і яны сказалі, што лепей перарваць цяжарнасць, інакш выкідыш можа здарыцца на 12-м тыдні альбо на 22-м і верагоднасць таго, што ўдасца вынасіць здаровы плод, вельмі малая. А ў мяне на руках паўтарагадовая дачушка. Я размаўляла з многімі медыкамі там, яны мне давалі рэкамендацыі, але таго доктара, які даваў інтэрв’ю па БТ, ні разу не бачыла і не ведаю, хто ён. І дзіўна было слухаць, што ў мяне пры выпісцы было ўсё добра”, – напісала Карына.

Называючы аповед Карыны фейкам, чамусьці ніхто ні на праўладных тэлегам-каналах, ні ў СМІ не акцэнтаваў увагу на прычынах таго, што здарылася. Маўляў, сама падпісала згоду на аборт. Але ж яна не сама пайшла ў міліцыю, не сама сябе ўдарыла ў жывот, не сама паехала ў турму…

Гэта можна трактаваць цяпер па-рознаму, толькі вось сутнасць ад гэтага не змянілася – цяжарнасць страчана. Для чалавека – бяда.

АД РЭДАКЦЫІ

Аж са скуры вылузваюцца дзяржаўныя рэтранслятары, каб хоць нейкім чынам ушчаміць “Народную Волю”. Дарэмныя намаганні, спадарства! Вось і на гэты раз фейк не мы запусцілі, а вы пераблыталі ўсё на свеце, змяшалі боб з гарохам. Паспачуваць бы жанчыне, якая сапраўды пасля ўсяго таго, што адбылося з ёю ў міліцыі, ізалятары, вымушана была перапыніць цяжарнасць, а вы раскручваеце брудны прапагандысцкі ролік. І хочаце, каб вам пасля гэтага нехта верыў?

Публікацыя — з № 77 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: