Наталля Суслава. Фота з сацыяльных сетак
Наталля Суслава. Фота з сацыяльных сетак

29 верасня суд Чыгуначнага раёна Гомеля асудзіў кандыдатку філалагічных навук, выкладчыцу дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны Наталлю Суславу на 8 сутак арышту.

54-гадовую дацэнта кафедры рускай і сусветнай літаратуры амапаўцы затрымалі разам з іншымі гараджанамі ў мінулую нядзелю, калі супраць пратэстантаў былі ўжыты слезацечны газ і выстралы светашумавых ракет з падствольніка баявога аўтамата.

Наталлю Суславу меліся судзіць яшчэ ўчора ў другой палове дня. У суд прыйшлі студэнты ўніверсітэта, каб падтрымаць сваю выкладчыцу. Тут знаходзіўся і калега Суславай па ўніверсітэту Віктар Адзіночанка, дацэнт кафедры філасофіі, які быў сведкай яе затрымання. Выкладчыца часта выходзіла на мірныя акцыі, нягледзячы на шматлікія размовы з кіраўніцтвам факультэта.

«Я з іншай кафедры, але кантактую з Суславай. Яна вельмі дасведчаная выкладчыца, яе любяць і паважаюць студэнты. На такіх, як Суслава, трымаецца філалагічны факультэт. Яна чалавек высокіх ідэалаў, вельмі адказная і сумленная. Яна не будзе казаць студэнтам адно, а ў жыцці паступаць па-іншаму», – кажа дацэнт Адзіночанка.

На судзе выкладчыца пацвердзіла, што сапраўды была на маршы і выгуквала «Жыве Беларусь», бо гэта словы Янкі Купалы. І на вуліцу, паводле яе, сёння выходзяць людзі, для якіх «філаматы, слуцкія паўстанцы, Купала, Быкаў, Караткевіч – не пусты гук».

Асудзіў Наталлю Суславу адміністрацыйным арыштам на падставе міліцэйскага пратакола суддзя Яўген Шаршнёў.

Гомель: асудзілі на 8 сутак арышту ўніверсітецкую выкладчыцу, чалавека высокіх ідэалаў
Былыя і цяперашнія студэнты ў фае суда
Поделиться: