У чаканні судоў

28 верасня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі пакараў жыхара Жыткавічаў Сяргея Альвінскага 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Падставай стаў міліцэйскі пратакол, складзены паводле артыкула 23.34 КаАП аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

– Я ў шэсці не ўдзельнічаў, – тлумачыў у судзе Сяргей.

– А што вы рабілі? – пытаўся суддзя Салоўскі.

– Стаяў. Гімн спяваў і карагод вадзілі.

– Які гімн? – дапытваўся суддзя.

– Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

– Па якому поваду спявалі?

– Гімн спяваў без поваду, для гэтага повад не патрэбны,– адказаў Альвінскі.

Суддзя ўдакладніў, ці сапраўды 27 верасня прыкладна ў 15.40 Сяргей знаходзіўся, як напісана ў міліцэйскім пратаколе, “на цырку”, што на вуліцы Савецкай у Гомелі. Трыццацігадовы прадпрымальнік з Жыткавіч пацвердзіў, што сапраўды быў напярэдадні ў Гомелі, пабачыў, што на пляцоўцы каля цырку гараджане вадзілі карагод вакол фантана і спявалі гімн. Ён далучыўся. Міліцыянеры ў спецамуніцыі і схапілі Сяргея разам з іншымі гараджанамі і да суда адправілі ў ізалятар. Пакараўшы арыштам, суддзя Салоўскі павучальна патлумачыў Альвінскаму, што спяванне гімна – гэта парушэнне закона. Артыкул 35 Канстутыцыі гарантуе грамадзянам свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і дэманстрацый, пікетаў, але парадак іх правядзення вызначаецца законам. З гэтай прычына і пакаранне, паколькі Альвінскі не прасіў дазволу на масавае мерапрыемства.

На падставе аналагічных абвінавачванняў суддзя Салоўскі пакараў 10-суткавым арыштам Вячаслава Дземчанку, 5-суткавым – Дзіну Шчэбаву.

10 сутак арышту адмерала суддзя Алеся Восіпава Арцёму Філановічу. Арцёма, як і іншых пакараных, прыводзілі ў суд пад канвоем. Таксама на 10 сутак адпраўлены назад за краты Павел Блінцоў, схоплены напярэдадні.

Цырк, гімн, суд... Як у Гомелі каралі тых, хто асмеліўся выйсці на вуліцу
Арцёма Філановіча забірае міліцыянер пасля агалошвання пастановы на 10 сутак арышту

Трынаццаць жыхароў Гомеля, гвалтоўна затрыманых міліцыяй і АМАПам на маршы пратэсту супраць несумленных выбараў у мінулую нядзелю, судзілі на выяздным пасяджэнні суда Чыгуначнага раёна непасрэдна ў РАУСе. У прыватнасці, Леаніда Маркевіча пакаралі 15 суткамі арышту, Уладзілава Дземчанку і Валерыя Саломенку – 10 суткамі, валанцёраў Марыну Самусеву, Настассю Сасыкбаеву, Яніну Дрозд, Дар’ю Сідарэнку – аштрафавалі на 540 рублёў.

Чарговыя 15 сутак атрымаў у судзе Савецкага раёна сталы ўдзельнік акцый пратэсту ў горадзе, святар Уладзімір Драбышэўскі. Сёння ён меўся выйсці на волю пасля першай адсідкі, але быў асуджаны нанова.

Не дачакаліся разгляду адміністрацыйных спраў жыхары горада і студэнты, што прыйшлі ў суд падтрымаць фельчарку Алену Давыдаву і выкладчыцу ўніверсітэта імя Францішка Скарыны Наталлю Суславу. Іх таксама брутальна затрымалі на нядзельнай акцыі.

Цырк, гімн, суд... Як у Гомелі каралі тых, хто асмеліўся выйсці на вуліцу
Наталля Суслава. Фота з сацыяльных сетак

Нагадаем, што 27 верасня на пяцідзесяты дзень пратэстаў супраць несумленных выбараў і таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі, амапаўцы ўжылі ў Гомелі для разгону дэманстрантаў, якія ішлі па вуліцы, слезацечны газ і светашумавую ракетніцу. У той жа час адбыўся і брутальны хапун. Пасля гэтага многія дэманстранты перайшлі на левы бок вуліцы Савецкай, дзе зладзілі хаварод вакол фантана і праспявалі афіцыйны дзяржаўны гімн Беларусі. Аднак гэта не ўратавала гамяльчан ад новых затрыманняў.

Поделиться: