Ягор Марціновіч у судзе / nn.by

28 верасня суд Заводскага раёна Мінска прызнаў вінаватым ва ўдзеле ў “незаконным масавым мерапрыемстве” галоўнага рэдактара “Нашай нівы” Ягора Марціновіча, паведамляе Еўрарадыё.

Яго пакаралі штрафам — 405 рублёў. Суд паверыў, што Марціновіч удзельнічаў у мітынгу, які ў ноч з 10 на 11 жніўня праходзіў у раёне станцыі метро “Пушкінская”. Насамрэч сілавікі выцягнулі яго з машыны, закінулі ў аўтазак, збілі і ноч трымалі на зямлі каля Заводскага РУУС, а пасля была турма ў Жодзіне. Агулам ён тады правёў за кратамі паўтара сутак, а пра яго месцазнаходжанне не ведалі блізкія і калегі.

Ягор Марціновіч застаецца падазраваным па крымінальнай справе аб паклёпе — за апублікаваны на сайце “Нашай нівы” артыкул пра тое, што “Дыджэя пераменаў” Улада Сакалоўскага ў ізалятары збіваў намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў. Марціновічу забаранілі выезд за мяжу.

Поделиться: