Беларускі металургічны завод у Жлобіне

Суддзя суда Жлобінскага раёна Яўген Ерафееў 25 верасня пакараў рабочага Беларускага металургічнага завода Сяргея Кураленю 12-суткавым арыштам. На падставе міліцэйскага пратакола Кураленя прызнаны вінаватым у парушэнні закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

Як паведаміла жыхарка Жлобіна Ліяна Шуба, якая прысутнічала на судзе, Сяргей не адмаўляў свайго удзелу ў сходзе на тэрыторыі завода, але прасіў суд не арыштоўваць яго, а пакараць штрафам, паколькі дома застаецца цяжарная жонка з шасцігадовым дзіцем. Жыве рабочы са сваёй сям’ёй у прыватным доме, абагрэў якога на дровах, і цяжарнай жанчыне не справіцца адной з гаспадаркай.

Аднак суддзя арыштаваў рабочага не толькі, як адзначаецца ў пастанове, “дзеля выхавання” яго самога, але і “іншых фізічных асоб”.

Гаворка ідзе пра страйк металургаў 17 жніўня, калі на БМЗ была спынена загрузка сталеплавільных печаў, а рабочыя вышлі на мітынг і перадалі кіраўніцтву завода спіс патрабаванняў, сярод якіх – спыненне гвалту сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў, вызваленне палізняволеных, адстаўка прэзідэнта і правядзенне новых выбараў.

Слесар-рамонтнік кранавага абсталявання СПЦ-2 Сяргей Кураленя не лічыў мітынг 17 жніўня недазволеным, паколькі праходзіў ён на тэрыторыі завода ў прысутнасці прадстаўнікоў дырэкцыі і прафкама. Больш таго, намеснік генеральнага дырэктара Мікалай Анелькін абяцаў, што за страйк караць не будуць.

Суддзя запытаўся ў рабочага, ці былі ў пераліку патрабаванняў, пад якім металургі ставілі подпіс, пытанні працоўнага характару? Сяргей адказаў, што не было.

У тым жа Жлобінскім судзе на сыходзе бягучага тыдня судзілі і іншых гараджанаў на падставе артыкула 23.34 КаАП за ўдзел у недазволеных масавых мерапрыемствах, а па сутнасці – за пратэстныя акцыі супраць несумленных выбараў і гвалту міліцыі ў дачыненні да пратэстоўцаў. Прадпрымальніцу Ілону Ткачову другі раз асудзілі на 8 сутак арышту, яе мужа Валерыя – на 12.

Праз пастановы суда паўторна пакараны 10 суткамі арышту Аляксандр Мамай (раней адбыў 12 сутак). Яго бацьку Уладзіміра суд адправіў за краты на 8 сутак, а дзядзьку Міхаіла – аштрафавалі.

Поделиться: