Мікалай Казека

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле распавёў “Народнай Волі”, што да гэтага часу не атрымаў тлумачэння з Міністэрства спорту і турызму.

Мікалай Казека – славуты беларускі трэнер. На ліку яго выхаванцаў сем алімпійскіх медалёў, не кажучы пра першынствы свету і Еўропы і іншыя прэстыжныя спаборніцтвы.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Мікалай Іванавіч вырашыў таксама акрэсліць сваю грамадзянскую пазіцыю і публічна выказаўся пра тое, што адбываецца ў краіне.

“У гэтым жыцці не ўсё ў грашах вымяраецца, – сказаў Мікалай Казека tribuna.com. – Зараз патапталіся па асноўных чалавечых прынцыпах. Нават у афрыканскіх краінах такога няма. Мы ў цэнтры Еўропы, а нас за людзей не лічаць.

Але народ заўсёды пераможа. Пытанне толькі ў тым, колькі на гэта трэба часу і сіл. На сто працэнтаў упэўнены, што так, як было раней, ужо дакладна не будзе. Я казаў гэта перад выбарамі, калі даваў інтэрв’ю, кажу і цяпер. Так, як было раней, быць не можа. Пайшлі пратэстныя з’явы, людзі выказваюцца. Самалюбства беларусаў закранута”.

Да слова, выказаўся не толькі трэнер, але і іншыя зорныя фрыстайлісты – чэмпіёнка свету Аляксандра Раманоўская, трэнер Дзмітрый Дашчынскі

У хуткім часе за “дрэнную ідэалагічную працу” быў звольнены дырэктар Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле Вадзім Крывашэеў. Але, як кажуць, святое месца пустым не застаецца. Кіраўніком цэнтра быў прызначаны Сяргей Марчанка, які да гэтага працаваў дырэктарам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па вадналыжных відах спорту ў Наваполацку, а яшчэ раней быў начальнікам аддзела фізкультуры, спорту і турызму Наваполацкага гарвыканкама.

Відаць, Марчанка вырашыў не паўтараць памылкі папярэдніка, а таму з самага пачатку заняўся патрыятычным выхаваннем ненадзейных таварышаў. Першым на такое перавыхаванне патрапіў славуты трэнер Мікалай Казека, які атрымаў ліст за подпісам таго самага Сяргея Марчанкі “аб вяртанні грашовых сродкаў у дасудовым парадку”.

У дакуменце паведамляецца, што трэнер пазбаўлены імянной стыпендыі прэзідэнта. Акрамя таго, з яго спаганяюць сродкі, выплачаныя “ў перыяд з 13 ліпеня 2019 г. па 2 чэрвеня 2020 г.” (па адміністрацыйным спагнанні).

Пасля гэтага Мікалай Казека звярнуўся да міністра спорту з лістом-зваротам, каб той патлумачыў сутнасць прэтэнзій па вяртанні сродкаў.

– Ніхто і нічога мне да гэтага часу так і не патлумачыў, – кажа Мікалай Іванавіч. – Магчыма, адмыслова цягнуць час.

– У вас якія меркаванні з гэтай нагоды?

– Якія тут могуць быць яшчэ меркаванні? Буду чакаць да таго моманту, калі прымуць нейкае рашэнне і дадуць адказ. З гэтага месца, што называецца, і будзем танцаваць.

– Пра якое адміністрацыйнае спагнанне ідзе размова?

– Яно было ў мінулым годзе і ўжо даўно прайшло. Тычылася кіравання аўтамабілем…

– Чым зараз займаецеся?

– Праходзіў агляд у медкамісіі, а каманда трэніруецца ў цэнтры “Фрыстайл”. Усе спартсмены ў зборы, працуем у штатным рэжыме. Ніякіх катаклізмаў няма, калі не лічыць, што Саша Раманоўская яшчэ цалкам не аднавілася.

…Сярод выхаванцаў Мікалая Казекі – алімпійскія чэмпіёны Ала Цупер і Ганна Гуськова, Аляксей Грышын і Антон Кушнір. Імя гэтага трэнера, які і ў жыцці, і ў спартыўнай кар’еры дасягнуў неверагодных вышынь, ведаюць ва ўсім свеце.

І вельмі прыкра бачыць, як сёння нейкія “моські” спрабуюць укусіць “Слана”, ганьбячы свае прозвішчы. Хаця, можа быць, толькі такім чынам пра іх нехта і даведаецца.

Публікацыя — з № 76 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: