Вядомая баскетбалістка выставіла свой абутак на аўкцыён.

У красоўках, якія Алена Леўчанка выставіла на аўкцыён, яна выступала на Алімпіядзе ў Рыа ў 2016 годзе. Атрыманыя за іх сродкі спартсменка плануе адправіць у Фонд салідарнасці спартсменаў.

Нагадаем, што гэты фонд створаны для падтрымкі спартсменаў, якія адкрыта заявілі аб сваёй нязгодзе з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і выступілі супраць гвалту з боку сілавікоў.

“Зараз праходзіць аўкцыён, на якім многія вядомыя спартсмены Беларусі выстаўляюць нейкую сваю атрыбутыку, – кажа Алена Леўчанка. – Уся выручка, атрыманая ад продажу спартыўных рэліквій, пойдзе ў Фонд спартыўнай салідарнасці BYSOL. Фонд прымае заяўкі ад тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, і размяркоўвае гэтую дапамогу на падставе прынцыпаў адкрытасці і празрыстасці.

Я вырашыла выставіць свае красоўкі, у якіх гуляла на Алімпіядзе ў Рыа ў 2016 годзе. Гэта была мая другая Алімпіяда. Гэтыя красоўкі імянныя, з маім нумарам 11, на іх напісана «BELARUS».

Такія красоўкі адзіныя ў свеце. Яны для мяне асаблівыя. Але яны будуць яшчэ больш асаблівымі, калі прынясуць карысць і дапамогуць людзям, якія ў гэтым зараз маюць патрэбу. Давайце разам падтрымаем адзін аднаго, бо толькі так мы даведаемся пра нашу сапраўдную сілу”.

Стартавая цана на красоўкі баскетбалісткі была 100 рублёў, але за два дні яна вырасла да 1950 рублёў. Аўкцыён працягнецца да 1 кастрычніка.

Публікацыя — з № 76 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: