Валерый Карбалевіч. Фота: udf.by

У апошнія гады, асабліва пасля Крыма, беларускія афіцыйныя асобы (Лукашэнка, Макей і іншыя) шмат увагі надавалі абгрунтаванню канцэпцыі шматвектарнасці. Беларусь як краіна-міратворца, “Хельсінкі-2”, донар стабільнасці рэгіёна і гэтак далей.

Эксперты, у тым ліку незалежныя, падводзілі пад гэта тэарэтычны падмурак. Яны (напрыклад, Яўген Прэйгерман) шмат пісалі, што замежная палітыка Беларусі абумоўлена геапалітычным чыннікам, таму невялікай краіне, якая знаходзіцца паміж двума моцнымі цэнтрамі сілы (Расія і Еўрасаюз), проста наканавана праводзіць палітыку балансавання, сябраваць з усімі, дыверсіфікаваць адносіны, пазбягаць моцнай залежнасці толькі ад адной краіны і г.д. З тэарэтычнага гледзішча, здаецца, усё правільна.

І трэба ж было здарыцца цяперашняму палітычнаму крызісу, каб усе гэтыя абстрактныя пабудовы разляцеліся ўшчэнт!

Высветлілася, што для аўтарытарнага рэжыму замежная палітыка – усяго толькі спосаб, сродак, інструмент утрымання ўлады адным чалавекам. І больш нічога. Знешнепалітычны разварот цягам літаральна некалькіх дзён прадэманстраваў гэта ў крыштальна чыстым выглядзе.

Тое, што гэтую функцыю (утрыманне ўлады) выконваюць, напрыклад, сілавыя структуры, праваахоўныя органы, было зразумела і раней. А вось Міністэрства замежных спраў, здавалася б, трохі іншае ведамства, якое зыходзіць з дзяржаўных інтарэсаў, што так хутка не мяняюцца. А аказалася, насамрэч усё значна прасцей і прымітыўней. Увесь дзяржаўны інтарэс звёўся да таго, каб дапамагчы «пасінелым пальцам».

Лукашэнка апошнімі гадамі шмат гаварыў пра неабходнасць умацавання суверэнітэту Беларусі. На гэтай ідэі была фактычна пабудавана ягоная перадвыбарная кампанія. Маўляў, беларусы не павінны больш хадзіць «пад бізуном». А як толькі запахла смажаным, узнікла пагроза ўладзе, дык адразу стаў прасіць Пуціна ўвесці ў Беларусь расійскія войскі. Улада для яго важнейшая за суверэнітэт.

17 верасня Лукашэнка выступае ў Мінску на мерапрыемстве ў сваю падтрымку. На нашых вачах адсякаецца заходні вэктар. 18 верасня кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей прыгразіў, што калі Еўрасаюз прыме санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі, то Мінск можа разарваць дыпламатычныя адносіны з дзяржавамі Еўрапейскага Саюза.

А 21 верасня старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных заявіў, што «шматвектарная палітыка… больш не забяспечвае патрэбныя ўмовы для спрыяльнага развіцця Беларусі» і найвышэйшым прыярытэтам для краіны становіцца «ўмацаванне палітычных, эканамічных і ваенных стасункаў з Расійскай Федэрацыяй у рамках саюзнай дзяржавы».

Значыць, дасюль шматвектарная палітыка спрыяла развіццю краіны, а цяпер раптам перастала. Прага ўлады аднаго чалавека падмяніла нацыянальныя інтарэсы.

Некаторыя эксперты назвалі працэс апошняга месяца «дэфолтам» замежнай палітыкі Беларусі. Сапраўды, адмова ад шматвектарнасці, вяртанне да аднаго вектара азначае, што замежная палітыка ў звычайным сэнсе знікае. Як і дыпламатыя. Каб кантактаваць з расійскімі чыноўнікамі, МЗС не патрэбны. Адносіны з РФ адбываюцца, як правіла, пры мінімальным удзеле Міністэрства замежных спраў. Нагадаю, што пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка адначасова з’яўляецца і віцэ-прэм’ерам. Значыць, ён мае большы ранг, чым Уладзімір Макей, які ўсяго толькі міністр.

Таму на дзвярах МЗС цяпер можна вывесіць таблічку: «Міністэрства закрыта, усе пайшлі на фронт барацьбы за ўтрыманне ўлады Лукашэнкі».

Публікацыя — з № 76 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: