Фота: Наша Ніва

Раніцай 23 верасня, у дзень так званай інаўгурацыі, у кватэры галоўнага рэдактара “Нашай Нівы” прайшоў вобыск.

Ягора Марціновіча затрымалі па падазрэнні ў паклёпе, змешчаным у матэрыяле, дзе згадваецца намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Аляксандр Барсукоў.

“Да нас у кватэру можна было прыводзіць студэнтаў юрфака, каб паказваць, як павінен праходзіць узорны ператрус, – распавяла жонка Марціновіча журналістка Адар’я Гуштын. – Праводзілі яго аператыўнікі УСБ МУС. Мы дабіліся, каб панятымі былі нашы суседзі, каб на ператрус пусцілі адваката, каб аглядалі пакоі па чарзе, каб усё карэктна ўпісалі ў пратакол. Ягор паеў і памыўся, апрануты і мае з сабой усё неабходнае, маральна і інфармацыйна ён таксама падрыхтаваны”.

Учора Следчы камітэт заявіў: “Следчым камітэтам расследуецца крымінальная справа аб паклёпе. Паводле дадзеных следства, у сярэдзіне жніўня бягучага года на інтэрнэт-рэсурсе «Наша Ніва» змешчана публікацыя, якая ўтрымлівае заведама несапраўдныя звесткі, якія прыніжаюць гонар і годнасць і ганяць намесніка міністра ўнутраных спраў Беларусі. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа па арт.188 Крымінальнага кодэкса. Па падазрэнні ў здзяйсненні паказанага злачынства затрыманы галоўны рэдактар рэсурсу. Абставіны супрацьпраўных дзеянняў высвятляюцца. Праводзіцца расследаванне.

За восем месяцаў бягучага года па арт.188 Крымінальнага кодэкса распачата 27 крымінальных спраў. Следчы камітэт нагадвае, што паклёп цягне за сабой не толькі адміністрацыйную, але і крымінальную адказнасць”.

Адвакат Сяргей Зікрацкі даў кароткі юрыдычны лікбез, чаму журналіста наогул нельга судзіць за паклёп.

«Міжнародныя прынцыпы свабоды выказвання меркавання і дзейнасці медыя зыходзяць з таго, што адказнасць за паклёп можа быць толькі грамадзянска-прававая, – гаворыць Зікрацкі. – Калі былі распаўсюджаны звесткі, якія кагосьці ганяць, то на медыя або журналіста можа быць накладзены штраф. Аднак журналіст не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Але ў некаторых краінах яшчэ засталася крымінальная адказнасць за паклёп. Таму – па-другое.

Па-другое, арт.188 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае, што адказнасць за паклёп надыходзіць толькі пры наяўнасці прамога намеру. Гэта азначае, што асоба ведае, што звесткі недакладныя, і тым не менш іх распаўсюджвае.

Журналіст, які атрымлівае інфармацыю ад сваіх крыніц, не можа дакладна ведаць, кажа крыніца праўду ці не. У гэтай сувязі ў журналіста ў абсалютнай большасці выпадкаў не можа быць прамога намеру на распаўсюджванне ілжывых выказванняў.

Упэўнены, што справа ў дачыненні да Ягора Марціновіча павінна быць неадкладна спынена”.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” таксама выступае за дэкрыміналізацыю дыфамацыі ў прынцыпе.

“У крымінальным пераследзе Ягора Марціновіча (з прыцягненнем да гэтага пераследу супрацоўнікаў сілавых структур) мы бачым таксама праявы цэнзуры і злоўжыванне прававымі нормамі для абмежавання свабоды слова, – гаворыцца ў спецыяльнай заяве БАЖ. – Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Ягора Марціновіча і спынення крымінальнага пераследу!”

Публікацыя — з № 76 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: