Фота з адкрытай крыніцы

Чэмпіянат Кантынентальнай хакейнай лігі можа зноў не закончыцца.

16 сакавіка гэтага года КХЛ абвясціла аб прыпыненні сезона. Да таго моманту фінскі “Ёкерыт” і “Барыс” з Астаны, якія працягвалі разам з шасцю расійскімі камандамі барацьбу ў плэй-оф, у аднабаковым парадку зняліся з турніру на фоне закрыцця межаў і абмежавання міжнародных авіяпералётаў.

Кіраўніцтва Лігі адзначыла, што правядзенне гульняў без удзелу фінскага і казахстанскага клубаў было б парушэннем спартыўнага прынцыпу.

Кожная краіна змагалася з каранавірусам сваімі метадамі, але ў верасні новы сезон КХЛ стартаваў па раскладзе. Зрабілі выгляд, што пандэмію як быццам ужо перамаглі. Праўда, з’явіліся абмежаванні для гледачоў – сталі менш квіткоў прадаваць на матчы, каб балельшчыкі маглі захоўваць дыстанцыю.

Чэмпіянат толькі стартаваў, а навіны ўжо паступаюць сумныя і трывожныя.

Напрыклад, старшыня савета дырэктараў рыжскага “Дынама” Юрыс Савіцкіс заявіў, што клуб сыходзіць на двухтыднёвы каранцін з-за таго, што ў камандзе шмат захварэлых на каранавірус. Станоўчыя вынікі тэсціравання выяўлены ў дзесяці (!) хакеістаў.

У выніку бліжэйшыя матчы рыжан ў КХЛ не адбудуцца. У тым ліку і гульня 1 кастрычніка з мінскім “Дынама”.

Раней быў перанесены на нявызначаны тэрмін матч рыжан з “Тарпеда”, які павінен быў прайсці 22 верасня.

Дарэчы, “Дынама-Рыга” – ужо трэці клуб КХЛ, які вымушана бярэ паўзу ў першынстве. Да яго на самаізаляцыю адправіліся тыя самыя “Ёкерыт” і “Барыс”, якія адмовіліся гуляць з-за эпідэміі ў сакавіку.

Чатыры бліжэйшыя матчы чэмпіянату КХЛ з удзелам “Ёкерыта”, якія павінны былі адбыцца 15 верасня з “Северсталлю”, 17 верасня – з “Металургам”, 19 верасня – з “Віцязем” і 21 верасня – з ЦСКА, таксама перанесены на больш позні тэрмін.

Ігракі фінскай каманды трапілі ў кантактную групу па рашэнні органаў аховы здароўя Фінляндыі пасля таго, як стала вядома, што ў прадстаўнікоў расійскага “Нафтахіміка”, з якім “Ёкерыт” праводзіў папярэдні матч рэгулярнага чэмпіянату, былі выяўлены станоўчыя вынікі пасля праходжання абавязковых экспрэс-тэстаў на каранавірус.

У адпаведнасці з загадам фінскіх улад “Ёкерыт” павінен прайсці двухтыднёвы каранцін, з-за чаго правядзенне чатырох бліжэйшых матчаў каманды немагчыма.

Адным словам, старт першынства, як той першы блін, адразу аказаўся камяком, і, магчыма, гэта толькі кветачкі, а ягадкі чакаюць наперадзе. Бо, скажам, у Беларусі апошнім часам назіраецца рост захварэлых на каранавірус, а другую хвалю самі медыкі прагназуюць на лістапад-снежань. Таму зусім магчыма, што там ужо будзе і не да хакея. Стаўкі на тое, што першынство ў чарговы раз спыняць, вельмі высокія.

А вось балельшчыкаў мінскага “Дынама” такая сітуацыя не можа радаваць, бо якраз-такі ў гэтым сезоне “Зубры” стартавалі як ніколі добра. Шкада, што можам не ўбачыць развязку. Калі толькі кіраўніцтва КХЛ не прыслухаецца да парадаў аднаго беларускага “доктара”, які заявіў, што “самае лепшае лякарства ад каранвіруса – гэта хакей”.

ТЫМ ЧАСАМ

Былы кіраўнік федэрацыі хакея Латвіі Кіраў Ліпман не выключае, што з-за пандэміі і ў 2021 годзе чэмпіянат свету па хакеі, які павінен быў прайсці ў Рызе і Мінску, можа не адбыцца.

“Псіхалогія людзей такая, што яны адразу ж не пагодзяцца з тым, што пандэмія скончылася (каля яна на самай справе скончыцца ў наступным годзе), – кажа Ліпман. – Яны не змогуць тут жа адкінуць думкі пра яе, усё роўна людзі будуць працягваць баяцца каранавіруса.

Таму далёка не факт, што балельшчыкі рызыкнуць ісці на стадыён і запаўняць трыбуны. Спачатку людзі будуць баяцца наведваць масавыя мерапрыемствы, уключаючы спартыўныя.

Але ўсё роўна трэба быць аптымістам. Калі да вясны наступнага года праблема знікне, то яна знікне ва ўсіх. І ўжо дакладна беларусы пры любых абставінах пагодзяцца праводзіць чэмпіянат свету”.

Публікацыя — з № 76 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: