Фота з асабістага архіва

Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кожную раніцу прызнаецца ў каханні сваёй жонцы. Днямі яны справілі агатавае вяселле.

“36 гадоў разам крочым па дарогах і сцежках жыцця, – падпісаў гэты здымак у сацсетках вядомы палітык. – Нам ёсць што ўзгадаць, ёсць чым ганарыцца. Але ёсць і мары, да якіх хочацца дакрануцца рукой заўтра. І мы гэта зробім…”

Святлана і Анатоль Лябедзька маюць унучку Паліну, з якой, між іншым, палітык праводзіць нямала часу.

Святлана працавала настаўніцай англійскай мовы. Нейкі час таму ў інтэрв’ю “Народнай Волі” яна распавядала, што ў сямейным плане шчаслівы чалавек: “Калі Толя не ў турме, то кожную раніцу ён гатуе мне каву. Праўда, з ежы муж можа зрабіць толькі яечню, адрэзаць хлеба і каўбасы, ну, і яшчэ разагрэць прыгатаванае. І што такое пыласос ўзяць у рукі, Толя таксама не ведае”.

“Народная Воля” пацікавілася, што падараваў Лябедзька сваёй жонцы з нагоды прыватнага свята.

Адсвяткавалі вузкім сямейным колам,распавяла дэталі “Народнай Волі” Святлана Лябедзька. – Пярсцёнка з брыльянтам не падараваў – на гэта пакуль няма грошай. Ці прызнаваўся ў каханні? Ведаеце, з цягам часу ў адносінах многае спрашчаецца, і нейкіх слоў таксама, магчыма, становіцца менш. Але калі кожную раніцу ён устае з ложка і варыць мне каву, не лянуецца, значыць, не ўсё так дрэнна. Значыць, кахае! І пярсцёнак ў гэтым выпадку зусім не паказчык.

– За 36 гадоў сямейнага жыцця, напэўна, было ўсялякае. Да думкі аб разводзе даходзіла?

– Так, было шмат чаго, але да разладу ці думкі скасаваць шлюб – цьфу-цьфу! Мы неяк вельмі незаўважна прайшлі ўсё крызісы ў сямейных адносінах. Ды і крызісамі гэта не назавеш. У нас калі і бываюць сваркі, то яны чыста бытавыя.

– У здрадах мужа не падазравалі?

– Нават думкі такой не ўзнікала! І, спадзяюся, гэта ўзаемна. Мы такіх нагод адзін аднаму ніколі не давалі. Я ўпэўнена ў сваім мужу. Ён сапраўды надзейны чалавек.

– Цяпер Анатоль Лябедзька не кіраўнік партыі, не прэзідэнт краіны. Вы больш часу сталі з ім праводзіць?

– Муж сёння сапраўды больш часу праводзіць дома. Праўда, менш загружаным Анатоль не стаў. Ён чалавек, які захапляецца тым, што робіць, і таму нямала часу аддае свайму новаму занятку. А вось я дома стала бываць менш, чым раней. Сын вырас, вольнага часу стала больш, сілы ёсць, таму чаму не папрацаваць, тым больш калі ёсць настрой?

– Святлана Паўлаўна, кахання вам і здароўя!

– Дзякуй!

Публікацыя — з № 76 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: