24 верасня судзілі затрыманых напарэдадні гамяльчан, якіх міліцыя абвінаваціла ва ўдзеле ў недазволеных масавых мерапрыемствах пасля інаўгурацыі Лукашэнкі альбо ў хуліганстве. Валанцёры налічылі, што ўчора было схоплена на вуліцах горада звыш дзесятка чалавек, якіх адправілі ў ізалятар, а сёння пад аховай прывозілі ў суд “узаконьваць” іхнія затрыманні.

Гомель: сёння суддзі "раздавалі" арышты і штрафы тым, каго міліцыя схапіла напярэдадні
Валанцёры каля суда

Суддзя Цэнтральнага раёна Віктар Казачок пакараў 8 суткамі арышту Данілу Савасцянава, затрыманага 23 верасня ў 19.50 каля ўнівермага нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Таксама 8 сутак арышту адмераў суддзя Казачок Мікалаю Гатальскаму, затрыманаму міліцыяй учора а 22-й гадзіне на плошчы Леніна, і зноў-такі за ўдзел у недазволенай акцыі.

Грамадская актывістка Алена Тоцкая абураецца пакаранем Паўла Навіцкага. Яму прысудзілі 10 сутак арышту і штраф у памеры 270 рублёў, як лічыць актывістка, нібыта па нагавору міліцыянера, які абвінаваціў хлопца ў непадпарадкаванні і абразе.

Бачна, што Навіцкі інтэлігентны хлопец, ён не мог лаяцца, абражаць кагосьці. У хлопца на шчацэ каля скроні была садрана скура, але суддзя Казачок на гэта не звяртаў увагі. Узяў і пакараў Мікалая і штрафам, і суткамі, – распавяла Тоцкая.

У тым жа Цэнтральным судзе аштрафавалі на 270 рублёў маладую гамяльчанку Алену Зямлянскую за ўдзел на пляцоўцы каля цырка ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і лаянку.

Такі ж штраф вынесены і студэнтцы Уладзіміры Гуменнікавай, затрыманай амапаўцамі каля вечнага агню на плошчы Працы.

Гуменнікава расказала ў судзе, што яна прыйшла з сяброўкамі да Вечнага агню ўшанаваць памяць загіблага падчас жнівеньскага затрымання 25-гадовага гамяльчаніна Аляксандра Віхора. Пад’ехаў аўтазак, выскачылі амапаўцы і сталі хапаць тых, хто ўдзельнічаў у жалобнай імпрэзе, – паведаміла валанцёрка Аліна Беладзедава.

Яна дадала, што ходзіць на суды падтрымаць ахвяраў гвалту, бо ў жніўні сама патрапліла ў падобны “хапун” і таксама была аштрафавана. Дзяўчына абураецца тым, што ў краіне несумленна палічылі галасы на выбарах, яна не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам, хоць ён і правёў інаўгурацыю, і абураецца тым, што любое праяўленне свабоды слова, мірныя сходы душацца сілавікамі. А суды праз штрафы і арышты затрыманых надаюць гэтаму гвалту нібыта законныя падставы.

Поделиться: