Збор подпісаў за Ціханоўскую ў Гомелі. За сталом – Таццяна Канеўская

У Гомелі амапаўцы і невядомыя ў цывільным затрымалі Аляксандра Канеўскага, сына зняволенай Таццяны Канеўскай, адной з заснавальніц руху Маці 328 і даверанай асобы на прэзідэнцкіх выбарах Святланы Ціханоўскай. Ужо другія суткі Аляксандр знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама. Пра гэта паведаміў Дзмітрый Канеўскі, брат затрыманага.

Сілавікі перастрэлі Аляксандра разам з бацькам, калі яны ехалі на аўтамашыне на працу. Дарогу ім перагарадзіў чырвоны мікрааўтобус, з якога і выскачылі амапаўцы. Супрацоўнік у цывільным сказаў бацьку, што сына затрымліваюць па “падазрэнні ў злачынстве”. Раней Аляксандр адбываў пакаранне за пакупку дзвюх дозаў наркотыкаў і выйшаў летась на волю па амністыі.

Увечары 22 верасня ў прыватным доме Канеўскіх міліцыя ўчыніла ператрус. Шукалі нібыта наркотыкі, а забралі вінчэсцер з камп’ютара, які сям’я набыла з дапамогай знаёмых пасля выняцця кампутарнай тэхнікі па “справе Таццяны Канеўскай”, маці сямейства. Падчас вобшуку сілавікі сцвярджалі, што Аляксандра затрымалі за “нанясенне пашкоджанняў супрацоўніку міліцыі”. Аднак у сям’і пра нейкі інцыдэнт Сашы з міліцыянтамі да ўчорашняга дня нічога не ведалі і не даюць веры такой інфармацыі.

У Таццяны і Мікалая Канеўскіх чацвёра сыноў, меншаму з якіх трынаццаць гадоў. Саму Таццяну затрымалі яшчэ ў жніўні па адміністрацыйнай справе за ўдзел у недазволеных масавых акцыях.  Перад гэтам міліцыя і супрацоўнікі КДБ некалькі дзён шукалі жанчыну. Яна вымушана была не знаходзіцца дома, асцерагаючыся прэвентыўнага затрымання. Тады ж у прыватнай хаце Канеўскіх  міліцыя зрабіла агляд і ператрус. Супрацоўнікі забралі ўсю агітацыйную прадукцыю за Святлану Ціханоўскую, якая знаходзілася ў Канеўскіх.

Пасля затрымання Таццяна Канеўская некалькі дзён утрымлівалася ў гомельскім ІЧУ, а потым яе перавезлі ў Мінск у турму на вуліцу Валадарскага. Яна з’яўляецца адным з фігурантаў крымінальнай справы па ч.1 арт. 342 “Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.

Мы атрамалі некалькі лістоў ад маці, – кажа сын Дзмітрый. – Але гэта лісты прыватнага характару. Пра крымінальную справу маці, па сутнасці, нічога не піша.

Разам з Канеўскай у так званай справе аб масавых беспарадках праходзяць і іншыя члены ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай з Гомеля – давераная асоба Юрый Уласаў і Аляксандр Шабалін, а таксама Руслан Парфёнаў і Анатоль Колас з Мазыра.

Хутчэй за ўсё, у лік фігурантаў па згаданай крымінальнай справе далучаць і Аляксандра Канеўскага, затрыманага 22 верасня перад пачаткам працоўнага дня.

Поделиться: