Вольга Вялічка
Вольга Вялічка

Ананімны тэлеграм-канал напярэдадні распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што зачынена памяшканне Гродзенскага дзіцячага хоспіса, у якім інваліды і валанцёры шылі медыцынскія маскі і іншыя прыналежнасці для медыкаў вобласці. Прычыны называліся самыя неверагодныя.

Інцыдэнт нібы на роўным месцы

Кіраўніца Гродзенскага дзіцячага хоспіса імя святога Губерта Вольга Вялічка папросту ў шоку ад таго, што адбываецца ў гэтыя дні ў дачыненні да іх арганізацыі.

“Учора па загаду дырэктара камбіната школьнага харчавання Сяргея Дэмбіцкага, дзе мы арэндуем памяшканне, быў павешаны на дзверы замок і валанцёраў не пусцілі на свае працоўныя месцы”, – гаворыць яна.

Вялічка расказвае, што давялося выклікаць міліцыю на самаўпраўства дырэктара, паколькі падпісана дамова арэнды, яна дзейнічае, памяшканне аплочваецца ў якасці дапамогі хоспісу гродзенскім гарвыканкамам.

Яна спрабавала датэлефанавацца да дырэктара, але той адмовіўся размаўляць і тлумачыць свае паводзіны. Начальнік цэха, які вешаў замок, сказаў, што не ведае прычын, а толькі выканаў загад.

У сераду давялося шмат часу патраціць на інвентарызацыю, паколькі ў памяшканні знаходзіцца абсталяванне – швейныя машынкі, сталы, іншыя рэчы для працы, а таксама асабістыя рэчы валанцёраў.

Па сітуацыі працуе адвакат

Замок з дапамогай міліцыі ўчора ўсё ж знялі, і валанцёры працягвалі працу. Але ўвечары праз ананімны тэлеграм-канал пачала распаўсюджвацца ілжывая інфармацыя аб тым, што хоспіс нібыта зачынілі з прычыны таго, што Вольга Вялічка разам з кіраўніком гродзенскага гарвыканкама Мечыславам Гоем шылі там бел-чырвона-белыя сцягі і прадавалі па 20 рублёў.

Другая паклёпніцкая інфармацыя датычыла таго, што валанцёры шыюць маскі, бахілы, супрацьчумныя касцюмы і прадаюць гэта, выкарыстоўваючы дзіцячую працу.

“Гэта асабліва крыўдна, паколькі валанцёры шыюць для медыкаў вобласці неабходныя рэчы ад самага пачатку з’яўлення каранавіруса. Прыходзяць сюды, як правіла, пасля працы, ні з чым не лічацца, а іх так вось папросту прынізілі”, – адзначае Вялічка.

“Тыя, хто гэта робіць, напэўна страцілі ўсякае маральнае аблічча, але беспакараным гэта не застанецца. З гэтымі “дудзілкамі” ужо працуе наш адвакат і паклёпнікі адкажуць у судзе”, – кажа Вялічка.

“Будзе абвяржэнне”

Дырэктар камбіната школьнага харчавання Сяргей Дэмбіцкі, па тэлефоне сказаў: “Будзе абвяржэнне інфармацыі, чытайце далей інтэрнэт. Мы там нічога не вешалі, гэта ўсё хлусня”.

На словы, што той факт, што памяшканне было закрыта зафіксавала міліцыя, ён адрэагаваў: “Не ведаю, хто там каго выклікаў. У нас праблем няма ніякіх, усё працуе ў штатным рэжыме…”

І паклаў слухаўку.

Чаго хоча дырэктар камбіната?

Кіраўніца хоспіса распавядае, што адносіны з дырэктарам не складваюцца, але ён не хоча ісці на размову і тлумачыць сваю пазіцыю.

Паводле Вольгі Вялічкі, ён ужо дасылаў некалькі пісем аб тым, каб разарваць з намі дамову на арэнду і не прыводзіў аргументаў.

“Я прапаноўвала прыйсці да нас у хоспіс і патлумачыць не толькі мне, але і інвалідам, а таксама валанцёрам – чаму наша прысутнасць так яго не задавальняе, – кажа яна. – Магчыма, мы ў нечым не маем рацыі, прынясем прабачэнні і выправім сітуацыю. Але ж трэба хоць ведаць, у чым мы вінаватыя”.

Яна выказвае надзею, што гарвыканкам разбярэцца ў сітуацыі і калі камбінату школьнага харчавання так патрэбна гэтае памяшканне, то яны яго вызваляць і падбяруць іншае.

“Бо нельга губляць той напрацаваны досвед супрацоўніцтва грамадскай ініцыятывы з уладамі ў барацьбе з COVID 19, – падкрэслівае Вялічка. – Гэта адзіны такі досвед у краіне. Ён можа стаць прыкладам для іншых”.

Поделиться: