Фота з адкрытай крыніцы

Летась ва ўкраінскім горадзе Чуднаве, што ў Жытомірскай вобласці, школьніца Алена Прыходчанка на бацькоўскім агародзе неспадзявана знайшла надмагільную пліту аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, аўтара знакамітай кнігі “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага. Свае апошнія гады ён пражыў у гэтым горадзе, але месца яго апошняга спачыну 170 гадоў заставалася невядомым. І вось таямніца адкрылася, а памяць класіка годна ўшанавана – у цэнтры Чуднава паўстаў бронзавы помнік пісьменніку, а мясцовая гарадская рада заснавала медаль Яна Баршчэўскага.

Пісаў ён на беларускай і польскай мовах, жыў і памёр ва Украіне, таму цырымонія ўрачыстага адкрыцця помніка прайшла пад трыма дзяржаўнымі сцягамі, прагучалі таксама тры гімны – Беларусі, Украіны і Польшчы. Помнік з’явіўся з ініцыятывы фонду Марыі Магдалены Радзівіл, які ўзначальвае Аляксандр Сапега. Ён з прадстаўнікамі беларускага грамадскага руху “Разам” і прысутнічаў на цырымоніі. На жаль, Пасольства Беларусі ва Украіне ніякай цікавасці да гэтай культурнай падзеі не выказала (афіцыйнае тлумачэнне – перашкодзіў каранавірус). А першыя медалі Яна Баршчэўскага з рук мэра Чуднава атрымалі Алена Прыходчанка і Аляксандр Сапега, які ўжо спрычыніўся да ўшанавання памяці В.Быкава, Р.Барадуліна, Т.Касцюшкі і другіх выдатных сыноў Беларусі.

Публікацыя — з № 75 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: