Гледачы апладзіравалі ім стоячы.

Падчас нядзельнага маршу салідарнасці ў Гродне быў затрыманы актор Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Сяргей Курыленка разам з сваёй жонкай Валянцінай Харытонавай.

У гэты час у драмтэатры адбываўся спектакль «Вельмі простая гісторыя». Здымак з затрыманнем Курыленкі і Харытонавай хутка патрапіў у сацсеткі і інфармацыя дайшла да тэатру.

Актораў сітуацыя моцна расхвалявала і ў антракце яны прынялі рашэнне спыніць спектакль. Адзін з іх і паведаміў гледачам са сцэны, што акторы спыняюць спектакль, пратэстуючы супраць затрымання сваіх калегаў.

Гледачы апладзіравалі ім стоячы. Праўда, пасля спектакля 8 гледачоў звярнуліся ў касу, каб ім вярнулі грошы за білет.

Па ўмовах кантракту, калі спектакль не адбыўся па віне актораў, то яны самі павінны вяртаць грошы. Але гэтага рабіць не давялося, паколькі знайшоўся фундатар, які аплаціў за білеты тым, хто гэтага запатрабаваў.

Сяргея Курыленку і яго жонку адпусцілі з пастарунка праз тры гадзіны, на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы, адбудзецца суд.

Поделиться: