Юлія Сліўко

На “Гроднапрамбуд” быў арганізаваны адзін з першых страйкамаў у Гродне. Яго ўзначаліла тынкоўшчыца Юлія Сліўко. На прадпрыемстве жанчына адпрацавала 13 гадоў.

Пасля жнівеньскіх падзей каля 500 рабочых “Гроднапрамбуда” падтрымалі ідэю страйка. Юлія распавядае, што такім чынам рабочыя былі настроеныя спыніць насілле над мірнымі пратэстоўцамі і прызнаць незаконнымі вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Яна неаднойчы выступала на мітынгах у Гродне.

Праўда, даволі хутка, як і на іншых прадпрыемствах Беларусі, рабочыя адчулі ціск з боку ўладаў, а старшыня страйкама Юлія Сліўко яшчэ – пагрозы і шантаж.

“Званілі ўначы невядомыя людзі з тэлефона, ў якім не вызначаўся нумар і запалохвалі тым, што з яе сынам можа нешта здарыцца. Распускалі чуткі пра мяне, абяцалі, што дзіця забяруць сацыяльныя службы”, – распавядае Юлія.

Звальнялі яе таксама так, каб адчула сябе прыніжанай. Сліўко ўзяла адзін дзень адпачынку за свой кошт, падпісала заяву ў аддзеле кадраў. А пасля ёй тэлефануюць адтуль і кажуць, што дырэктар заяву не падпісаў, маўляў, будзеш звольненая за прагул. Праўда, у некага ўсё ж хапіла розуму такога не рабіць і звольнілі проста па ўзгадненню бакоў.

Спадарыня Юлія распавяла, што кіраўніцтва прадпрыемства збіраецца такім жа чынам звольніць яшчэ адну актывістку – Людмілу Таранок. Яна, дарэчы, таксама працавала на прадпрыемстве тынкоўшчыцай. У няміласць патрапіла пасля таго, як на адной з жаночых акцый ў Гродне сарвала маску з міліцэйскага аператара, які быў у цывільным. Зараз жанчына адбывае 10 сутак за свой учынак.

Паводле Сліўко, кіраўніцтва прадпрыемства тлумачаць рабочым іх нізкія заробкі ў мінулым месяцы тым, што яна і Таранок, далучыўшыся да агульнарэспубліканскага страйку, “паставілі прадпрыемства на калені”.

Поделиться: