Радзім Гарэцкі. Фота https://www.google.by

Ідучы на сустрэчу з доктарам геолага-мінералагічных навук, акадэмікам Радзімам ГАРЭЦКІМ, я згадваў словы яго дзядзькі Максіма Гарэцкага: “Скарэй набрацца сілухны і пачаць варушыць каменні”. Пляменнік даўно сілы набраўся і камянёў за сваё жыццё зварушыў безліч. І ў пераносным, і ў літаральным сэнсе – сталічны Музей валуноў створаны пры яго ўдзеле. Славуты навуковец, які ведае зямныя нетры Беларусі як свае пяць пальцаў, не застаецца безуважным і да таго, што адбываецца на паверхні. Сваімі думкамі ён пагадзіўся падзяліцца з чытачамі “Народнай Волі”. 

Радзім Гарэцкі: "Я дзякую Богу, што ён даў мне доўгае жыццё і магчымасць убачыць, як абудзіўся мой народ"
У такім атачэнні ў наш час можна пабачыць помнік М.Гарэцкаму ў Мінску.

– Радзім Гаўрылавіч, ужо другі месяц у Беларусі праходзяць масавыя пратэстныя шэсці, шторазу затрымліваюцца сотні людзей, амаль штодня праходзяць суды над імі. Як вы ўспрымаеце ўсе гэтыя падзеі?

– З аднаго боку, мне вельмі балюча на ўсё гэта глядзець. Па мірным Мінску ездзяць бронетранспарцёры, аўтазакі, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны аплецены калючым дротам, як у вайну! Улада неяк неадэкватна ўспрымае сітуацыю. Па вуліцах жа мірны народ ідзе. Людзі так і кажуць: мы выйшлі на мірнае шэсце! За што іх дубасіць? Навошта Лукашэнка аддаў такі загад сваім падначаленым? Колькі ўжо збітых, колькі пакалечаных і параненых, ёсць ужо і забітыя. Жудасныя рэчы… З другога боку, я проста шчаслівы, што дажыў да гэтага часу, калі нарэшце прачнуўся ўвесь беларускі народ. І адчуў сваю моц, зразумеў, што хоча жыць у незалежнай і дэмакратычнай беларускай дзяржаве. Калі я бачу мора бел-чырвона-белых сцягоў, мая душа радуецца.

– У геалогіі ёсць гэткая з’ява – тэктанічны разлом, калі зямная кара разыходзіцца, з-за чаго планету час ад часу скаланаюць землятрусы. Сённяшнія падзеі ў Беларусі можна параўнаць з такім разломам?

– Гэта, безумоўна, разлом. І тут я звярнуў бы ўвагу на такі момант. Раней мы назіралі разлом паміж Лукашэнкам і адносна нешматлікай апазіцыяй (партыямі і рознымі рухамі). А цяпер, гэта вельмі важна, вялізны разлом прайшоў паміж Лукашэнкам і ўсім беларускім народам.

– Калі тэктанічныя пліты разыходзяцца, яны ўжо не зрастаюцца?

– Часам зрастаюцца, але ўжо на другім узроўні. І ўзнікаюць абсалютна новыя канфігурацыі на паверхні зямлі.

– Логіку ўлады часам цяжка зразумець. То яна цісне на спартсменаў, то крыўдзіць вернікаў, не дапусціўшы ў краіну мітрапаліта Кандрусевіча, то студэнтаў зневажае – уводзіць ва ўніверсітэты АМАП. Чым вы патлумачыце такія дзеянні?

– Я некалькі разоў, у другой палове 1990-х, калі быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук, асабіста сустракаўся з Лукашэнкам. І ўжо тады пераканаўся, які гэта нецярпімы да альтэрнатыўнай думкі чалавек. Ужо тады ў ім праяўляліся дыктатарскія замашкі. А для дыктатараў улада – гэта наркотык, нават супернаркотык. І вось, на маю думку, Лукашэнка ўвесь час знаходзіцца пад уздзеяннем гэтага супернаркотыку. Таму без улады ён проста жыць не можа, у яго ломка пачнецца, улада для яго – самае галоўнае. Каб яе не згубіць, ён гатовы на ўсё – біць, катаваць, нават страляць. У змаганні за ўладу ён пойдзе да канца.

– Нядаўна Лукашэнка прыязджаў у Акадэмію навук, сустракаўся з акадэмікамі. Чаму вы не пайшлі на сустрэчу? Сказалі б усё гэта яму ў вочы…

– Мяне на тую сустрэчу не запрашалі. У акадэміі я даўно вядомы як ненадзейны з гледзішча адміністрацыі чалавек. На жаль, кіраўнік акадэміі Уладзімір Гусакоў – перад уладай лапкі ўгору. На сустрэчу былі запрошаны толькі тыя, хто мог задаць зручнае пытанне, сказаць ухвальнае слова. Нязгодных там бачыць не хацелі. Скажам, яшчэ аднаго акадэміка Аляксандра Вайтовіча таксама не паклікалі. А ён жа ў свой час узначальваў акадэмію. З нашага Інстытута прыродакарыстання на сустрэчы прысутнічалі толькі двое, нават дырэктар не быў.

– Кадравыя чысткі дайшлі і да акадэміі – днямі быў звольнены дырэктар Інстытута сацыялогіі Генадзь Коршунаў.

– Для мяне гэта не дзіўна – ён, наколькі мне вядома, падпісаў зварот акадэмічнай супольнасці супраць гвалтоўных дзеянняў улады. А яшчэ перад выбарамі, помніцца, агучыў рэйтынг падтрымкі кіраўніка краіны – 24 працэнты, а Цэнтрвыбаркама – 11 працэнтаў. Што ж, Лукашэнка, як вядома, спецыяліст ва ўсім – і гісторык, і эканаміст, і ваенны… Цяпер, відаць, і сацыялогію асвоіць.

– Мяне ўразіў адказ кіраўніцтва НАН на зварот расійскіх навукоўцаў да беларускай улады з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі ў Беларусі. Вось некалькі вытрымак з таго адказу: “наш народ полностью поддерживает действующего главу государства”, “выходит на улицы кучка разрушителей, управляемых из-за рубежа”, “толпа… чинит беззаконие, провоцирует”. І пры гэтым сцвярджаецца: “наука – вне политики”. Выразы – проста як з прапагандысцкай перадачы па БТ.

– Вось такой, на вялікі жаль, стала наша Акадэмія навук… Многіх расійскіх навукоўцаў, што праявілі салідарнасць з беларускім народам, я ведаю асабіста. Мы працуем над агульнымі тэмамі, робім сумесныя публікацыі. Я ж з’яўляюся таксама і акадэмікам Расійскай акадэміі навук. Там таксама не ўсё ідзе ладам. Але ў нас… Бог ты мой, мы ж збіраемся спецыяльна, каб прывесці статут акадэміі ў адпаведнасць з заўвагамі прэзідэнта!..

– Лукашэнка заўважна акрыяў пасля нядаўняй сустрэчы з Пуціным у Сочы. Як вы лічыце, чаму Расія працягвае падтрымліваць нелігітымнага кіраўніка Беларусі?

– Бо яна не хоча згубіць апошнюю краіну-сатэліта. З краінамі Балтыі Крэмль даўно не знаходзіць агульнай мовы, з Украінай – вайна, няма вялікага сяброўства і з другімі былымі рэспублікамі СССР. Таму Беларусь для Расіі – апошняя надзея. Таму гэтак званая саюзная дзяржава будзе ўмацоўвацца, у тым ліку і ў ваеннай сферы. Вось і цяпер праходзяць беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні на нашай зямлі, на Брэстчыне. Прычым абвешчана, што яны будуць праходзіць штомесяц… І гэта ўжо непрыхаванае супрацьстаянне з ЕС і ўсім Захадам. А зусім жа нядаўна, перад выбарамі, Лукашэнка наязджаў на Расію, выстаўляў сябе змагаром за незалежнасць. Сёння – усё  наадварот. Ізноў яго Расія ратуе, як і ў 1996 годзе. Пуцін паўтара мільярда крэдыту паабяцаў. Але ў самой Расіі столькі ўласных праблем…

– На агульны з Расіяй спіс неўязных спачатку спрабавалі спісаць і забарону на вяртанне ў Беларусь мітрапаліта Кандрусевіча. Цяпер нейкія іншыя прычыны нібыта знаходзяцца. Але яны настолькі няўцямныя…

– Гэта чарговае несусветнае глупства з боку ўлады. Ах, ты ў Польшчу паехаў – ну і жыві там… Як да такога можна было дадумацца? Улада гэтым моцна пакрыўдзіла ўсіх католікаў. А перад гэтым пакрыўдзіла і праваслаўных, змусіўшы да адстаўкі мітрапаліта Паўла. Ён, дарэчы аказаўся сумленным чалавекам, наведаўшы збітых у бальніцы.

– А як вам нядаўні жаночы форум і зацалаваны на ім напамаджанымі вуснамі Лукашэнка?

– Прызнаюся, мяне той форум вельмі здзівіў. Канешне, жанчын звезлі з усёй Беларусі. Але яны так шчыра сустракалі яго, так радаваліся… Паглядзеўшы трошкі той з’езд, я дрэнна спаў. Безумоўна, Лукашэнка – неблагі акцёр і непераўзыдзены дэмагог, ведае, пра што з кім гаварыць.

– Перад жанчынамі ён яшчэ раз пахваліўся сваёй перамогай на выбарах, маўляў, 80 працэнтаў не сфальсіфікуеш.

– Ярмошына магла і 90 працэнтаў налічыць! Пакуль яна кіруе Цэнтрвыбаркамам, яму можна не хвалявацца. Я даўно ўжо не хадзіў на выбары, а сёлета мы з жонкай пайшлі, прагаласавалі. Людзі сапраўды валам ішлі, шмат у каго была надзея на праўдзівы падлік галасоў. А што атрымалася? Колькі было фальсіфікацый! Шмат сумленных людзей, што працавалі ў камісіях, апрылюднілі сапраўдныя пратаколы. Некаторыя з іх апублікаваны, у тым ліку ў “Народнай Волі”. І што? З боку праваахоўнікаў – нулявая рэакцыя. Ці ж так можна? Пáра Лукашэнка–Ярмошына заўсёды будзе перамагаць. Я з асцярогаю назіраю, як ён спяшаецца зрабіць новую Канстытуцыю. Зробіць яе пад сябе, вынесе на рэферэндум, і Ярмошына зноў усё палічыць як трэба.

– Але паглядзіце, якой папулярнай, асабліва сярод моладзі, стала нацыянальная сімволіка, як – упершыню тысячагалоса! – загучаў лозунг “Жыве Беларусь!”, як актуалізавалася тэма незалежнасці…

– Гэта мяне моцна цешыць. Значыць, мы і нашы папярэднікі змагаліся нездарма. Я ж быў сустаршынёй Кангрэсу за незалежнасць. Неяк увечары мяне моцна пабілі невядомыя, выглядаў проста жахліва. Помню свой здымак у нейкай газеце, ён быў падпісаны так: твар беларускай інтэлігенцыі. А перада мною збілі Адама Мальдзіса, яшчэ кагосьці. Адам Восіпавіч іранізаваў тады: мы цяпер недабіткі… Асабліва мяне цешыць, што наша моладзь стала пад бел-чырвона-белы сцяг. Яна бачыць, што ў нас сапраўдная дыктатура, якая прыкрываецца дэмагогіяй і хлуснёй. БТ салаўём заліваецца: у нас тое самае лепшае ў свеце, у нас гэта… А на самай справе у нас прамысловасць рухнула…

– Пачалі ўжо разбягацца замежныя ІТ-кампаніі з Парка высокіх тэхналогій, які даваў у бюджэт падаткаў прыкладна столькі, як і “Беларуськалій”.

– Не, “Беларуськалій” больш за ўсіх даваў. ПВТ узнік адносна нядаўна, а калійшчыкі ўжо амаль паўстагоддзя працуюць. Мы ўвесь час хваліліся МАЗамі, трактарамі, яшчэ нечым. Але ўсё наша машынабудаванне давала краіне менш валюты, чым адзін “Беларуськалій”. Мы ўвесь час на другім-трэцім месцы ў свеце былі. Беларускія калійныя солі куплялі каля 60 краін.

– Мяне ўразіў учынак салігорскага шахцёра Юрыя Корзуна, які на знак пратэсту прыкаваў сябе ў шахце. Пытанне вам як геолагу: ці праўда, што калійныя солі залягаюць на глыбіні слаямі – слой белы, слой чырвоны?

– Ёсць такое, я на ўласныя вочы бачыў. Белы слой і не зусім яркі чырвоны, больш такі буры. Але ў цэлым успрымаецца адназначна. Мільёны гадоў пад зямлёй фарміравалася тая колеравая гама. Бачыце, сам Бог паслаў нам гэты сцяг. І таму цяпер яго так шыбка падхапіў увесь наш народ. Вунь і ў нашым доме з вокнаў бел-чырвона-белыя палотнішчы вісяць. Уздым нацыянальнай свядомасці велізарны. Што ж, дай Божа!

– Якімі недарэчнымі ні выглядаюць дзеянні ўлады, яны выразна скіраваны на тое, каб запалохаць людзей. Якой, на вашу думку, павінна быць усенародная прышчэпка ад страху?

– Прышчэпкай павінна быць наша здольнасць думаць і аналізаваць. Тады мы зразумеем сітуацыю, у якой апынулася краіна. Не трэба быць баязліўцамі! Я ж памятаю яшчэ сталінскія часы, калі ноччу маглі прыйсці і забраць любога. І забіралі, у тым ліку майго бацьку, яго сяброў і паплечнікаў. Але яны, нягледзячы ні на што, працавалі дзеля Беларусі, яны былі поўнасцю адданыя Бацькаўшчыне! Бацькаў сябра гісторык Мікалай Улашчык амаль дваццаць гадоў у лагеры адбыў (разам з педагогам Яўхімам Кіпелем), а выйшаў на волю і засеў за даследаванне беларускіх летапісаў. Помню, мы з Вітаўтам Кіпелем апынуліся поруч на нейкай міжнароднай канферэнцыі. І Кіпель кажа: “Мы тут з табой сядзім у прэзідыуме, а нашы бацькі сядзелі ў ГУЛАГу…”

– Днямі выйшаў у свет ваш двухтомнік пад назвай “Пра сябе, пра жыццё, пра гісторыю”. Уражвае – агулам амаль 1200 старонак! Гэта ўспаміны?

– Так, пераважна гэта аўтабіяграфічныя нататкі. Мой жыццяпіс, кругабéгі, як тата называў перыяды жыцця. Я апісаў чатыры кругабегі – “Сын “ворага народа”, “У Акадэміі навук СССР (Масква)”, “У Акадэміі навук БССР (Менск)” і падзеі часоў незалежнасці, у якіх браў удзел. Двухтомнік выйшаў дзякуючы Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Глебу Лабадзенку і выдавецтву “Медыял”. Дарэчы, выдавецтва мне паведаміла, што два камплекты кніг былі адпраўлены ў Адміністрацыю прэзідэнта.

– Каб жа іх там прачыталі! Можа, вашы кнігі камусьці мазгі ўправяць?

– Наўрад ці. Хутчэй мазгі будуць упраўляць мне. Паколькі ва ўспамінах я многія рэчы называю сваімі імёнамі. Але мне ўжо нічога не страшна, я пражыў амаль 92 гады. Я дзякую Богу, што ён даў мне доўгае жыццё і магчымасць убачыць, як абудзіўся мой народ. Паўтаруся, для мяне гэта вялікае шчасце!

Публікацыя — з № 75 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: