Нядаўна прызначаны Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніамін паспрабаваў паставіць кропку ў канфлікце паміж настаяцельніцай жаночага манастыра ў Гродне ігуменняй Гаўрыілай і япіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім Арцеміем. Сёння ён упершыню ў новым сане наведаў Гродна.

На мінулым тыдні разгарэўся скандал у Гродзенскай епархіі. Настаяцельніца Гродзенскага жаночага манастыра ігумення Гаўрыіла наладзіла збор подпісаў у жаночым манастыры за адкліканне япіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія.

Прычым рабіла гэта ў храме падчас набажэнства. Многіх вернікаў гэта абурыла і яны адкрыта пра гэта выказаліся, напісаўшы свой зварот да мітрапаліта.

Нагадаем, што япіскап Арцемій быў адзіны сярод беларускіх япіскапаў, хто публічна асудзіў насілле над мірнымі пратэстоўцамі і фальсіфікацыю выбараў.

Ігумення ж увесь час з’яўляецца прыхільніцай палітыкі Лукашэнкі і на мінулым тыдні выступіла на праўладным жаночым форуме з непрыстойнай духоўнай асобе крытыкай пратэстоўцаў.

Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін на сваёй старонцы ў фэйсбуку ў Інтэрнэце адмежаваўся ад прамовы ігуменні. А на наступны дзень заявіў, што і збор подпісаў за адкліканне япіскапа не ўхваляецца.

Сёння мітрапаліт Беларускай праваслаўнай царквы Веніамін пасля богаслужэння, адказваючы на пытанне вернікаў аб расколе ў Гродзенскай епархіі, заявіў: “Ніякіх подпісаў, ніякіх процівапастаўленняў – усё. Мы толькі разам, толькі мір. Зараз мы абмяркуем з уладыкам некаторыя царкоўныя пытанні і ўсё”.

Ён таксама выказаўся за тое, каб Гродзенская епархія стала лепшай у Рускай праваслаўнай царкве. З вернікамі мітрапаліт размаўляў на беларускай мове.

Поделиться: