Фота https://www.google.by

У Віктара Суворава, таго самага Суворава, які першы паказаў, што Сталін рыхтаваўся да нападу на Германію, але Гітлер яго апярэдзіў, можна прачытаць, што ў вялікай перамогі агіднае і бруднае мінулае. Ад сябе дадам: чым агіднейшае і бруднейшае ў перамогі мінулае, тым больш пра яе стараюцца маўчаць пераможцы.

Вось скажыце, чаму ні ў Расіі, ні ў Беларусі, ні ў Злучаных Штатах Амерыкі не дзьмуць у фанфары, не б’юць ва ўсе літаўры з нагоды 75-годдзя з дня перамогі саюзных дзяржаў над Японіяй? Чаму не ладзіцца парад на Краснай плошчы? Не перашкодзіў жа каранавірус адзначыць 75-годдзе перамогі над Германіяй…

 Хто дапамог заключыць Пакт трох дзяржаў?

Гісторыя не чорна-белая. Іншы раз ахвяры агрэсіі самі штурхалі агрэсара ўчыніць на іх напад. Так было ў Еўропе. Пасля Першай сусветнай вайны і ўстанаўлення рэспубліканскага ладу самай дэмакратычнай краінай у Еўропе была Германія, але краіны-пераможцы, і перш за ўсё Францыя, вялі такую палітыку ў дачыненні да пераможанай Германіі, што падрыхтавалі глебу для пераходу ўлады ў гэтай краіне ў рукі рэваншыстаў. І гітлераўская Германія жорстка адпомсціла Францыі.

Калі ў Еўропе дзяржавы-пераможцы з былога ворага стварылі яшчэ раз ворага, то на Далёкім Усходзе і Ціхім акіяне яны зрабілі ворагам свайго саюзніка.

У Першую сусветную вайну саюзніцай Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі і Злучаных Штатаў Амерыкі была Японія. Але еўраатлантычныя краіны ніяк не маглі прызнаць, што Японія – таксама вялікая дзяржава, іх раўнапраўны партнёр. Еўрапейскія краіны і ЗША хварэлі на расізм. І калі стваралася Ліга Нацый (1919 год), яны праігнаравалі прапанову Японіі ўключыць у статут гэтай арганізацыі пункт супраць расізму. Гэта не магло не абразіць японцаў.

Потым (1921–1922 гады) была Вашынгтонская канферэнцыя, якая абмяркоўвала пытанні аб марскіх узбраеннях і парадку на Далёкім Усходзе і Ціхім акіяне. ЗША, якія захапілі Гаваі, Філіпіны і драбнейшыя астравы, хацелі ўмацавацца ў Кітаі. Дбаючы пра свае інтарэсы, яны дамагліся скасавання брытанска-японскага саюза. Акрамя таго, былі абмежаваны марскія ўзбраенні. Калі, напрыклад, ЗША будавалі карабель водазмяшчэннем 50 тысяч тон, то Японіі можна было будаваць карабель на 30 тысяч тон.

Японцаў не магло не абураць таксама стаўленне амерыканскіх расістаў да іх суродзічаў, якія з розных прычын паехалі па вайне ў саюзныя Злучаныя Штаты. Такім чынам, былыя саюзнікі расісцкай і імперыялістычнай палітыкай ператваралі Японію ў праціўніка. І таму не дзіва, што Японія стала саюзніцай Германіі ды яшчэ адной пакрыўджанай краіны – Італіі.

Ваенна-палітычны саюз трох дзяржаў быў аформлены Берлінскім пактам 27 верасня 1940 года. Быў у гэтага пакта яшчэ адзін “бацька” – Савецкі Саюз.

Заключыўшы 23 жніўня 1939 года пакт аб ненападзе з Германіяй, кіраўніцтва СССР сакрэтны пратакол да яго зразумела так: раз немцы прызналі Латвію, Літву, Фінляндыю ды Эстонію савецкай сферай уплыву, то чаму б гэтыя краіны не захапіць? І СССР напаў на Фінляндыю, потым, калі Германія была занята ваеннымі аперацыямі на Захадзе, захапіў балтыйскія краіны, адарваў ад Румыніі Бесарабію. Вось гэтага Германія цярпець не магла, бо тысячы немцаў вымушаны былі з Латвіі і Эстоніі перабрацца ў Германію, бо савецкае войска стала на мяжы з Прусіяй, СССР наблізіўся да румынскіх радовішчаў нафты, якія актыўна выкарыстоўвала Германія.

Не магла спакойна пачувацца і Японія разам з залежнай ад яе дзяржавай Манчжоў-го. Відавочна, што хутка давядзецца перапісваць гісторыю савецка-японскіх сутыкненняў каля возера Хасан (1938 год) і ракі Халхін-Гол (1939-ы). Ужо і некаторыя расійскія гісторыкі лічаць, што канфлікты былі справакаваны не Японіяй, як пішуць у падручніках, а Савецкім Саюзам.

Хто пачаў вайну паміж Японіяй і ЗША?

І ўсё ж у 1940-м самай вялікай пагрозай для Японіі быў не Савецкі Саюз, які рыхтаваўся да вайны з Германіяй, а Злучаныя Штаты Амерыкі.

Абражаная сваімі ўчарашнімі саюзнікамі, маладая японская нацыя не магла змірыцца з тым, што яе хочуць адсунуць на другі, а то і трэці план у сусветнай палітыцы. Сваю веліч у той час дзяржава сцвярджала не толькі эканамічнай і ваеннай магутнасцю – вялікай лічылася дзяржава, якая мела таксама разлеглыя каланіяльныя ўладанні.

Японія валодала Карэяй, Паўднёвым Сахалінам, Тайванем, Курыльскімі астравамі і былымі германскімі ўладаннямі на Ціхім акіяне. Але гэтага ёй было мала.

Пэўна, памятаючы, як у ХІХ стагоддзі ЗША абвясцілі, што ўся Амерыка павінна належаць амерыканцам, Японія кіравалася дактрынай, што Азія, прынамсі Усходняя і Паўднёва-Усходняя, павінна належаць азіятам.

У 1931 годзе імператарская армія высадзілася ў Маньчжурыі, якая толькі ўмоўна была часткай Кітая. Пад эгідай Японіі была створана дзяржава на чале з апошнім кітайскім імператарам з маньчжурскай дынастыі.

Дзеянні Японіі ў Маньчжурыі вялі да канфлікту з Кітайскай Рэспублікай. І ў 1937 годзе пачалася япона-кітайская вайна, якая вялася восем гадоў і спынілася толькі 2 верасня 1945-га. Зразумела, што ЗША не жадалі ператварэння Кітая ў японскую калонію ці васальную дзяржаву. І амерыкана-японскі канфлікт пачаў абвастрацца.

Вайну можна весці і без узброеных сутыкненняў. Дык вось, Злучаныя Штаты першыя абвясцілі вайну Японіі, пачаўшы адну за адной уводзіць гандлёвыя санкцыі і дапамагаць Кітаю.

Вядома, што японская эканоміка залежыць ад імпарту сыравіны і паўфабрыкатаў, а таксама энерганосьбітаў. Было забаронена экспартаваць у Японію самалёты, матэрыялы, патрэбныя для авіяпрамысловасці, жалеза, сталёвы лом, станкі, авіябензін. І нарэшце Кангрэс прыняў закон аб кантролі над экспартам. Амерыканскім і неамерыканскім кампаніям забаранілі прадаваць Японіі нафту. А кантроль над выкананнем гэтага закона ўсклалі на ваенна-марскі флот.

Японія абараняе свае інтарэсы

Дзеянне амерыканскага закона аб кантролі над экспартам рабіла непазбежным узброены канфлікт паміж Японіяй і ЗША з Брытаніяй, якая падтрымлівала Штаты. Каб не спыніліся заводы і фабрыкі, японцам належала прабіць дарогу ў брытанскія і нідэрландскія ўладанні (сучасныя Малайзія і Інданезія) да радовішчаў нафты. А без захопу французскага Індакітая і брытанскай Бірмы нельга было спыніць амерыканскія пастаўкі зброі Кітаю.

Яшчэ ў 1933 годзе, калі Ліга Нацый выступіла на баку Кітая, Японія пакінула гэту арганізацыю. Быў узяты курс на нарошчванне ўзбраенняў.

Забягаючы наперад, скажу, што японскі ўрад мала надаў увагі ўзбраенню сухапутных сіл (магчыма, таму, што азіяцкія праціўнікі Японіі былі слабейшыя). У Японіі было вельмі слаба з танкамі. Не мелася аўтаматычнай стралковай зброі. Праўда, тыя, хто ваяваў з японцамі, адзначалі, што яны вельмі трапна стралялі з вінтовак.

Што ж тычыцца флоту, то Японія была адной з трох краін, якія мелі да Другой сусветнай вайны авіяносцы. У ЗША было сем такіх караблёў, пяць з іх у 1942-м патапілі японцы. Вялікабрытанія таксама мела сем авіяносцаў; адзін з іх патапілі японцы, а чатыры – немцы. Што тычыцца Японіі, то тры яе авіяносцы патапілі праціўнікі, а яшчэ тры (падбітыя праціўнікамі) патапілі самі японцы.

Аб тым, што ўзровень японскага караблебудавання быў высокі, сведчаць лінейныя караблі класа “Ямато” і лінейныя крэйсеры тыпу “Конга”, а таксама падводныя авіяносцы (іх было тры тыпы; адзін з іх мог несці тры гідрасамалёты). Авіяпрамысловасць таксама была на ўзроўні. Спецыялісты высока ацэньвалі, напрыклад, японскія знішчальнікі класа “Зэро”.

Такім чынам, Японія была някепска падрыхтавана да вайны з ЗША на моры і ў паветры. Праўда, былі ў Японіі і прыхільнікі дыялогу. Супраць вайны выступаў, бадай, самы таленавіты военачальнік таго часу Ямамота Ісароку. Але і ён мусіў выконваць прысягу, калі было прынята рашэнне аб вайне. Гэта пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны план нападу на амерыканскую марскую базу Пёрл-Харбар на Гаваях (7 снежня 1941 года). Гэтая аперацыя прывяла да таго, што Японіі давялося амаль чатыры гады ваяваць са Злучанымі Штатамі, Вялікабрытаніяй, Аўстраліяй, Канадай, Мексікай, Новай Зеландыяй ды іншымі краінамі. І працягваць вайну з Кітаем.

Узяўшы курс на узброеную абарону сваіх інтарэсаў ад ЗША, Японія 13 красавіка 1941 года тэрмінам на 5 гадоў заключыла з Савецкім Саюзам пакт аб нейтралітэце. Дзякуючы гэтаму пакту, СССР пазбег удару з усходу ў час вайны з Германіяй, а Японія змагла засяродзіць свае лепшыя сілы на іншых напрамках.

Вінаватыя і невінаватыя

Калі пішуць пра Другую сусветную вайну, то звяртаюць увагу на зверствы японскіх акупантаў. Як прыклады называюцца разня ў Нанкіне (паўднёвая сталіца Кітая), выпрабаванні хімічнай і бактэрыялагічнай зброі, медыцынскія доследы на людзях. І сексуальная эксплуатацыя жанчын на так званых станцыях уцех.

Японцы і самі прызнаюць учыненыя імі злачынствы і не адзін раз прасілі за гэта прабачэння.

На шчасце, кітайцы і карэйцы не бралі ўдзелу ў баявых аперацыях на Японскім архіпелагу. Таму яны паўстаюць толькі як ахвяры. Але ахвяры і японцы.

Трэба разумець вывучку японскіх матросаў і салдат. У слоўнікі, бадай, усіх моў увайшло японскае слова “камікадзэ”. Камікадзэ – гэта беспрэцэдэнтны прыклад масавага гераізму і самаахвярнасці ў імя імператара і айчыны. Да гэтага дадамо, што японскія салдаты не здаваліся ў палон. У палон траплялі, як правіла, параненыя і хворыя, а таксама тыя, хто атрымаў загад свайго камандавання падняць рукі ўгору. І нават камандзіраў не заўсёды слухаліся салдаты і афіцэры. Не адзін з іх учыніў самагубства.

У лютым 1945 года амерыканцы пачалі баі за Банінскія астравы і астравы Рукю. Ужо ў бітве за малы востраў Івадзіма, якая працягвалася больш за месяц, амерыканцы ўбачылі, што на тэрыторыі Японіі ваяваць давядзецца за кожны дом, што супраціўленне будзе лютае. І тады амерыканцы ўжылі тактыку выпаленай зямлі. У ноч на 10 сакавіка яны скінулі запальныя бомбы на Токіа. А трэба ведаць, што горад у той час быў пераважна драўляны. Загінула не менш за 80 тысяч жыхароў (некаторыя лічаць, што больш за 100 тысяч). І такі налёт быў не адзін. Усяго амерыканцы бамбілі 67 японскіх гарадоў. У выніку гэтых акцый загінула не менш за 500 тысяч чалавек (пераважна жанчын, дзяцей і старых), а 5 мільёнаў засталіся без жылля.

І ўсё ж дух імператарскай арміі не быў зламаны. У бітве за востраў Акінава Японія страціла больш за 100 тысяч салдат, саюзнікі – ЗША, Вялікабрытанія, Аўстралія, Канада і Новая Зеландыя – больш за 38 тысяч. Загінула палавіна цывільнага насельніцтва вострава, было разбурана 90 працэнтаў будынкаў. Мелі месца масавыя самагубствы. Саюзнікі атрымалі базу для ваенных дзеянняў на астравах Кюсю, Сікоку і Хансю, але яшчэ раз пераканаліся, што іх аперацыі на гэтых астравах прывядуць да велізарных страт. Каб іх пазбегнуць, у Вашынгтоне было вырашана выкарыстаць атамныя бомбы. І гэтыя бомбы былі скінуты на Хірасіму і Нагасакі 6 і 9 жніўня 1945 года. Толькі ў дні выбухаў ў Хірасіме загінула больш за 200 тысяч, а ў Нагасакі – больш за 75 тысяч чалавек. І гэта зноў жа былі пераважна жанчыны, дзеці і старыя.

Ці можна пасля гэтага гаварыць аб слаўнай ці вялікай перамозе Злучаных Штатаў ды іх саюзнікаў?

Маскоўскія ўрвіцелі

Як мы памятаем, ЗША не жадалі ўмацавання Японіі ў Кітаі і таму актам аб кантролі над экспартам справакавалі вайну. Гісторыя пасмяялася з Амерыкі: у выніку яе дзеянняў у Кітаі перамог камунізм.

А дапамог кітайскім (і карэйскім) камуністам амерыканскі саюзнік Савецкі Саюз.

Яшчэ ішла вайна з Германіяй, а Штаты і Вялікабрытанія ўгаворвалі Сталіна пачаць вайну з Японіяй. Сталін, як прадстаўнік краіны, што заключыла з Японіяй пакт аб нейтралітэце, мог стаць пасрэднікам паміж японцамі і амерыканцамі, але яму карцела ўрваць тое, што страціла царская Расія: Паўднёвы Сахалін і Курыльскія астравы. І ён паабяцаў праз два-тры месяцы пасля спынення ваенных дзеянняў у Еўропе напасці на Японію, якая ў цяжкі для Савецкага Саюза час цвёрда выконвала пакт аб нейтралітэце.

СССР напаў якраз тады, калі амерыканцы скінулі на Японію другую атамную бомбу і сыход вайны быў прадвырашаны.

Ці можна назваць слаўнай старонкай парушэнне пакта, паход савецкай арміі пасля двух атамных бомбаў і асабліва пасля таго, як імператар Сёва насуперак армейскай апазіцыі па радыё заклікаў армію і флот спыніць супраціўленне? Да таго ж на Квантунскім паўвостраве, куды рухалася Чырвоная армія, былі размешчаны не самыя баяздольныя часткі імператарскай арміі. І хоць саюзнікі раілі Сталіну пасля спынення баявых дзеянняў адправіць палонных на радзіму, ён адправіў іх у Савецкі Саюз.

У імперскім запале Масква захапіла і тыя астравы Курыльскай грады, якія ніколі не належалі Расіі: Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і граду Хабамаі. Быў у Сталіна яшчэ адзін план. 8 жніўня 1945 года, напярэдадні паходу супраць Японіі, маршал Аляксандр Васілеўскі выдаў загад аб акупацыі другога па велічыні японскага вострава Хакайда. Але тут ужо саюзнікі, перш за ўсё прэзідэнт Гары Трумэн, сказалі рашучае “не”.

Калі для заходніх саюзнікаў перамога над Японіяй бясслаўная, то для СССР і цяперашняй Расіі яна быццам і не перамога. Хацеў СССР устанавіць сваю гегемонію ў Кітаі – не ўдалося; хацеў дыктаваць свае ўмовы ў Карэі – не удалося; захапіў тое, што ніколі Расіі не належала, – атрымаў праблему: мірнага дагавору з Японіяй як не было, так і няма. Вайна нібыта і не скончылася. Імператар Сёва мог паехаць у ЗША, у Вялікабрытанію, у іншыя краіны, з якімі Японія ваявала, а ў СССР і Расію ні ён, ні яго сын не прыязджалі. А каб прыехаў унук, цяперашні імператар Нарухіта, трэба вярнуць Японіі скрадзеныя астравы.

Публікацыя — з № 75 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: