Карэспандэнт “Народнай Волі” пагутарыў з заснавальнікам гандбольнага клуба “Віцязь” і каардынатарам Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, які пасля прэзідэнцкіх выбараў быў вымушаны з’ехаць за мяжу.

– Фактычна я і пачаў збіраць подпісы спартсменаў, якія выступілі супраць гвалту і незаконна абранай улады, – кажа Аляксандр АПЕЙКІН. – Безумоўна, спрабаваў не “свяціць” сваё прозвішча, але і схаваць гэта было складана.

У адзін дзень патэлефанаваў добры знаёмы і папярэдзіў, што мяне могуць у бліжэйшы час затрымаць. Маўляў, дадзены загад са мной разабрацца. Таксама параіў не рызыкаваць і з’ехаць з краіны.

І зараз я бачу, што паступіў правільна, бо цяпер у Беларусі пачалося самае сапраўднае паляванне на ўсіх, хто не падтрымлівае ўладу, найбольш актыўных кідаюць у турму. Нават спартыўных журналістаў, як Сяргея Шчурко, адпраўляюць на “суткі” на Акрэсціна.

Таму і вырашыў з’ехаць за мяжу, каб спакойна працягваць працэс падтрымкі спартсменаў. Лепш аказваць дапамогу людзям, якія цярпяць за сваю грамадзянскую пазіцыю, чым сядзець за кратамі.

– Вы застаяцеся дырэктарам гандбольнага клуба?

– Я зараз маю статус заснавальніка, але функцыі кіраўніка выконвае іншы чалавек. Зняў з сябе гэтыя паўнамоцтвы, таму што не магу паўнавартасна кіраваць клубам.

Акрамя таго, не хочацца, каб былі нейкія пытанні да людзей, якія не маюць ніякага дачынення да ўсёй маёй дзейнасці.

– Наколькі складана было прыняць рашэнне аб ад’ездзе за мяжу?

– Калі ты выбіраеш паміж воляй і няволяй, то мой выбар відавочны і лагічны. Лепш з’ехаць і працаваць, чым чакаць, калі за табой прыйдуць. Разумеў таксама, што маглі забраць у СІЗА і затым прыпісаць усё што заўгодна. Але ў мяне была магчымасць пакінуць краіну, і я ёй скарыстаўся.

– Раіліся з камандай наконт свайго рашэння?

– Не, бо на гэта нават часу не было, усё адбывалася даволі хутка. Калі з розных крыніц пайшлі сігналы пра небяспеку, то рашэнне давялося прымаць умомант. У мяне было літаральна некалькі гадзін, каб сабрацца.

Спадзяюся, я з’ехаў усяго толькі на нейкі час і хутка змагу вярнуцца дадому, каб нармальна жыць у нармальнай Беларусі. Мне падаецца, што сітуацыя ў краіне зменіцца, таму пакуль няма адчування, што з’ехаў назаўжды. У мяне такое ўражанне, што пераехаў у суседні дом, бо ўсё кола знаёмстваў, парадак дня фактычна засталіся такімі ж, як і тады, калі быў у Мінску. Я проста тэрытарыяльна аказаўся ў бяспечнай зоне.

– Пасля выбараў ваш клуб таксама выступіў з заявай, у якой асудзіў гвалт і фальсіфікацыі. Наступстваў не было?

– Найперш з прэтэнзіямі патэлефанаваў кіраўнік Федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў. Але я разумеў, якога гатунку гэтыя людзі, таму і аналізаваць не было чаго. Гэтыя людзі ўпэўнены: калі ты не галасуеш за Лукашэнку, то гэта здрада.

Здрада каму? Здрада чаго? Гэта зусім невытлумачальныя паняцці, якія ёсць у галовах асобных людзей. Яны не могуць і не хочуць разумець, што ёсць Канстытуцыя і ёсць заканадаўства. Ёсць грамадства і альтэрнатыўнае меркаванне. Яны мяркуюць, што ёсць толькі адзін правадыр і, што б ён ні рабіў, яго ўсё роўна ўсе павінны падтрымліваць.

Фактычна на гэта Канаплёў і ціснуў. Выказваў мне нейкія эмацыйныя прэтэнзіі, хаця я да гутаркі быў ужо падрыхтаваны і задаваў яму цалкам аргументаваныя пытанні. Калі выбары не сфальсіфікаваны, то чаму ва ўлад такі страх перад грамадствам? Чаму збівалі людзей?

– І што адказаў Канаплёў?

– Адказы былі прыкладна такія: а ты бачыў фальсіфікацыі? Сам бачыў, што збівалі? З такім поспехам у мяне можна было спытаць: а ты сам бачыў, што забілі Кенэдзі? Можа, я і не бачыў, але ж ёсць вялізная колькасць рэальных сведак.

Хаця Канаплёву, відаць, было нецікава пачуць, што будучыню краіны павінны вырашаць не людзі з пенсіённага фонду, а самі беларусы. І, ведаеце, я нават не крыўдую на Канаплёва. Мне абсалютна зразумела, што ён адстойвае і што баіцца згубіць. Але я веру, што іх час ужо адыходзіць. Хаця і чапляюцца за ўладу пасінелымі пальцамі.

Праўда, у дачыненні да “Віцязя” ніякіх рэпрэсій не было. Нават калі праводзілі акцыю салідарнасці падчас матча з БГК імя Мяшкова (пасля стартавага свістка каля хвіліны абедзве каманды не гулялі), усё закончылася толькі тым, што ў спартыўную залу выклікалі АМАП.

– А АМАП навошта?

– Не ведаю, магчыма, чакалі нейкіх правакацый, але натуральна, што такія дзеянні былі залішнія. Гэта напалохала і ігракоў, і балельшчыкаў.

Я назваў бы гэта рэакцыяй няўпэўненых людзей. Чалавеку, які сапраўды ўпэўнены ў сваёй перамозе і сваіх паўнамоцтвах, не патрэбна выклікаць АМАП. Калі ты сапраўдны лідар, то зможаш пагутарыць з людзьмі і без дубінак. А калі баішся слухаць гэтую аўдыторыю, бо ў цябе няма ніякіх аргументаў, то тады проста бароніш сябе з дапамогай сілавых метадаў.

– Уся каманда выступіла адзіным фронтам?

– Так, у нас сабраўся калектыў аднадумцаў. І, як мне падаецца, кожны нармальны чалавек, які здольны прааналізаваць сітуацыю пасля выбараў, можа сказаць, што сёння адбываецца ў краіне. Адбыліся злачынствы, і мяне здзіўляе, калі знаходзяцца людзі, якія кажуць: нічога страшнага не адбылося, мы не можам нешта змяніць… Мне падаецца, што ў такіх людзей ёсць маральныя праблемы.

Дарэчы, мне часам казалі так: “Ты заснаваў нейкую апазіцыйную каманду”. І я адказваў: “Мы – не апзіцыйныя, а нармальныя. Гэта ў вас з вашым светапоглядам і мараллю праблемы”. Калі ты выказаў сваю пазіцыю, то гэта апазіцыйнасць?

– Калегі з іншых каманд вас не падтрымалі?

– Па сутнасці, усе ставяцца да нас з разуменнем, але ў людзей ёсць страх. Яны баяцца страціць працу, кантракты. Не магу пра ўсіх казаць, але ведаю дакладна, колькі людзей з беларускага гандбола падтрымліваюць і агульнаграмадскую пазіцыю, і наш клуб.

Але хочацца, каб спартсмены і публічна выказвалі свае думкі. Гэта вельмі важна для грамадскасці і для спартсменаў, якія ўжо выказаліся. Больш за 500 спартсменаў падпісалі ліст супраць гвалту і беззаконня, і можна палічыць, колькі там дзеючых гандбалістаў. Не так шмат.

Дарэчы, у асноўным подпісы ставілі дзяўчаты з нацыянальнай зборнай. А вось з мужчынскай зборнай наогул няма нікога. І ад гэтага трохі сумна. Бо што, напрыклад, чыноўнік можа зрабіць чалавеку, які гуляе ў замежным клубе? Нічога. Таму хтосьці страчвае свабоду, а хтосьці баіцца пасварыцца з кіраўніком федэрацыі.

Хаця я бачу, што, як правіла, маўчаць тыя, хто вялікіх вышынь у спорце не дасягнуў. Яны разумеюць, што, калі згубяць працу, то ім будзе складана знайсці сябе ў гэтым жыцці. Многія ў душы падтрымліваюць цябе, але гучна пра гэта не заяўляюць.

– Чым вы займаецеся за мяжой?

– Я – каардынатар Фонду спартыўнай салідарнасці, таму ўвесь час прысвячаю менавіта гэтаму. Збіраем дапамогу для прадстаўнікоў спартыўнай галіны, якія страцілі працу альбо патрапілі пад рэпрэсіі. Такіх ужо назбіралася каля 30 чалавек.

Дапамагае спартыўная супольнасць са ўсяго свету, праводзім аўкцыёны, на якіх спартсмены выстаўляюць свае лоты. Усе грошы ідуць у фонд на падтрымку рэпрэсаваных спартсменаў і трэнераў.

Фактычна стварылі спартыўны прафсаюз, які павінен быў з’явіцца ў Беларусі ўжо даўно. Таму ва ўсім дрэнным можна знайсці і нешта станоўчае. Зараз адбыўся штуршок да стварэння супольнасцяў. І адна з іх – спартыўная. Мы ўбачылі кансалідацыю людзей, якія раней ведалі адзін аднаго толькі візуальна. Пайшоў абмен меркаваннямі, абмен дзеяннямі, людзі аб’ядналіся вакол адзінай ідэі. І шмат хто з іх досыць вядомы ў свеце.

– Які выпадак ціску на спартсменаў ці трэнераў вас найбольш абурыў?

– Гісторыя з Андрэем Краўчанкам, калі сярэбранага прызёра Алімпіяды па сутнасці вымусілі звольніцца. Не вельмі прыемная сітуацыя з плыўчыхай Аляксандрай Герасіменяй, калі на розных падставах ёй адмаўляюць у арэндзе басейнаў у школах для трэніровак дзяцей. Пад рэпрэсіі спартыўных чыноўнікаў патрапіла і трыятланістка Валянціна Зелянкевіч.

Мяркую, нікога не пакінула раўнадушным сітуацыя з пазбаўленнем прэзідэнцкай стыпендыі галоўнага трэнера зборнай Беларусі па фрыстайле Мікалая Казекі, які раней крытыкаваў дзеянні ўлад.

Шмат выпадкаў, калі не працягваюць кантракт, ціснуць, пагражаюць, што створаць невыносныя ўмовы для трэніровак.

А гісторыя са спартыўным журналістам Сяргеем Шчурко, якога адправілі на 15 сутак за актыўную грамадзянскую і журналісцкую пазіцыю, – гэта ўвогуле абсурд! Не выключана, што пасадзілі за рэзананснае інтэрв’ю з біятланісткай Надзеяй Скардзіна. Яна таксама выказала ўсё, што думае пра гэтую ўладу.

– На ваш погляд, чым закончыцца сённяшняе супрацьстаянне ў краіне?

– Мы бачым, што частка грамадства праз гвалт і рэпрэсіі бароніць сваю ўладу, але не думаю, што гэта можа доўга працягвацца. Немагчыма кіраваць краінай, калі няма нацыянальнай згоды. Можа быць, сітуацыя зменіцца не так хутка, як мы жадаем, але яна ўсё роўна зменіцца.

– Калі збіраецеся вярнуцца дадому?

– Дакладна не ведаю, але вярнуся абавязкова. Тут мой дом, тут мой клуб…

Публікацыя — з № 75 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: