Гомель. Акцыя пратэсту

21 верасня ў Гомелі праходзяць суды над затрыманымі напярэдадні ўдзельнікамі мірнай дэманстрацыі.

У судзе Савецкага раёна, паводле телеграм-канала «Гомель перемен!», пакаралі ўжо пяцёх: Кацярына Каранеўская і Кацярына Макушкіна аштрафаваны на 270 рублёў кожная, Яўген Гатоўкін атрымаў трое сутак арышту, Станіслаў Пурынок – 5, Вадзім Васільеў – 7.

Паплечнікі вядомага ў горадзе грамадскага актывіста і палітыка Васіля Палякова паведамілі, што той жа Савецкі суд пакараў яго 15 суткамі арышту на падставе ч. 3 артыкула 23.34 КаАП. Гэта трэці арышт палітыка ад пачатку выбарнай кампаніі. Палякова міліцыя затрымала пасля акцыі, калі ён ішоў дахаты.

У Чыгуначным РАУСе на выяздным пасяджэнні асудзілі Наталлю Паруль і Святлану Нарскіну. Наталлі далі штраф, Святлане – суткі, але колькі дакладна, пакуль невядома. Жанчын учора схапіў АМАП. Пакуль працаваў мабільнік, Святлана і Наталля запісалі ў аўтазаку перад ІЧУ і перадалі на волю дзве беларускія песні ва ўласным выкананні – “Купалінку” і “Пагоню”. Наталля – валанцёрка, яна раздавала на акцыі ваду, хоць сама мае інваліднасць. Жанчыне патрэбныя былі лекі, аднак міліцыя адмовілася іх прыняць ад прыяцелькі.

Незарэгістраваны праваабарончы цэнтр “Вясна” наведаміў, што ў Гомелі на нядзельнай акцыі пратэсту затрымалі 23 чалавекі.

Поделиться: