Фота: Лятучы універсітэт

Складваецца ўстойлівае ўражанне, што нароўні з палітычнай рэвалюцыяй у Беларусі адбываецца і рэвалюцыя культурная. Апошнія падзеі ў краіне выклікалі проста выбух народнай творчасці. Плакаты малююцца літаральна на каленцы, песні, прысвечаныя нашым актуаліям, узнікаюць ледзь не штодня. Кліпы, відэаролікі, плакаты, анекдоты — народная творчасць выяўляецца ў самых розных формах і відах.

Што азначае такі культурны ўсплёск? Што ад яго застанецца, калі «хваля спадзе»? Ці многае з гэтага ўвойдзе ў скарбонку беларускай гісторыі і культуры? Гэта мы спрабуем асэнсаваць з культуролагам і крытыкам Максімам Жбанковым.

— Тое, што адбываецца на вуліцах — уздым крэатыву, перформансных акцыяў, пераназыванне плошчаў і сквераў, безліч твораў, добрых і не вельмі. Няўжо ў беларусаў прачнулася не толькі годнасць, але і творчы пачатак?

— У любой сітуацыі рэвалюцыйнага ўздыму адбываецца поўная дэвальвацыя і абясцэньванне ўсіх звычайных структур кіравання грамадствам, яго арганізацыі і стварэння нейкіх культурных узораў. Ранейшыя матрыцы не значаць практычна нічога — і гэта тое, што мы назіраем цяпер. Адначасова адбываецца — у самых розных вымярэннях — самаарганізацыя. На фоне разбурэння звыклых структур канструявання сэнсаў адбываецца рэзкі ўзлёт народнай творчасці.

Мы гэта бачым у выглядзе палітычнай актыўнасці, мы гэта бачым у сітуацыі альтэрнатыўных фарматаў узаемадапамогі і, натуральна, мы гэта бачым у фармаце творчасці. Той крэатыў, пра які вы кажаце, — гэта маркеры новай рэальнасці. Гэта вопыты самавызначэння людзей, аб’яднаных агульнай ідэяй, агульным перажываннем у сітуацыі, калі гатовых пропісаў, гатовага слоўніка, які звычайна пастаўляе тое, што мы называем індустрыяй культуры, проста няма.

Тут пачынаецца вельмі цікавая праца, напрыклад, з крэатыўным архівам. Тыя ж «Перамен» Цоя, запісаныя бог ведае калі, цяпер становяцца адным з галоўных лейтматываў гэтага рэвалюцыйнага саўндтрэку. З іншага боку, мы бачым, як па-новаму граюць старыя ўзоры кшталту «Муроў». Яны таксама ўзнікалі спачатку ў версіі каталонскай, потым у версіі польскай, цяпер існуе тры-чатыры беларускія варыянты.

Гэта значыць, ідзе актыўнае засваенне і перапрацоўка таго, што ўжо было напрацавана ў рамках альтэрнатыўнай, пратэстнай культуры іншых краін. А з іншага боку, ідзе і ўсплёск гарадской фальклорнай творчасці. Усе гэтыя лозунгі, якія мы бачым на нядзельных мітынгах, усе формы графіці, перфамансіўныя рэчы, упрыгожванне вуліц белымі і чырвонымі стужкамі — усё гэта можна назваць вопытам сімвалічнага абазначэння прысутнасці ў гарадскім ландшафце (у першую чаргу гарадскім), цалкам новай сітуацыі, новых знакаў новага часу. Можна сказаць, што гэтая нефармальная культура перахапляе ініцыятыву ва ўжо канчаткова загінулай афіцыйнай, дзяржаўнай культуры, якая страціла сэнс і сэнсавую легітымнасць.

Тыя масавыя ўцёкі, якія мы назіраем у асяроддзі шоўменаў, тэлевядучых і іншых творчых людзей, што сыходзяць з ранейшай гульні, — таксама паказчык магутнага ўсплёску эмацыйнай нязгоды, якая адлюстроўваецца ў тым ліку ў артавых формах, формах вулічнага мастацтва, мітынгавай творчасці, у формах песенных.

— Новыя песні, новыя формы… З аднаго боку, усплёск творчасці, па матывах сённяшняй сітуацыі напісана ўжо некалькі дзясяткаў песень, мой любімы J:Mors выдаў ужо дзве. З іншага боку, «Вставай» «Акіяна Эльзы», напісаную ў падобнай сітуацыі, слухаюць да гэтага часу. Наколькі даўгавечная такая культура і такія творы?

— Цяжка казаць — у першую чаргу таму, што парадак дня ў нас зусім іншы, чым быў ва Украіне. Ва Украіне асноўны пафас — гэта лірычныя баявыя песні. Гэта песні, што мабілізуюць, песні, што фіксуюць магутны грамадскі трабл і заклікаюць яго паправіць. У нас парадак дня зусім іншы: усе генералы нашай рэвалюцыі казалі, што ў нас мірна, у нас па законе, у нас усё спакойна. І таму ваш любімы J:Mors з Лявонам Артуравічам складае гэтыя плаксівыя песенькі кшталту «Спазніліся зноў».

І таму Шаркунова лапоча: «Нас мала, але мы ёсць». Прабачце, нас мала? Якога чорта, пра што гаворка? Мне здаецца, што вось гэтая нашая «белая і пухнатая» рэвалюцыя пакуль спараджае сувымерныя сабе белыя і пухнатыя песенькі, якія могуць быць мілымі, але ў якіх няма ўнутранай энергетыкі.

А з іншага боку, з’яўляюцца, на маю думку, фэйкавыя і спекуляцыйныя «баявыя песні» кшталту «Жыве» TOR BAND, калі фактычна ідзе тупая раскрутка хай нават сто разоў правільнага лозунгу. Але ад таго, што мы яго дзвесце разоў паўторым пад сечаны рытм, ён не стане больш пераканаўчым.

На маю думку, новай сэнсавай глыбіні, новага фактару — а менавіта гэта і адрознівае пратэстную культуру, культуру супраціву — у нас няма. Няма, і таму Вайцюшкевіч, калі прыязджае на вядомую Плошчу Перамен, што спявае? Усе тыя ж «Муры», «Купалінку» — стары лайтовы рэпертуар.

У гэтым, напэўна, ёсць і сіла гэтай сітуацыі, яе арыгінальнасць. Таму што ўсе разводзяць рукамі і кажуць: «Якія малайцы беларусы, нават баявыя песні прымудраюцца ператварыць у калыханкі!» Ці наадварот — калыханкі зрабіць баявымі песенькамі. Смешна, дзіўна, ні на што не падобна. Але для мяне гэта трывожны знак, таму што за ўсёй гэтай мілатой, за гэтым нашым памяркоўным лірызмам я не бачу энергетычнай моцы, імпульсу, які можа рэальна прывесці да змены цяперашняга стану. А калі гэтага няма, то ўсе нашы слаўныя песенькі і выдатныя артысты застаюцца дэкаратыўным бонусам, мілым дадаткам да сітуацыі, якую яны паправіць не ў сілах і якую яны не мяняюць. Таму ў мяне дваістае стаўленне да ўсіх гэтых рэчаў.

Так, пішуць шмат ласкавага, але гэта не песні барацьбы, не песні рэвалюцыі. Рэвалюцыйны саўндтрэк у першую чаргу, напэўна, робяць не аўтары — яго робяць абставіны. Калі сітуацыя становіцца баявой, тады песні прыходзяць самі, і нават рэчы, здавалася б, не разлічаныя на баявы запал, пачынаюць гучаць па-іншаму.

«Bella ciao» — класічны прыклад. Мяккая, ласкавая песенька, чалавек сыходзіць у горы, напэўна, у партызаны — і раптам стала гімнам супраціву. Свайго чылійскага «Venceremos» у нас няма, і я думаю, што ў гэтай сітуацыі і не з’явіцца. А баявы лірызм наш, да якога, як да «Акіяна Эльзы», нам трэба яшчэ дарасці, — я думаю, пытанне будучыні. Гэта не сённяшні парадак дня.

— У той жа час з’яўляюцца не тое што культурныя — нават камерцыйна паспяховыя культурныя праекты. Скажам, «дубінапіс» «Беларусь» расійскага мастака Арцёма Ласкутова прададзены за шалёныя 40 тысяч даляраў…

— Таксама складанае пытанне, таму што трэба выдатна разумець: у цяперашняй сітуацыі тыя, хто плаціць за гэтыя творы, укладваюцца не ў мастацкія якасці — яны ўкладваюцца ў падтрымку падзеі. І тут вельмі цяжка развесці эстэтычную значнасць і камерцыйную каштоўнасць. Часцей за ўсё яны аказваюцца непадзельна звязанымі. Людзі такім чынам укладваюцца ў рэвалюцыю — гэта цалкам справядліва і правільна. Іншая рэч, што на гэтай хвалі з’яўляецца дастатковая колькасць гатовых згуляць на модным трэндзе: узяў белы ліст, мазнуў чырвоным — і ты ўжо актуальны мастак. У гэтым ёсць момант спекуляцыі.

І не трэба забывацца, што існаванне арт-рынку ніхто не адмяняў. І на гэтым арт-рынку працуе разлік на актуальнасць і запатрабаванасць. Цяпер у нас актуальная і запатрабаваная рэвалюцыйнасць — можна выказаць здагадку, што значная колькасць удзельнікаў арт-рынку проста будзе выкарыстоўваць гэтую сімволіку абсалютна прагматычна. Не таму, што гэта з’яўляецца часткай іх перакананняў або прынцыпаў — проста цяпер гэта ў трэндзе. ОК, мы будзем рабіць трэнд.

У прынцыпе, гэта і добра, бо прыцягвае ўвагу да нашай сітуацыі. А з іншага боку, не трэба перабольшваць грамадзянскую моц гэтых работ. Таму што ў кожным канкрэтным выпадку, можа быць, у аўтара ёсць уласны разлік. І яго цяжка ў гэтым вінаваціць.

— Па-мойму, сітуацыя ў Беларусі адрозніваецца тым, што гэта, я б сказала, жаночая рэвалюцыя. Пачынаючы ад «трох грацый» — Святланы Ціханоўскай, Машы Калеснікавай і Веранікі Цапкала — у перадвыбарчы перыяд і заканчваючы жаночымі маршамі, ланцугамі салідарнасці, кветкамі…

— Перш за ўсё давайце ўспомнім, што ніхто не замаўляў жаночай рэвалюцыі. Жанчыны пачалі выходзіць, калі мужчын пачалі біць, саджаць і забіваць. Тут усё ж першасны, мне здаецца, сацыяльны крызіс, палітычны ступар. Першасна гэта дзікі цынізм улады. Першы жаночы ланцуг узнік пасля 10 жніўня, пасля жудасных расстрэлаў на Пушкінскай і каля ўніверсама «Рыга». Гэта была зваротная рэакцыя, гэта быў фідбэк.

Я пагаджуся, што гэта было мужна, гэта было ярка і так, гэта было прыгожа. Але наогул мне здаецца, тое, што адбываецца цяпер… Я раней пісаў пра нашую культурную сітуацыю, абазначаючы яе — найперш, кажучы пра афіцыйную культуру — як сітуацыю «ноў стайл». Няма ніякага стылю, няма ніякіх каштоўнасцяў, абсалютны эстэтычны ідыятызм і калгасны абсурд. А тут у нас, на маю думку, рэвалюцыя стылю. Тыя рэчы, што адбываюцца, пачынаючы ад дыджэяў, якія ўрубілі «Перамен» Цоя на афіцыйным свяце ля кінатэатра «Кіеў» — гэта рэвалюцыя стылю, гэта ланцуг дзіўна прыгожых, эстэтычных акцый.

Заўважце, рэальнага палітычнага руху апошнім часам практычна няма, тут відавочная прабуксоўка сітуацыі. І на гэтым фоне з’яўляюцца новыя магутныя знакі, магутныя маркеры новай сітуацыі, і сітуацыя, перш чым стаць змененай палітычна, змяняецца стылістычна. Яна становіцца насычанай зусім іншай прыгажосцю — дзіўнай, трывожнай, траўматычнай, але яна ўзнікае пастаянна.

Тое, што ўвесь час узнікаюць графіці, тое, што на Плошчы Перамен пастаянна замазваюць малюнак дыджэяў, а ён усё ўзнікае і ўзнікае, зусім ідыёцкая барацьба са сцягамі ў дварах — што гэта такое? Гэта барацьба з новым стылем.

Гэта важна, а што жаночы твар у гэтага стылю — гэта цалкам заканамерна, таму што, па-мойму, тая жаночая тройка, якая выходзіла на выбары як лідары пераменаў… З аднаго боку, гэта вельмі прыгожа, з другога, гэта цалкам нармальны ход. Як падбіраюцца поп-банды? Адзін бландзін, другі брунет, трэці руды — атрымліваюцца «Іванушкі Інтэрнэшнл» ці «Віа-Гра». Тры розныя тыпажы, тры розныя вымярэнні тэмы, і кожная працуе на гэтую тэму. Я гэта да таго, што ў нашай сітуацыі пачынаюць працаваць не столькі палітычныя тэхналогіі, якія ў нас рэалізуюцца, як паказвае практыка, з вялікімі складанасцямі, і атрымліваецца часцей за ўсё не тое, што заказвалі, а ў першую чаргу працуюць тэхналогіі медыйныя, тэхналогіі візуальнага арту, тэхналогіі, калі хочаце, публічнай прамоцыі. На маю думку, можна сказаць: тое, што адбывалася да выбараў, было выдатнай рэкламнай кампаніяй пераменаў.

А потым паўстала новая сітуацыя, пачалі біць, саджаць, забіваць. Потым выходзяць белыя жанчыны, пачынаецца гэты рух, а потым… А хто ведае, што будзе потым. Пакуль — спяваюць на вуліцах і, дзякуй богу, не саджаюць дзяцей у дзіцячых садках. Але, як мы бачым, ва універсітэтах за песні вінцяць.

Сітуацыя цікавая тым, што адказаць на эстэтычны жэст адэкватна можна толькі параўнальным па сіле эстэтычным жэстам. Якога ва ўлады па вызначэнні няма і ніколі не будзе. Яна адказвае на эстэтыку дубінкамі і тым ярчэй падкрэслівае агульны абсурд сітуацыі. Так не выйграюць, так не перамагаюць.

З іншага боку, і песня супраць дубінкі — слабая зброя.

— Ці можна сказаць, што мы цяпер ствараем новую культуру?

— Новая культура — іншая культура — існавала ўвесь час, пакуль Лукашэнка быў ва ўладзе. Гэта называлася культурнай альтэрнатывай, культурным партызанствам, андэрграўндам — як заўгодна. Цяпер гэтая культура — іншая культура, якая была маргінальнай — становіцца мэйнстрымам. Цяпер абсалютным ідыётам выглядае чалавек з чырвона-зялёным сцягам, які абсалютна шчыра ўпэўнены, што гэта яго сцяг; непрыстойна выглядае той, хто кажа, што міліцыя робіць усё правільна; абсалютна непрыстойным і дзіўным становіцца чалавек, які захапляецца Саладухам.

Фактычна, мы атрымліваем перазагрузку культурнай матрыцы. Цяпер мэйнстрымам, вядучым становіцца трэнд, які раней быў альтэрнатывай.

Калі ў рамках палітычнай рыторыкі кажуць, што «мы большасць», я магу тое самае сказаць у плане культуры. Цяпер бел-чырвона-белае — гэта нармальна, а вось чырвона-зялёнае — гэта паталогія. Адпаведна, выбудоўваецца новы спіс герояў. Тыя ж дыджэі пераменаў, тыя ж вулічныя графітчыкі, тыя хлопцы, што кожны вечар ладзяць у сваіх дварах спевы з ліхтарыкамі…

Самае цікавае ў гэтай культуры — у яе няма капітана, у яе няма генералаў, і яе немагчыма забараніць і перасаджаць, таму што гэта ўжо тэрыторыя нацыі, тэрыторыя боства. Фактычна, адначасова з фарміраваннем палітычнай нацыі ў поўным аб’ёме адбываецца фарміраванне новага нацыянальнага стылю.
Мы ўвесь час плакаліся, што ўсё, што ў нас ёсць, — гэта архівы, гэта фальклор, гэта заўчарашняя культура, вясковая сентыментальнасць. А цяпер у поўны рост узнікае актуальная гарадская культура, культура новай еўрапейскай нацыі.

Поделиться: